Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мошэс: Шанцы Эўразьвязу выйграць Беларусь у жорсткім клінчы з Масквой невялікія


Аркадзій Мошэс
Аркадзій Мошэс

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Аркадзій Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў. Ён заяўляе, што Эўразьвяз сёньня не гатовы прапанаваць Менску шматмільярдную дапамогу, тлумачыць, якімі крокамі Масква замацоўвае геапалітычную прывязку Беларусі, і вызначае той максымум, на які можа сёньня пайсьці Менск у супрацоўніцтве з Эўропай.

«Менск шле сыгнал Маскве, што застанецца найбліжэйшым саюзьнікам Расеі»

— У адрозьненьне ад папярэдніх самітаў «Усходняга партнэрства», гэтым разам арганізатары запрасілі пэрсанальна Аляксандра Лукашэнку. Але, нягледзячы на некаторыя прагнозы, кіраўнік Беларусі на гэты саміт не паехаў. Ці было для вас нечаканым гэтае рашэньне? І чым, па-вашаму, яно выклікана?

— Для Эўразьвязу было вельмі лягічным запрасіць пэрсанальна беларускага прэзыдэнта. Бо, з пункту гледжаньня ЭЗ, працэс нармалізацыі адносінаў ідзе дастаткова пасьпяхова, зайшоў даволі далёка, і настаў час легітымізаваць знаходжаньне беларускага лідэра на саміце.

Але адмова Лукашэнкі таксама дастаткова лягічная, і гэта, напэўна, адзіны для яго магчымы крок у гэтай сытуацыі. Менск такім чынам шле сыгнал Маскве, што па-ранейшаму будзе граць ролю найбліжэйшага палітычнага і вайсковага саюзьніка Расеі — што б з гэтай нагоды ні казалі заходнія камэнтатары, якія хочуць забегчы кудысьці наперад. Аднак пры гэтым дасылаецца сыгнал Брусэлю — добра, хлопцы, што вы мяне запрасілі, але па сутнасьці вельмі мала ёсьць пра што нам гаварыць. Бо для Беларусі адзін з чыньнікаў, што падштурхоўваюць яе да збліжэньня з Захадам, — разьлік на атрыманьне сур’ёзнай фінансавай дапамогі з Брусэлю. Але паколькі гэтая дапамога пакуль не праглядаецца, то проста так прыяжджаць і хадзіць па калідорах — сэнсу вялікага няма.

— Вы назвалі фінансавы чыньнік як самы галоўны. А як можна ацаніць матывы псыхалягічна-палітычныя? Бо за час пасьля зьняцьця санкцыяў з Лукашэнкі ніякіх прарываў, яркіх візытаў у Эўропу не адбывалася. Была сустрэча з папам Рымскім — але гэта, бадай, і ўсё. Можа, Лукашэнка зразумеў, што эўрапейцы так і не зьбіраюцца ўспрымаць яго як роўнага?

— Напярэдадні саміту быў візыт у Менск міністра замежных спраў Нямеччыны Зыгмана Габрыэля, які быў пададзены ў публічнай прасторы як вельмі пасьпяховы. Безумоўна, у Менску разумеюць, што ў Брусэлі існуе тое, што называецца «інстытуцыянальнай памяцьцю». Шмат хто апёкся ў 2010 годзе, калі збліжэньне з Эўропай зайшло надта далёка, але не пайшло туды, куды хацелі эўрапейцы — так што цяпер яны хочуць быць асьцярожнымі.

Мне падаецца, што Аляксандру Лукашэнку больш камфортна мець справу з эўрапейскімі фігурамі сам-насам, калі Беларусь апынаецца ў цэнтры. А ехаць на саміт, на якім ён, безумоўна, ня будзе граць першую скрыпку (у сілу структурных і індывідуальных прычын) — яму палітычна меней выгадна.

«Не магу ўявіць сытуацыю, у якой ЭЗ прапануе Беларусі шматмільярдны пакет эканамічнай дапамогі»

— Вы вызначылі фінансавыя прычыны як галоўныя, якія не дазваляюць Лукашэнку збліжацца з Эўразьвязам. Але вось калі б уявіць сытуацыю, што Эўразьвяз выказвае намер укласьці ў Беларусь даволі вялікія грошы — ці азначае гэта, што ў такой сытуацыі Лукашэнка можа кінуцца ў абдымкі Эўропы, не зважаючы на думку Масквы?

— Такога я, вядома, не казаў. Ня трэба «калі б», мы ж займаемся палітычным аналізам.

Я не магу сабе сёньня ўявіць сытуацыю, у якой Эўразьвяз прапануе Беларусі сур’ёзны шматмільярдны пакет эканамічнай дапамогі. І ў сілу відавочнай негатовасьці Беларусі пайсьці на рэформы, і ў сілу відавочнай негатовасьці Эўразьвязу ўкласьціся ў нешта вельмі значнае.

І ў гэтым кантэксьце мы павінны разглядаць і Маскву. Эўразьвяз ня хоча ўзьнікненьня яшчэ аднаго жорсткага клінчу ў адносінах з Масквой паводле ўкраінскага сцэнару. Тым больш што ў выпадку Беларусі шанцы Захаду выйграць у гэтым канфлікце былі б значна меншыя, чым у выпадку з Украінай.

Масква, безумоўна, у такім варыянце наўрад ці сядзела б склаўшы рукі. Масква за апошнія гады, ад 2014 году, пабудавала сур’ёзную сыстэму ўзьдзеяньня на Беларусь. Яна прасьціраецца ад эканамічных (што было і раней) да вайскова-палітычных аспэктаў, чаго раней у такой ступені не было. Тут і ўмацаваньне мяжы, і ўмацаваньне ўплыву па лініі мяккай сілы, і гэтак далей. Масква пераходзіць ад мэтадаў узьдзеяньня празь фігуру прэзыдэнта і нейкіх асобаў ягонага атачэньня да сыстэмы, якая будуецца на сур’ёзных структурных рэчах.

— Я наўмысна прапанаваў такі гіпатэтычны сцэнар (Эўразьвяз дае Беларусі грошы), каб мы паразважалі пра межы магчымага для цяперашняга афіцыйнага Менску ў супрацоўніцтве з Захадам. Дзе той максымум, на які можа сёньня пайсьці Менск?

— Шмат важных рэчаў можна зрабіць, абстрагуючыся ад уплыву Масквы. Можна пайсьці на шэраг эканамічных рэформаў, якіх даўно чакаюць і нават патрабуюць ад Менску Ўсясьветны Банк, МВФ ды іншыя. І ўмяшацца ў гэта Масква ня здолее, ёй гэта складана зрабіць. Але на гэта Менск не ідзе, бо гэта пайшло б супраць самой філязофіі кіраваньня цяперашняга менскага рэжыму.

Другое, Менск мог бы пайсьці на тое, чаго Эўразьвяз патрабаваў ад яго адпачатку. Напрыклад, на рэабілітацыю былых палітычных зьняволеных. Гэта зрабіла б магутны эфэкт. Але Менск на гэта не ідзе ў сілу свайго разуменьня таго, што правільна ў кіраваньні краінай. І зважаючы на тое, што раней ці пазьней давядзецца прыбягаць да тых мэтадаў, якія прымяняліся ў сьнежні 2010 ці вясной гэтага году.

Безумоўна, такія межы ёсьць. Безумоўна, Масква зробіць усё магчымае, каб не дапусьціць кардынальнай геапалітычнай пераарыентацыі Менску на Захад.

Але, ня робячы такой пераарыентацыі, можна зрабіць значна больш у пляне структурнага збліжэньня з Захадам, за што Захад так ці іначай будзе гатовы плаціць. Ёсьць знакавы момант адмены сьмяротнага пакараньня. Такія рэчы гучалі б для эўрапейцаў як вельмі сур’ёзны доказ магчымасьці і жаданьня Менску пайсьці далёка насустрач Эўропе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG