Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка не такі „круты“, як хоча ўсіх пераканаць». 10 тэзісаў, чаму ён не паехаў у Брусэль


Чаму Аляксандар Лукашэнка не паехаў на саміт «Усходняга партнэрства» ў Брусэль? Спалохаўся рэакцыі Расеі ці не пабачыў у гэтым візыце ніякіх для сябе дывідэндаў? Абмяркоўваюць Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Тэзісы Віталя Цыганкова

1. Магчыма, беларускі кіраўнік пакрыўджаны на эўрапейскіх палітыкаў, што тыя не ідуць на больш істотныя саступкі, што нармалізацыя адносінаў не прыносіць Менску вялікіх дывідэндаў. Ён адчувае сябе расчараваным і, імаверна, падманутым.

2. Лукашэнка пераацаніў ступень «прагматычнасьці» эўрапейцаў. Думаў, што яго і цяпер будуць успрымаць як роўнага. Але пасьля зьняцьця санкцыяў не было ніякіх афіцыйных візытаў кіраўніка Беларусі ў эўрапейскія краіны (акрамя Італіі, сустрэчы з папам). Істотных прарываў у гэтым сэнсе не адбылося.

3. Чырвоныя сьцяжкі, якія ставіць Масква перад Лукашэнкам, стаяць, магчыма, значна бліжэй, чым мы думаем.

4. Лукашэнка ўзважыў плюсы і мінусы і вырашыў, што нэгатыву ад ягонай паездкі для яго асабіста будзе значна больш.

5. Лукашэнка не такі «круты» і самастойны, як ён спрабуе ўсіх пераканаць.

Тэзісы Валера Карбалевіча

1. Магчыма, кіраўнік Беларусі атрымаў інфармацыю, што ў Брусэль не прыяжджаюць лідэры найбуйнейшых краін ЭЗ. На мінулых самітах «Ўсходняга партнэрства» такія выпадкі бывалі.

2. Не ўдалося дамовіцца пра сустрэчу, двухбаковыя перамовы Лукашэнкі зь лідэрамі некаторых уплывовых дзяржаў ЭЗ. А ехаць у Брусэль, каб сустрэцца зь лідэрамі постсавецкіх дзяржаў — гэта несурʼёзна. Зь імі ён рэгулярна сустракаецца на самітах СНД.

3. Лукашэнку ў Брусэлі маглі чакаць непрыемныя неспадзяванкі. Магчыма, на самім форуме Беларусь узгадалі б як краіну, дзе парушаюцца правы чалавека. Журналісты маглі задаць у кулюарах непрыемныя пытаньні. Некаторыя арганізацыі абвясьцілі, што правядуць каля будынку, дзе будзе праходзіць саміт, ці на самім саміце акцыю пратэсту супраць палітыкі «беларускага дыктатара». Магла паўтарыцца кіеўская гісторыя з голымі грудзямі.

4. Расея ня вельмі задаволеная працэсам паляпшэньня адносін Беларусі з Захадам, і паездка Лукашэнка ў Брусэль магла б выклікаць нэгатыўную рэакцыю з боку Масквы. Маўляў, у нас з ЭЗ цяпер моцны канфлікт, а ты едзеш да нашага ворага.

5. Магчыма, Лукашэнка лічыць, што ягоная паездка ў Брусэль была б вялікім падарункам ЭЗ, якога той не заслужыў. Гэты сыгнал трэба чытаць так: Беларусь больш важная для Эўразьвязу, чым Эўразьвяз для Беларусі. Калі хочаце, каб было інакш, то плаціце шчадрэй.

«Нічога, акрамя незадавальненьня Расеі, Лукашэнка ад паездкі ў Брусэль не атрымаў бы»

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG