Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы сабраліся збудаваць у Беларусі «завод біткойназдабывальнай апаратуры»


Ілюстрацыйная выява

Кіраўнік кампаніі Radius Group і расейскі інтэрнэт-амбудсмэн Дзьмітры Марынічаў заявіў у эфіры тэлеканалу «Россия-24» аб плянах збудаваць у Кітайска-беларускім парку «Вялікі камень», што пад Менскам, завод па вытворчасьці майнінг-абсталяваньня.

Паводле Дзьмітрыя Марынічава, на заводзе маюць вырабляць друкаваныя схемы і зьбіраць гатовыя прылады для разьлікаў, патрэбных для «здабычы» (майнінгу) крыптавалютаў. Ягоная кампанія, заявіў Марынічаў, вырабляе такія сыстэмы, цеплыню ад якіх можна накіроўваць на абагрэў дамоў і кватэраў.

Большасьць крыптавалютаў «выдаецца» карыстальнікам за тое, што яны аддаюць магутнасьці сваіх кампутараў для вылічэньняў, неабходных для правядзеньня плацяжоў — з такімі вылічэньнямі звычайныя цэнтральныя працэсары спраўляюцца кепска, лепей спраўляюцца відэакарткі, але самыя эфэктыўныя для такіх задач адмысловыя вылічальныя станцыі нестандартнай архітэктуры, якія каштуюць тысячы даляраў.

Бізнэсовец пакуль не пачаў будаўніцтва і нават не зарэгістраваў у Беларусі юрыдычную асобу. Але ў Кітайска-беларускім парку журналістам Tut.by пацьвердзілі, што «такая тэма прапрацоўваецца», ідзе абмеркаваньне тэхнічнага боку праекту.

Біткойн. Блокчэйн. Крыптавалюты. Тлумачым на пальцах.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00

Нядаўні «ІТ-дэкрэт» легалізуе ў Беларусі ўжываньне крыптавалютаў, іх здабычу і стварэньне ад 28 сакавіка, да 2023 году вызваляе «крыптавалютчыкаў» ад падаткаў.

Але Нацбанк зьбіраецца забараніць карыстацца крыптавалютамі як аплатным сродкам (забараніць купляць за тыя ж біткойны тавары і паслугі, толькі мяняць біткойны на «звычайныя» грошы), а прэм’ер-міністар заяўляў, што допуск крыптавалютаў ва ўнутранае абарачэньне «не разглядаецца».

Нягледзячы на гэта, БелАЗ гатовы прадаваць свае машыны за крыптавалюты, а акадэмікі цалкам сур’ёзна прапануюць пусьціць энэргію БелАЭС на майнінг крыптавалютаў.

У Расеі тым часам прапануюць прыраўнаваць майнінг крыптавалютаў да прадпрымальніцкай дзейнасьці.

XS
SM
MD
LG