Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла атрымала $735 мільёнаў за першы дзень продажаў крыптавалюты


Нікаляс Мадура

За першы дзень папярэдніх таргоў нацыянальнай крыптавалютай «Эль Пэтра» (El Petro) у Вэнэсуэле атрымалі $735 мільёнаў. Гэтая крыптавалюта мае быць гарантаваная дзяржаўнымі запасамі нафты, золата і дыямэнтаў.

«Мы зрабілі гіганцкі крок у ХХІ стагодзьдзе. Мы ў тэхналягічным авангардзе сьвету», — цытуе амэрыканскае агенцтва Associated Press прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуру, які распавёў пра вынікі таргоў.

«Сёньня нараджаецца крыптавалюта, якая можа пацягацца з Супэрмэнам», — прыводзіць словы Мадуры расейскае агенцтва «Інтэрфакс».

Купіць новую крыптавалюту могуць грамадзяне ўсіх краін. Інструкцыя па набыцьці «Эль Пэтра» даступная на дзяржаўным партале. Стваральнікі крыптавалюты плянуюць, што ўжо ў красавіку 2018 года яна выйдзе на лічбавыя біржы.

На першым этапе плянуецца прадаць 38,4 мільёна токенаў (адзінак крыптавалюты), з 20 сакавіка ўлады краіны прапануюць да продажу яшчэ 44 мільёны.

За крыптавалюты нельга будзе купляць тавары ў Беларусі? Нацбанк растлумачыў нормы IT-дэкрэту

Мадура абвясьціў аб распрацоўцы нацыянальнай крыптовалюты падчас свайго рэгулярнага нядзельнага выступу ў прамым эфіры на нацыянальным грамадзкім тэлеканале Venezolana de Televisión. Паводле задумы уладаў, El Petro мае дапамагчы эканоміцы краіны ўтрымацца ад развалу.

Эканоміка Вэнэсуэлы — краіны зь вялікімі запасамі нафты — перажывае гіпэрінфляцыю і дэфіцыт тавараў. Апазыцыя вінаваціць у гэтым улады краіны, якія з часоў кіраваньня Уга Чавэса абмяжоўваюць свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і нацыяналізуюць прадпрыемствы, кажучы аб будаўніцтве ў краіне сацыялізму.

Пратэст у Каракасе супраць ураду Нікаляса Мадуры, верасень 2016 году.
Пратэст у Каракасе супраць ураду Нікаляса Мадуры, верасень 2016 году.
XS
SM
MD
LG