Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Другі нож у сьпіну Ўкраіне»: Беларусь прагаласавала супраць «крымскай» рэзалюцыі Трэцяга камітэту Генасамблеі ААН


Ілюстрацыйнае фота

Трэці камітэт Генэральнай асамблеі ААН прагаласаваў за абноўленую рэзалюцыю (PDF) па правах чалавека ў Крыме. Рэзалюцыя прынятая (PDF) пры 71 голасе «за» і 25 «супраць», устрымаліся 77 краінаў. Галасаваньне ў Генасамблеі па гэтай рэзалюцыі мае прайсьці ў сьнежні.

У ліку тых, хто галасаваў супраць, — Беларусь, Расея, Армэнія, Вэнэсуэла, Індыя, Іран, Казахстан, Кіргістан, Кітай, Куба, Сэрбія, Сырыя, Узбэкістан і шэраг афрыканскіх краінаў.

Ірына Герашчанка
Ірына Герашчанка

Першая віцэ-сьпікер Вярхоўнай рады Ўкраіны Ірына Герашчанка на Facebook назвала рэзалюцыю «жорсткай і вельмі важнай» і зьвярнула ўвагу на тое, што пазыцыя Беларусі па крымскім пытаньні «не нэўтральная»:

«Нэўтральныя краіны хаця б устрымаліся, Беларусі зноў не хапіла „нэўтральнасьці“ для адрознай ад РФ пазыцыі, — піша Герашчанка. — Але пры гэтым Менск прэтэндуе на пэўныя міратворчыя ляўры, адзначаючы, што стварае нэўтральную пляцоўку для перамоваў па Данбасу.

Я як украінскі палітык і як удзельнік перамоваў у менскіх групах, расцэньваю ўчарашняе галасаваньне беларускай дэлегацыі ў Трэцім камітэце ААН па рэзалюцыі па Крыме, як такое, што ідзе насуперак гучным заявам аб нэўтральнасьці. Гэта другі нож у сьпіну Украіны. Пасьля падобнага леташняга галасаваньня. Выкладаць сваю пазыцыю максымальна дыпляматычна, маўчаць не лічу магчымым».

Летась у сьнежні прадстаўнікі Беларусі галасавалі супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме на Генасамблеі ААН, за месяц да таго — спрабавала заблякаваць прыняцьце праекту рэзалюцыі Трэцяга камітэту Генасамблеі. Герашчанка і тады называла дзеяньні Беларусі «нажом у сьпіну».

МЗС Беларусі тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту» (дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым). У мінулым годзе некаторыя экспэрты казалі, што праз прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, але перамовы па Данбасе ў Менску працягваюцца дагэтуль.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG