Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава падрыхтавала праект дэкрэту, каб спрасьціць продаж незапатрабаванай нерухомасьці


Прадпрымальнік Алесь Варыкіш набыў вадзяны млын пачатку ХХ стагодзьдзя ў вёсцы Нарушаўцы Ашмянскага раёну на Горадзеншчыне, выратаваўшы яго ад зьнішчэньня

368 аб’ектаў нерухомасьці не былі прададзеныя ў Беларусі летась нават за адну базавую велічыню. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Андрэй Гаеў.

Паводле чыноўніка, такая сытуацыя асабліва характэрная для сельскай мясцовасьці. Напрыклад, там выстаўляюцца на аўкцыён былыя школы, акушэрскія пункты, якія можна танна купіць і пераабсталяваць пад катэдж ці аграсядзібу. Аднак вялікага попыту на такія аб’екты няма.

Для таго, каб спрасьціць продаж нерухомасьці, дзяржкамітэт ужо падрыхтаваў праект прэзыдэнцкага ўказу. Спадар Гаеў патлумачыў, што прадугледжвае новы дакумэнт, накіраваны на тое, каб набыцьцё нерухомасьці стала больш простым і лёгкім. Найбольш цікавымі выглядаюць дзьве навэлы.

Першая — допуск фізычных асобаў да аўкцыёну адначасова зь юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Цяпер звычайныя грамадзяне могуць удзельнічаць у конкурсе на набыцьцё нерухомасьці толькі пасьля таго, як ад гэтага адмовяцца юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі.

Другая — дазволіць набыцьцё маёмасьці за адну базавую велічыню ў любой мясцовасьці, за выключэньнем Менску і ўсіх абласных цэнтраў. Цяпер за адну базавую нельга прадаваць аб’екты, якія знаходзяцца ў гарадах з насельніцтвам ад 50 тысяч чалавек і болей.

Як сказаў старшыня камітэту, праект указу будзе верагодна ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы ўжо ў сакавіку.

Плянавай прыватызацыі няма, але сьпіс аб'ектаў складзены

Спадар Гаеў таксама паведаміў, што хоць цяпер у краіне няма плянавай прыватызацыі, але складзены пералік магчымых аб’ектаў нерухомасьці, якія выстаўляюцца на продаж. Сёлета іх 43. На пытаньне, навошта гэта робіцца, калі пляну няма, Гаеў патлумачыў, што такі сьпіс стане арыентырам для замежных інвэстараў.

Што тычыцца магчымасьці продажу беларускай маёмасьці за крыптавалюту, то «пра гэта пакуль гаворка не ідзе», заявіў Андрэй Гаеў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG