Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец «аштрафаваў» беларусаў за «прагляд порна» на больш як 50 тысяч рублёў. Плацілі амаль усе


Сьледчы камітэт паведаміў 22 жніўня пра завяршэньне расьсьледаваньня дзейнасьці беспрацоўнага 21-гадовага грамадзяніна Расеі, які з дапамогай шкоднай праграмы «штрафаваў» грамадзян Беларусі нібыта за «прагляд і захоўваньне забароненых законам матэрыялаў».

Сьледчыя сьцьвярджаюць, што мужчына прыехаў у Беларусь мэтанакіравана, здымаў у Менску кватэру, займаўся «штрафаваньнем» паводле дамовы з працадаўцам з Масквы. Са здымнай кватэры ён распаўсюджваў шкодныя праграмы, што працавалі на кампутарах і мабільных прыладах, блякавалі гэтыя прылады і патрабавалі сплаціць штраф у сярэднім памеры 50 беларускіх рублёў.

Цягам двух месяцаў падазраваны «аштрафаваў» 649 прыладаў. Сьледчыя высьветлілі, што больш як 600 пацярпелых сплацілі «штрафы» ў поўным ці частковым памеры. Агульная сума, якой зьбіраўся завалодаць фігурант справы, перавышае 50 тысяч рублёў.

Падазраваны пад вартай, ягоныя дзеяньні кваліфікаваныя як крадзеж у асабліва буйным памеры, учынены групай асобаў па папярэдняй змове ў асабліва буйным памеры з кампутарным сабатажам, а таксама распрацоўка шкодных праграмаў. Паводле Крымінальнага кодэксу, яму пагражае ад 6 да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Плаціць хакерам непажадана ня толькі таму, што гэта падтрымае іхную дзейнасьць. Яны ніяк не гарантуюць, што пасьля выплаты вернуць доступ да акаўнтаў. Напрыклад, вірус «Пеця» патрабаваў выкуп нават тады, калі паштовую скрынку для сувязі заблякавалі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG