Сулейман Кадыраў у 2016 годзе перапосьціў на сваю старонку на Facebook відэа пад назвай «Новый батальон. Набор добровольцев и сбор средств» (там мужчына з замазаным тварам кажа, што ён жыве ў Сымфэропалі, але сабраў некалькі дзясяткаў чалавек, каб ехаць ваяваць на Данбас на ўкраінскім баку), у якім, паводле расейскага сьледзтва, ёсьць «заклікі да ўчыненьня дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расейскай Фэдэрацыі».
Пад відэа абвінавачваны, паводле сьледзтва, дадаў камэнтар: «Сулейман Кадыров: Согласен! Крым — это Украина, всегда была, есть и будет! Спасибо автору за видео! Поддерживаю!». Але абвінавачваны кажа, што не пакідаў такога камэнтару, зьявіўся ён празь некалькі месяцаў пасьля перапосту, ды й такой фармулёўкай ён ніколі б не скарыстаўся. Маўляў, «яшчэ б пашпартныя зьвесткі напісаў і месца жыхарства пазначыў».
Відэа, як выявілася, запісаў у 2014 годзе жыхар Томску па прозьвішчы Кадзіраў (не Кадыраў) — у 2015 годзе яго судзілі ў Томску, але ён заключыў дамову са сьледзтвам, быў асуджаны на абавязковыя работы, але тут жа амніставаны.
Чытайце падрабязьней на расейскай службе Радыё Свабода >>
Год таму Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб правах чалавека ў анэксаваным Расеяй украінскім Крыме, асуджала неаднаразовыя парушэньні правоў мясцовых жыхароў расейскімі сілавікамі. Сёлета Трэці камітэт Генасамблеі ААН прыняў абноўленую рэзалюцыю. Крым там называецца «часова акупаванай тэрыторыяй», Расея — акупантам. І год таму, і сёлета Беларусь галасавала супраць рэзалюцыяў.