Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскататарскаму палітыку прысудзілі ў Крыме два гады калёніі-пасяленьня


Ільмі Ўмэраў
Ільмі Ўмэраў

Намесьнік старшыні Мэджлісу крымскататарскага народу Ільмі Ўмэраў прызнаны вінаватым у закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласьці Расеі і асуджаны на два гады калёніі-пасяленьня. Актывісту таксама на два гады забаранілі займацца публічнай дзейнасьцю, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Прысуд абвясьціў судзьдзя падкантрольнага Расеі Сімферопальскага раённага суду Андрэй Куліш. Сьледзтва ставіла ў віну Умэраву выказваньні, якія ён зрабіў падчас інтэрвію крымскататарскаму тэлеканалу ATR. У эфіры Умэраў казаў пра неабходнасьць узмацненьня санкцый супраць Расеі, якія могуць прымусіць яе сысьці з Крыму і Данбасу.

Паводле сьцьвярджэньня намесьніка старшыні Мэджлісу, ён не дапускаў заклікаў да сэпаратызму. Умэраў гаварыў на крымскататарскай мове, і перакладчык падчас допыту ў судзе пацьвердзіў, што слова «трэба», якое сьледзтва разглядала як доказ заклікаў, Умэраў не казаў.

Бок абвінавачаньня прасіў пакараць Умэрава трыма з паловай гадамі пазбаўленьня волі ўмоўна, а таксама прызначыць актывісту трохгадовы выпрабавальны тэрмін і на такі самы час забараніць яму займацца публічнай і выкладчыцкай дзейнасьцю.

Сам Умэраў абвяргае абвінавачаньні ў сэпаратызме. 20 верасьня ён выступіў у судзе з апошнім словам і заявіў, што пасьля анэксіі Крыму расейскія сілавыя структуры праводзяць рэпрэсіі супраць прыхільнікаў тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны.

Расейскія ўлады забаранілі дзейнасьць Мэджлісу крымскататарскага народу. Самі крымскія татары сутыкнуліся з ператрусамі і арыштамі. У красавіку 2017 году Міжнародны суд ААН у Гаазе запатрабаваў ад Расеі паважаць правы крымскіх татараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG