Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэхнічны ўнівэрсытэт у Гомелі: вывучым на інжынэра — але каго?


Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт
Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт

На Гомельшчыне пяць вышэйшых навучальных установаў зь сямі наяўных абвясьцілі з 26 ліпеня дадатковы набор абітурыентаў на бюджэтнае навучаньне.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту бракуе студэнтаў на бескаштоўнае навучаньне будучых інжынэраў па эксплюатацыі электрычнага гарадзкога транспарту, аднаўленьні дэталяў машын і прыбораў, ва ўнівэрсытэце імя Францыска Скарыны — спэцыялістаў лясной гаспадаркі, у Мазырскім пэдунівэрсытэце імя Івана Шамякіна — настаўнікаў матэматыкі ды інфарматыкі, а таксама выкладчыкаў вытворчага навучаньня па будаўніцтве й аграінжынэрыі.

Але найбольш вакантных месцаў на бюджэтнае навучаньне аказаліся незапоўненымі ў Гомельскім тэхнічным унівэрсытэце імя Паўла Сухога — ажно 57, у тым ліку па машынах і тэхналёгіі апрацоўкі матэрыялаў ціскам, машынах і тэхналёгіі ліцейнай вытворчасьці, праектаваньні й вытворчасьці сельскагаспадарчай тэхнікі.

У прыёмнай камісіі тэхнічнага ўнівэрсытэту гэтак тлумачаць сытуацыю: «Не закрылі мы бюджэтныя месцы на мэханіка-тэхналягічным факультэце. Дадатковы набор пачынаецца зь нядзелі, 26 ліпеня, да 28 ліпеня».

Спрабуем высьветліць у абітурыентаў і студэнтаў, чаму ў моладзевым асяродку бракуе ахвочых набываць інжынэрныя спэцыяльнасьці? Як-ніяк, а выпускнікам мэханіка-тэхналягічнага факультэту, што называецца, наўпроставы шлях на такія прадпрыемствы, як вытворчае аб’яднаньне «Гомсельмаш», Беларускі мэталюргічны завод, ААТ «Навукова-тэхнічны цэнтар камбайнабудаваньня», Гомельскі завод «Цэнтраліт». На гэтых прадпрыемствах нават адкрытыя філіялы ўнівэрсытэцкіх катэдраў: вучыся, выяўляй сябе, а пасьля прыходзь дыплямаваным спэцыялістам. Але ж не, не імкнецца моладзь у інжынэры.

Цяперашні студэнт унівэрсытэту, які назваўся Андрэем, так тлумачыць недабор на згаданыя інжынэрныя спэцыяльнасьці:

«Я лічу, што не зацікаўлена моладзь навучацца гэтым спэцыяльнасьцям, бо кепскае працаўладкаваньне, маленькія заробкі. Некаторыя ня хочуць пасьля адпрацоўваць патрэбны тэрмін на стратных прадпрыемствах. Заводы прастойваюць, людзі без належных заробкаў — маладому спэцыялісту вельмі цяжка з гэтага пачынаць. Зноў-такі кватэрнае пытаньне — ня ўсюды нават інтэрнат даюць. Прасьцей і пэрспэктыўней вывучаць інфармацыйныя тэхналёгіі, атрымліваць больш высокі заробак — і дазваляць сабе хлеб з маслам».

Мэмарыяльная кампазыцыя пра наданьне ўрадам незалежнай Беларусі ўнівэрсытэту імя выбітнага авіяканструктара Паўла Сухога, які ў свой час скончыў Гомельскую мужчынскую гімназію
Мэмарыяльная кампазыцыя пра наданьне ўрадам незалежнай Беларусі ўнівэрсытэту імя выбітнага авіяканструктара Паўла Сухога, які ў свой час скончыў Гомельскую мужчынскую гімназію

Іншы студэнт Зьміцер лічыць, што на мэханіка-тэхналягічным факультэце спэцыяльнасьці не такія ўжо й запатрабаваныя:

«Думаю, што такія спэцыяльнасьці не асабліва й запатрабаваныя. Ня тыя гады, як раней: індустрыя, сельская гаспадарка — на гэта асабліва моцны націск рабілі. А цяпер мінуў той час, і не цікавяць такія спэцыяльнасьці. Хто хоча ўладкавацца ў жыцьці лацьвей, ідуць атрымліваць больш запатрабаваныя прафэсіі».

У маладзёна Кірылы свой погляд на атрыманьне вышэйшай адукацы. Калі, будучы інжынэрам на прадпрыемстве, чалавек ня можа годна забясьпечыць сям’ю і шукае дадатковую працу, то які наагул сэнс набываць вышэйшую адукацыю?

Альбо пасьля школы пайсьці мыйшчыкам машын, альбо пасьля ўнівэрсытэту пайсьці туды ж

Кірыл: «Альбо пасьля школы пайсьці, напрыклад, мыйшчыкам машын, альбо пасьля ўнівэрсытэту пайсьці туды ж. Дык якая пэрспэктыва цяпер тут вучыцца?»

Нядаўні абітурыент Міхаіл, а цяпер, па сутнасьці, студэнт-першакурсьнік, чыя будучая прафэсія зьвязана з электронікай, так адклікаецца на мажлівасьць бясплатнага навучаньня на мэханіка-тэхналягічным факультэце:

«У тым і справа, што цяпер на „Гомсельмашы“, іншых машынабудаўнічых прадпрыемствах ідуць скарачэньні. Ня хочуць менавіта з гэтай прычыны. Баяцца, што потым нельга будзе на працу паступіць».

Трэцякурсьнік Зьміцер зьвяртае ўвагу і на яшчэ адну акалічнасьць працы інжынэраў, канструктараў ды тэхнолягаў на айчынных прадпрыемствах:

«Па-першае, паглядзіце на нашу прамысловасьць — што мы выпускаем? Выпускаем камбайны, МАЗы, БелАЗы, дзе ўсё напрацавана. Што туды новае ўнясеш? Толькі паляпшаць паказьнікі старой тэхнікі! Дзеля гэтага адукацыя, канечне, патрэбная, але гэта нецікава».

Тым часам мэханіка-тэхналягічны факультэт унівэрсытэту падае, што за тры з паловай дзесяцігодзьдзі свайго існаваньня выпусьціў звыш 5 тысяч спэцыялістаў. І ягоныя выпускнікі — гэта кіраўнікі розных узроўняў, бізнэсоўцы, высокакваліфікаваныя інжынэры, канструктары ды тэхнолягі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG