Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 2016 год колькасьць «порназлачынстваў» у Беларусі вырасла на 38%. Што такое порна


У 2016 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 721 злачынства, зьвязанае з распаўсюдам альбо рэклямаваньнем парнаграфіі, расказала на «Альфа-радыё» прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова. Ейныя словы перадае Tut.by.

Такая колькасьць зарэгістраваных «порназлачынстваў» рэкордная: у 2009 годзе іх было выяўлена 157, у 2010-м — 207, у 2011-м — 238, у 2012-м — 213, у 2014-м — 342, у 2015-м — 522. Таксама штогод выяўлялася некалькі дзясяткаў злачынстваў, зьвязаных зь дзіцячай парнаграфіяй: 32 у 2015 годзе, 57 у першым паўгодзьдзі 2016-га (зьвесткі за цэлы 2016 год не прыводзяцца).

Паводле прэс-сакратаркі Вярхоўнага суду, за злачынствы па артыкулах 343 (распаўсюд порна) і 343-1 (распаўсюд дзіцячага порна) КК РБ у 2016 годзе было асуджана 340 чалавек, у 2015-м — 225.

«Порназлачынствам» можа лічыцца захоўваньне на сваёй старонцы «ЎКантакце» нават адной карцінкі, якую экспэртыза палічыць парнаграфічнай. Менавіта за адну такую карцінку жыхарка Горадні нядаўна атрымала два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год, а таксама 690 рублёў штрафу.

Парнаграфія цяпер час ад часу зьяўляецца ў справах, зьвязаных з грамадзкімі актывістамі: цяпер міліцыя правярае, ці распаўсюджваў яе грамадзка-палітычны цэнтар «Прававая ініцыятыва». Вінаватымі ў распаўсюдзе парнаграфіі прызнавалі блогера Эдуарда Пальчыса (ён разьмясьціў карцінкі з антыбеларускіх суполак, каб прадэманстраваць іхную абразьлівасьць), былога актывіста НБП Дзьмітрыя Паліенкі, затрыманага на акцыі раварыстаў «Крытычная маса» (парнаграфія ў справе зьявілася не адразу).

За распаўсюд парнаграфіі, захоўваньне з мэтай распаўсюду, выраб ці яе рэклямаваньне можа пагражаць да 4 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч.2 арт. 343 КК. Захоўваць парнаграфію «бяз мэты распаўсюду», як і праглядаць яе, Крымінальны кодэкс не забараняе, хоць і не апісвае, як вызначаецца наяўнасьць ці адсутнасьць намеру распаўсюджваць яе. Ганчарова пераконвае, што злачынствам лічыцца наўмыснае дзеяньне, а «выпадкова націснутая кнопка» нібы не пацягне крымінальнай адказнасьці.

Паводле Ганчаровай, асноўная маса «порназлачынцаў» — мужчыны 18-29 гадоў, якія «ня маюць дастатковай прававой культуры». Яна сьцьвярджае, што цяпер сьледчыя ўсё часьцей сутыкаюцца з праблемай, калі вінаваты ня лічыць што «пастаўлены ім „лайк“ ці дадаваньне парнаграфічнага відэа сабе на старонку ў сацыяльнай сетцы ёсьць злачынствам». Распаўсюдам парнаграфіі лічацца ня толькі такія выпадкі, а і, напрыклад, перадача яе з тэлефона на тэлефон; рэклямаваньнем — нават паведамленьне пра яе праз інтэрнэт.

Эротыка, паводле Ганчаровай, гэта «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду». А парнаграфіі ўласьцівае наступнае:

— непрыстойная, вульгарная і амаральная выява ці слоўнае апісаньне палавога акту з мэтай дасягнуць сэксуальнага ўзбуджэньня;

— наўмыснае засяроджваньне ўвагі на палавых органах удзельнікаў падчас зьдзяйсьненьня імі сэксуальных дзеяньняў з падрабязным апісаньнем апошніх;

— адсутнасьць выявы або апісаньня душэўных перажываньняў чалавека і ягонай натуральнай сэксуальнасьці;

— унушэньне стэрэатыпаў дэвіянтных паводзінаў: сэксуальная ўсёдазволенасьць, распуста, безадказнасьць і жорсткасьць.

XS
SM
MD
LG