Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка патлумачыў, чаму не паехаў у Брусэль


Уладзімер Макей на саміце «Усходняга партнэрства» ў Брусэлі 24 лістапада

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рашэньне накіраваць на саміт «Усходняга партнэрства» міністра замежных спраў Уладзімера Макея было прынята «яшчэ за паўгода да саміту, можа і раней».

Ён сказаў, што «з тым парадкам дня, з тым, што там у Брусэлі адбываецца, міністар заўсёды спраўляўся і справіцца гэтым разам».

Пра гэта кіраўнік краіны заявіў журналістам, паведамляе БЕЛТА.

«У гэтым пытаньні кансьпіралёгіі няма. Ніякіх расейскіх, амэрыканскіх, украінскіх сьлядоў у гэтай тэме таксама няма».

Ён кажа, што паступіла асабістае запрашэньне на саміт на імя прэзыдэнта. Але, як і раней, на гэтыя саміты езьдзіў міністар замежных спраў.

А ўжо бліжэй да саміту чамусьці раптам ЭЗ пажадаў бачыць там прэзыдэнта Беларусі. Дзякуй ім за гэта

«Напэўна, ня вельмі ўжо і хацелі бачыць мяне некаторыя асобы ў Эўрапейскім Зьвязе, але гэтая справа ўжо мінулая. Ня ў гэтым справа. Калі мы плянавалі гэтае мерапрыемства, мы ведалі, што саміт адбудзецца ў канцы лістапада ў гэты дзень. Тады ніякіх запрашэньняў не было, і мы заплянавалі туды візыт міністра замежных спраў, яшчэ за паўгода да саміту, можа і раней. А ўжо бліжэй да саміту чамусьці раптам Эўрапейскі Зьвяз пажадаў бачыць там прэзыдэнта Беларусі. Дзякуй ім за гэта, што яны нарэшце зразумелі, што безь Беларусі ня можа быць Эўропы», — сказаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка краіны, цяперашняя паездка ў Буда-Кашалёўскі раён была заплянаваная загадзя, прычым тройчы адкладалася:

«Што, трэба было яшчэ раз адкласьці?»

Паводле Лукашэнкі, «нашы інтарэсы не супярэчаць эўрапейскім».

«Вы бачылі, што я спакойна перажыў той пэрыяд, калі ў нас было шмат праблем з Эўропай. Нармальна, жывы і здаровы. Але я хачу, каб яшчэ і мой народ паважалі і лічыліся з нашымі інтарэсамі. Эўропа гэта зразумела».

«Хутка эўрапейцы, можа, будуць вывучаць наш вопыт»

Адносна адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня можа асабіста адмяніць рашэньне, якое прыняў народ.

«Калі мы захочам гэта зрабіць, то трэба вынесьці гэтае пытаньне на рэфэрэндум. Калі мы сёньня вынесем пытаньне аб сьмяротнай кары на рэфэрэндум, мне ня трэба вам распавядаць, вы ведаеце, які будзе вынік», — сказаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка краіны, падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў ФРГ ён разважаў пра тое, як бы немцы прагаласавалі на падобным рэфэрэндуме. Маўляў, «пры той тэрарыстычнай атацы, якую зазнае Эўропа і многія краіны сьвету, ведаеце, які будзе вынік».

«Бо народ бачыць, якім гэта моцным тормазам можа быць для некаторых шалёных галоў. Таму я яму кажу, што хутка эўрапейцы, можа, будуць вывучаць наш вопыт. Увогуле, што тычыцца сьмяротнага пакараньня, я яму задаў пытаньне: вы вельмі сябруеце зь некаторымі краінамі Блізкага Ўсходу, іншых рэгіёнаў, ЗША, і чаму ад іх не патрабуеце таго, чаго патрабуеце ад Беларусі? Ён прамаўчаў. Таму і ў дадзеным пытаньні, я думаю, мы дамовімся».

Эўразьвяз і Рада Эўропы не аднойчы заклікалі Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Беларускую дэлегацыю на саміт «Усходняга партнэрства» ў Брусэлі ўзначаліў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

Раней крыніцы ў Эўразьвязе паведамілі, што ЭЗ гатовы вітаць беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі.

Віцэ-канцлер, фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль падчас візыту ў Менск сказаў журналістам, што Лукашэнку спадзяюцца пабачыць на саміце ў Брусэлі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG