Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што на шыльдзе? А што такое „шыльда“, вы ведаеце? Адказваюць менчукі. ВІДЭА


Беларускі індыкатар „свой-чужы“ — слова „шыльда“. Гэта ня марны расейскі „шильдик“, шыльду ў нас усмоктваюць з малаком маці. Сур’ёзныя і сьмешныя адказы мінакоў на вуліцы Зьмітру Бартосіку. ВІДЭА​

ШТО НАПІСАНА НА ШЫЛЬДЗЕ?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:11 0:00

Чаго ад людзей хоча пісьменьнік і журналіст Зьміцер Бартосік? Няўжо правярае, ці ўмеюць чытаць?

— Скажыце, што напісана на гэтай шыльдзе?
— „Ленок“...
— „Барбэршоп“...

Што напісана на гэтай шыльдзе?
— На якой?
— Ага! Гэта ўжо няважна, на якой: вы ведаеце слова „шыльда“!

Вынік розны, бо ўсякія ж у нас бываюць шыльды. Але галоўнае — усе скіроўваюць позірк у правільным кірунку, усе ведаюць слова шыльда. І ўсе — тутэйшыя людзі, незалежна ад мовы іхнае штодзённае камунікацыі.

Госьці з Усходу шыльды ня ведаюць

Аднак знайшоўся-такі экзатычны чалавек:

А вы знаеце слова „шыльда“? Вам знакомо слово „шыльда“?
— „Шильдик“ да, а „шильда“ нет.
А што такое „шильдик“?
— „Шильдик“ это вот… хрень такая там…
А вы сами из России?
— Да!

Дыялёг выклікаў у Зьмітра хвалю лінгвістычных эмоцыяў:

— Вось тут варта задумацца... Беларуская мова — маленькая мова маленькага народу. Слова „шыльда“ ў великом и могучем русском языке ператварылася ў „шильдик“... Як сказаў прадстаўнік вялікай краіны, гэта „хрень“! „Хрень какая-то!“

Усё правільна. У расейскай літаратурнай мове і ў гаворках слова „шильда“ не было і няма. Толькі ў састарэлым тэхнічным жаргоне (не ў афіцыйнай тэрміналёгіі) ёсьць слова „шильдик“ — так называюць невялікую таблічку з назвай вытворцы і тэхнічнай інфармацыяй — фактычна этыкетку, але трывалую.

Тэхнічны цэтлік (ням. Typenschild, рас. „шильдик“) аўтамабіля BMW
Тэхнічны цэтлік (ням. Typenschild, рас. „шильдик“) аўтамабіля BMW

Гэты цэтлік і ёсьць „хрень“, пра якую гаварыў госьць з Усходу.

Ці слова шыльда — беларускае?

Бальшыня спытаных думае, што беларускае.

Скажыце, вы даўно ведаеце гэтае слова?
Шыльда? Ведаю ўвесь час! Бо я беларус і ведаю беларускую мову. А хто беларускай мовы ня ведае, напэўна, ён і ня ведае, што такое шыльда.
А вы ўжываеце гэтае слова ў сваёй мове штодзённа?
— К сожалению, нет. Я на русском в основном говорю.

Адкуль гэтае слова ў сьвядомасьці цяперашніх — пераважна расейскамоўных — гараджанаў? Задумваюцца:

— Ну-у, у нас са школы, напэўна...
— Наверное, с детства, когда в школе учила язык.
— Некалі вучыўся ў беларускай школе.
— Я з Івейскага раёну, таму заўсёды... шыльда, шуфляда... гэта такія словы, якія... у школе яшчэ гэта было.

Ды не, наўрад ці слова шыльда з школьнае лавы. Няма ў школах прадмету шыльдазнаўства, і ў падручніках слова нячастае.

Шыльду ўсмакталі з малаком маці!

Больш даверу гэтым прызнаньням:

Як даўно вы ведаеце гэтае слова?
— Ну, не знаю, где-то всплыло в подсознании...
— Ну-у... ніадкуль! Ведаю!
— А-а... Оно у меня в крови!
— Мы жа радзіліся ў гэтай стране, и с молоком матери передалась нам и шыльда, і ўсё астатняе!

Так, мы такія суворыя, што шыльду ў нас усмоктваюць з малаком маці!

Шыльда Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. 2019
Шыльда Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. 2019

Просьба перакласьці „шыльду“ на расейскую ня ўсім зразумелая:

— Ты подожди... как же это слово...
— „Шильда“, правільна?
— Я даже не в курсе, что такого слова нет в русском.
— Ну, наверное, „шильда“ — так і будзе.
— Адкрываеце Пушкина и Чехова — і там на кожнай старонцы „шильда“?! — іранізуе ў адказ журналіст.

Каго павесілі ў гарвыканкаме?

У Зьмітра Бартосіка, народжанага ў Ніжнім Ноўгарадзе, такія рэплікі непазьбежна выклікаюць рэакцыю:

Я выдатна памятаю, калі ўпершыню ў жыцьці пачуў беларускае слова шыльда. Гэта быў бурапенны 1992 год. Я стаяў і курыў на вуліцы Савецкай у Гомлі, і мясцовы актывіст БНФ, які прабягаў побач, сказаў мне:
— Зьміцер! Ты бачыў — шыльду павесілі на гарвыканкаме!
Я спалохана перапытаўся:
— Каго-каго павесілі ў гарвыканкаме?!
Ён пабег далей, а я пайшоў да гарвыканкаму — і зразумеў, што такое шыльда.

Гомельскі гарадзкі выканаўчы камітэт. 2014
Гомельскі гарадзкі выканаўчы камітэт. 2014

Пошукі адпаведнага расейскага слова, бяз гугальтрансьлейта пад рукой, усё ж даюць вынік, але не адразу:

— Шыльда? Ну, напэўна, „табличка“? Но шыльда как-то ближе...

Скажыце, а як слова шыльда будзе по-русски?
— Вывеска?

Так. Бел. шыльда = рас. вывеска; табличка. А таксама…

Доска, наверное?

Пашкадуйма нашых людзей, якіх паставілі ў варункі несымэтрычнага цяперашняга двумоўя: цяжка, калі адно слова ў беларускай мове адпавядае некалькім у расейскай — зрэшты, як і наадварот.

Памятная дошка, а ня „памятная шыльда“

Дарэчы, і па-беларуску лепш казаць памятная дошка (або памятная табліца), а ня „памятная шыльда“.

Памятная табліца для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Аўтар Алесь Шатэрнік
Памятная табліца для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Аўтар Алесь Шатэрнік

​Беларускамоўным у штодзённым жыцьці лягчэй арыентавацца ў такіх моўных кантрастах:

Вы нават калі гаворыце па-расейску, яго нічым не замяняеце: шыльда і ўсё?
— Не, шыльда не скажу, вось шуфляду не замяняю. Праўда, я звычайна па-беларуску размаўляю тут. Але калі ў Пецярбург еду да сяброў, я ім не кажу: „Паглядзі, якая шыльда“. Бо яны проста не зразумеюць.

Слова шыльда ў беларускай мове пазычанае, але даволі даўно. Гэта германізм — такі самы, як і фарба, і дах, і гандаль, і тая самая шуфляда. Па-нямецку der Schild ніякага роду — дакладна тое самае, што наша шыльда. Але слова асвоенае беларускаю мовай, яно набыло жаночы род, канчатак -а, а таму непаўторнае, сваё, усім вядомае. То не хаваймася пад чужымі вывескамі, а будзьма сабою. Пад сваёй шыльдай.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG