Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч затрыманы ў Менску. На волі ён прабыў тры тыдні


Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

На выхадзе зь менскага офіса прафсаюзу РЭП пасьля паседжаньня рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу затрыманы лідэр БНК Мікола Статкевіч.

«Стаялі колькі каля нашай хаты машыны, не глушылі рухавікі. Сёньня за намі на таксоўцы цягнуліся. А як толькі мы выйшлі з офіса БНК, двух крокаў не пасьпелі зрабіць ад пад’езду, як бусік падкаціў і схапілі Міколу», — кажа Свабодзе жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

Статкевіч прабыў на волі тры тыдні: 31 жніўня ён быў вызвалены пасьля 5 сутак арышту за парушэньне, якое нібыта ўчыніў яшчэ на акцыі 30 сакавіка (тады каля ізалятара на Акрэсьціна прайшла акцыя салідарнасьці зь вязьнямі Дня Волі, пра ўдзел у ёй Мікалая Статкевіча не паведамлялася). Але таксама Статкевічу прысудзілі пакараньне ў 15 сутак за іншае парушэньне — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня. Статкевіча вызвалілі пасьля 5 сутак, не прымушалі адседзець яшчэ 15.

​Статкевіч казаў Свабодзе, што гэткая «гульня суткамі» — стрэс ня столькі для яго, колькі да ягоных блізкіх. Згадваючы санкцыі супраць яго і ягонай сям’і, ён казаў: «Я думаю, гэта мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны».

Ён меркаваў, што яго будуць затрымліваць перад «акцыяй папярэджаньня», але затрыманьня не адбылося, акцыя прайшла з удзелам Статкевіча.

На Радзе БНК, як пісаў Статкевіч, падвялі вынікі папярэдніх акцыяў пратэсту і пацьвердзілі ранейшае рашэньне ладзіць «Марш абураных беларусаў 2.0» 21 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Менску.

«Гэта спроба выціснуць нас з краіны», — Статкевіч пра «гульню суткамі», штрафы і пагрозу зьнесьці дом

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG