Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога, акрамя незадавальненьня Расеі, Лукашэнка ад паездкі ў Брусэль не атрымаў бы»


Размова кіраўнікоў Нямеччыны,Францыі і Беларусі Мэркэль, Алянда і Лукашэнкі падчас перамоваў у Менску, 12 лютага 2015

Чаму Аляксандар Лукашэнка ня едзе на саміт «Усходняга партнэрства»? Што гэты жэст азначае для пэрспэктывы далейшых адносінаў Беларусі з Эўразьвязам і з Расеяй? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да палітолягаў, кіраўніка навуковых праектаў Нямецка-Расейскага форуму Аляксандра Рара і дырэктар па навуковай працы міжнароднага клюбу «Валдай» Фёдар Лукʼянаў. Зь імі размаўляў Юры Дракахруст.

Аляксандар Рар лічыцца блізкім да Крамля экспэртам, Фёдар Лукʼянаў быў вядучым апошняга, кастрычніцкага сёлетняга пасяджэньня клюбу «Валдай», на якім з праграмнай прамовай выступаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Чаму Аляксандар Лукашэнка вырашыў ня ехаць у Брусэль на саміт «Усходняга партнэрства»?

Аляксандар Рар
Аляксандар Рар

Рар: Мне здаецца, што спадар Лукашэнка разумее, што ў Брусэлі ад яго чакалі павароту ад Расеі, супраць Расеі. А ён хоча захоўваць геапалітычную раўнавагу і пры тым быць усё ж бліжэй да Расеі. Ён не зьбіраецца падпісваць дамову аб асацыяцыі з ЭЗ, аб чым, магчыма нехта марыць у Брусэлі. Ён хоча выйсьці з ізаляцыі, у якой знаходзілася яго краіна, ён хоча весьці самастойную палітыку адносна ЭЗ і заставацца саюзьнікам Расеі ў межах Эўразійскага саюзу. Мне здаецца, што ён не бачыў для сябе вялікай выгады ад паездкі на гэты саміт, каб быць там адным з многіх.

Фёдар Лук'янаў
Фёдар Лук'янаў

Лукʼянаў: Я мяркую, што Аляксандар Рыгоравіч, які мае тонкае палітычнае чуцьцё, ацаніў, па-першае, пэрспэктывы самога праекту «Усходняга партнэрства» у яго цяперашнім стане і што можа быць далей.

А па-другое, зразумела, што ўсходні сусед без сымпатыяў і з падазронасьцю глядзіць на любыя рухі цела краінаў, якія знаходзяцца ў пэўных адносінах з Расеяй, у бок Брусэлю і ЭЗ. Гэтая падазронасьць можа рэалізоўвацца больш жорстка ці менш, але яна ёсьць. Я мяркую, што Лукашэнка, ацаніўшы стан «Усходняга партнэрства», зразумеў, што акрамя незадавальненьня Расеі ён нічога ад візыту не атрымае.

«Усходняе партнэрства» з таго часу, як пачаўся ўкраінскі крызіс, знаходзіцца ў вельмі сурʼёзным заняпадзе. Ніхто з архітэктараў гэтага праекту не разьлічваў, як можа ўсё абярнуцца. Аказалася, што каб не дапусьціць яго рэалізацыі Расея гатовая на ўсё, ажно да ўжываньня ўзброенай сілы. Пасьля гэта прыцягальнасьць гэтага праекту для шэрагу краінаў зьнізілася.

Але калі нават не ўлічваць гэты фактар, тое, што адбываецца ў ЭЗ, добра вядома. Зараз да ўсяго дадаўся палітычны крызіс у Нямеччыне, невядома, што там будзе з урадам і наколькі ён будзе ўстойлівым. Апошнія гады ЭЗ відавочна глядзіць унутр сябе, а не навонкі.

Раней пэўныя высілкі і рэсурсы выдаткоўваліся на праекцыю «мяккай сілы» ЭЗ на краіны «Усходняга партнэрства». Зараз відавочна не да таго.

Лукашэнка выдатна разумеў, што яго запрасілі менавіта таму, што праект у крызісе і патрэбны новы стымул. Першы візыт прэзыдэнта Беларусі можна было «прадаць» як разьвіцьцё праекту.

Пасьля адмовы Аляксандра Лукашэнкі ехаць у Брусэль — якая будзе дынаміка адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю? Апошнія гады пэўнае пацяпленьне ў адносінах усё ж адбывалася, летась зьнялі санкцыі. Візыт у Брусэль мог стаць альбо вянцом гэтага этапу альбо пралёгам далейшага збліжэньня. Збліжэньне будзе працягвацца ці Лукашэнка будзе яшчэ больш шчыльна супрацоўнічаць з Масквой, хаця стасункі і зараз вельмі шчыльныя?

Рар: Я схіляюся да думкі, што Лукашэнка хоча быць саюзьнікам Расеі ў пытаньнях бясьпекі, хоча быць адным зь вядучых чальцоў Эўразійскага эканамічнага саюзу. У той жа час ён хоча мець гандлёвыя, эканамічныя, цэлы шэраг іншых адносінаў з ЭЗ, больш блізкіх, чым зараз. У той жа час ён разумее, што для яго існуюць пэўныя барʼеры ў стасунках з Брусэлем — гэта пытаньні правоў чалавека, пытаньні каштоўнасьцяў. Гэта заўсёды будзе спараджаць канфлікты, часам гучныя, часам ціхія, паміж Брусэлем і Менскам. Ён ведае, што гэта зьвязана з тым, якая палітыка вядзецца ў Беларусі, і з той палітыкай, якую вядзе ЭЗ адносна краінаў «Усходняга партнэрства». Гэтую палітыку ЭЗ Лукашэнка ня можа зьмяніць. Таму мне здаецца, што зараз ён будзе захоўваць той балянс, які склаўся.

Лукʼянаў: Наконт больш шчыльнага збліжэньня Менску з Масквой — я ня думаю. Адносіны сапраўды і зараз даволі шчыльныя, высокія ступені як узаемнай, гэтак і аднабаковай залежнасьці. Наадварот, наколькі мы ведаем падыход спадара Лукашэнкі, ён нават у самых, здавалася б, безальтэрнатыўных сытуацыях імкнецца пашыраць прастору для манэўру.

Таму я мяркую, што гэты свой жэст у адрас ЭЗ і «Усходняга партнэрства» ён паспрабуе неяк кампэнсаваць жэстамі на адрас Расеі, каб прадэманстраваць сваю незалежнасьць, свабоду дзеяньняў. А, па-другое, «прадаць» гэтае сваё рашэньне, даць зразумець, што ён чакае адпаведнага стаўленьня ад Расеі.

Што тычыцца збліжэньня з ЭЗ, то гэта такая гульня, якую ўсе разумеюць, у тым ліку і ў самім Эўразьвязе. Яны ж не зьмянілі свайго сапраўднага стаўленьня да беларускага кіраўніка. Яны проста імкнуцца ў стане вострага супрацьстаяньня з Расеяй узмацніць свае пазыцыі.

Ці зьмяніў Лукашэнка сваё ўспрыняцьцё Эўразьвязу, ці прасякнуўся ён тымі ідэямі, якія ЭЗ па-ранейшаму дэкляруе? Безумоўна, не.

Таму ўвянчаць гэтае збліжэньне і абазначыць яго новы этап ня мела сэнсу, бо новага этапу ня будзе. Гэтыя шматлікія абмежаваньні з розных бакоў выключаюць гэты новы этап, новую якасьць адносінаў. А бясконца манэўраваць у старой якасьці — а ці варта гэта рабіць, ці ня будуць рызыкі, выдаткі ад гэтага вышэй за набыткі?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG