Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэльскі саміт «Усходняга партнэрства», вакол правядзеньня якога было так шмат інфармацыйных плыняў і ўкідаў, нарэшце завяршыўся. Ён прайшоў без сэнсацый, скандалаў, быў хутчэй рутынным, чым прарыўным.

Выніковая сумесная дэклярацыя зьмяшчае стандартныя для падобных дакумэнтаў палажэньні пра «прыхільнасьць да ўмацаваньня дэмакратыі, вяршэнства права, павагі правоў чалавека». Пазыцыя саміту адносна расейскай агрэсіі супраць Украіны рэдукаваная да вельмі асьцярожнай тэзы пра тое, што ЭЗ застаецца прыхільны падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту ўсіх партнэраў ініцыятывы, заклікае да мірнага вырашэньня ўсіх канфліктаў у рэгіёне на аснове прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Магчыма, у гэтай рутыннасьці, паступовасьці, пасьлядоўнасьці і палягае галоўны сэнс цяперашняга канцэпту «Ўсходняга партнэртства». Здаецца, Эўразьвяз пераадолеў першапачатковы амбітны намер стварыць на сваёй усходняй мяжы зону дэмакратычных, рынкавых, праэўрапейскіх краін і гатоўнасьць уступіць у канкурэнцыю з Расеяй за кантроль над рэгіёнам Усходняй Эўропы і Закаўказьзя. Дакладней сказаць, сама мэта засталася. Але падыход ЭЗ да краін-партнэраў стаў больш прагматычны і рэалістычны. Прыйшло ўсьведамленьне, што палітыка — гэта мастацтва магчымага.

І калі разглядаць сытуацыю з такога больш прыземленага, рэалістычнага гледзішча, то Брусэльскі саміт зафіксаваў відавочны прагрэс «Усходняга партнэрства». Тым краінам, якія імкнуцца да больш шчыльнай інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць, ЭЗ робіць заўважныя крокі насустрач. Грузія, Малдова і Ўкраіна падпісалі дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Яны маюць бязьвізавы рэжым з ЭЗ, зону вольнага гандлю. Ім прапанаваны новы этап інтэграцыі — прыярытэтнае партнэрства. Пры правядзеньні неабходных рэформаў гэты фармат прадугледжвае далучэньне да мытнага, энэргетычнага і лічбавага саюзу ЭЗ, шэнгенскай зоны, агульнай авіяпрасторы.

Армэнія — нагадаю: чалец АДКБ і ЭАЭС — падпісала з ЭЗ партнэрскую дамову

Армэнія — нагадаю: чалец АДКБ і ЭАЭС — падпісала з ЭЗ партнэрскую дамову, ёсьць прагрэс у падрыхтоўцы аналягічнага пагадненьня з Азэрбайджанам.

І толькі Беларусь тут складае выключэньне, у пэўным сэнсе выпадае з гэтага працэсу. Яна нібыта адстаючы вучань у гэтай школе эўрапейскасьці.

Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка, які памяняў візыт у Брусэль на паездку ў Буда-Кашалёўскі раён, патлумачыў сваю адсутнасьць у сталіцы ЭЗ якраз тым, што ўзровень адносін Беларусі з ЭЗ невялікі:

«З тым парадкам дня, з тым, што там у Брусэлі адбываецца, міністар заўсёды спраўляўся і справіцца гэтым разам».

Сапраўды, з гледзішча выніковасьці візыт Лукашэнкі ў Брусэль быў бы ніякі. Але варта спытаць: а якая выніковасьць і эфэктыўнасьць самітаў СНД, АДКБ, ЭАЭС, якія кіраўнік Беларусі наведвае па некалькі разоў на год? А вось калі б прыехаў у Брусэль, то сядзеў бы побач з Ангелай Мэркель (Уладзімер Макей якраз сядзеў па правую руку ад нямецкай канцлерын). І дзеля гэтай карцінкі, можа, варта было б і паляцець у гэтую эўрапейскую сталіцу.

Дарэчы, Уладзімер Макей на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту патлумачыў сяброўства Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» вельмі дакладна і вобразна: «Каб мы ў крызіснай сытуацыі маглі мець нейкія падушкі». То бок супрацоўніцтва з ЭЗ для афіцыйнага Менску — засьцярога на крызісны выпадак. Усяго толькі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG