Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За інтымнае сэлфі на закрытым гей-сайце гарадзенцу прысудзілі 2 гады турмы з адтэрміноўкай


Суд Кастрычніцкага раёну Горадні абвясьціў вырак 47-гадоваму гарадзенцу за публікацыю ягонага інтымнага здымку на сайце знаёмстваў з закрытым доступам, перадае Tut.by. Прысуд — два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год, а да таго ж 60 гадзін грамадзкіх працаў.

Два гады таму мужчына стварыў анкету на закрытым сайце знаёмстваў для гомасэксуалаў, у фотаальбом дадаў два інтымныя здымкі. У канцы студзеня 2017 году да мужчыны прыйшлі зь ператрусам, канфіскавалі кампутар і смартфон. За судова-псыхіятрычную экспэртызу ён мусіў заплаціць 580 рублёў.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту па Гарадзенскай вобласьці раней адзначаў, што справу могуць спыніць, калі злачынства не нясе грамадзкай небясьпекі, а падазраваны раскаяўся.

Як міліцыя даведалася пра публікацыю інтымнага фота на закрытым сайце гей-знаёмстваў, не паведамляецца.

Мужчына не абскарджваў прысуд, хоць заўважыў у ім блытаніну: спачатку слушна пісалася пра публікацыю на закрытым сайце, але празь некалькі абзацаў — пра публікацыю «ЎКантакце», дзе мужчына нават ня меў акаўнту.

За 2016 год колькасьць «порназлачынстваў» у Беларусі вырасла на 38%, яна пастаянна расьце прынамсі ад 2009 году. «Парнаграфічнасьць» таго ці іншага здымку вызначае адмысловая экспэртыза.

Паводле Сьледчага камітэту, беларусы могуць разьмяшчаць эротыку — «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду». Сьледчы камітэт падрабязна тлумачыў, што такое порна, публікацыя якога незаконная.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG