Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьмясьціла эўрабонды на 600 млн даляраў пад 6,2% гадавых


©Shutterstock

Беларусь выпусьціла 12-гадовыя эўрааблігацыі пад 6,2% гадавых на суму 600 млн даляраў, пацьвердзіла БелаПАН Міністэрства фінансаў. Арганізатарамі ўгоды выступалі банкі Citigroup і Raiffeisen Bank International.

Аб жаданьні разьмясьціць эўрабонды на такую суму раней заяўляў міністар фінансаў Беларусі Уладзімер Амарын. Ён казаў, што Беларусь плянавала разьмясьціць за 2017–2018 гады эўрааблігацыяў на 2 млрд даляраў, за 2017-ы разьмясьціла на 1,4 млрд (на 2018 год не выключаюць разьмяшчэньня аблігацыяў на расейскіх і азіяцкіх рынках). Тыя эўрабонды 2017 году былі разьмешчаныя двума траншамі (на 800 млн да 2023 году і на 600 млн да 2027-га) з даходнасьцю 7,125% і 7,625%. Попыт на іх перавысіў 3,1 млрд даляраў.

Вонкавая дзяржаўная запазычанасьць Беларусі на 1 студзеня 2018 году складала 16,7 млрд даляраў, за 2017 год павялічылася на 22,6%. Амаль столькі ж, колькі з эўрабондаў, Беларусь прыцягнула з Расеі: 1,4 млрд запазычанасьці было з эўрабондаў, 1,3095 млрд — ад расейскіх банкаў і ўраду. Яшчэ 800 млн даляраў запазычанасьці зьявілася ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, яшчэ 1,3312 млрд — зь іншых крыніцаў. Сплаціць па запазычанасьці за 2017 год давялося 1,0294 млрд даляраў.

На выплату і абслугоўваньне дзяржаўнай запазычанасьці на 2018 год плянуецца патраціць каля 3,7 млрд даляраў (у 2017-м было 3,4 млрд), у тым ліку 1,2 млрд — на абслугоўваньне. Мінфін прызнаваў, што выплаты і абслугоўваньне запазычанасьцяў даюць вялікую нагрузку на бюджэт — у першай палове 2017 году на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу пайшло 12% выдаткаў рэспубліканскага бюджэту.

Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначаў, што сумарная дзяржаўная запазычанасьць (разам з крэдытамі пад урадавыя гарантыі) набліжаецца да 60% валавога ўнутранага прадукту, а гэта вышэй за крытычны ўзровень, і пра гэта Беларусі казаў у тым ліку Ўсясьветны банк.

Эканаміст Станіслаў Багданкевіч зьвяртаў увагу на тое, што парогавае значэньне некалі называлі роўным 25%, але потым, калі дзяржаўны доўг перавысіў гэты парог, «адсунулі» яго да 45%.

XS
SM
MD
LG