Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя «За мірную Беларусь», на якую заклікаў Мікола Статкевіч, прайшла мірна


У цэнтры Менску мірна прайшла акцыя «За мірную Беларусь», якую арганізавалі Беларускі нацыянальны кангрэс і Мікола Статкевіч. Прыкладна 150 чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу і прайшлі калёнай па ходніку да плошчы Незалежнасьці. Ніхто з апазыцыйных палітыкаў не далучыўся да акцыі. Затрыманьняў і брутальных дзеяньняў з боку міліцыі не было.

Акцыя Міколы Статкевіча была заплянаваная на 14-ю гадзіну на Кастрычніцкай плошчы. Прыкладна а 13 гадзіне палітык выйшаў з дому ў суправаджэньні журналістаў, асьцерагаючыся прэвэнтыўнага арышту, як гэта было перад акцыямі 25 сакавіка і 1 траўня, калі за дзень да акцыі палітыка «нэўтралізоўвалі» — затрымлівалі і зьмяшчалі ў ізалятар КДБ.

На акцыю Мікалай Статкевіч паехаў на таксоўцы з дому ў Лошыцы. Жонка Марына — на ўласнай машыне. За імі паехалі яшчэ некалькі аўтамабіляў з журналістамі недзяржаўных мэдыяў.

Мікалай Статкевіч каля свайго дому а 13-й гадзіне перад выездам у цэнтар Менску
Мікалай Статкевіч каля свайго дому а 13-й гадзіне перад выездам у цэнтар Менску

У 13:22 таксоўку, у якой ехаў Статкевіч, супрацоўнікі ДАІ спынілі на вуліцы Кірава. Статкевіч перасеў у іншую таксоўку, паехаў далей. У 13:26 на вуліцы Леніна, каля Мастацкага музэя, таксоўку са Статкевічам зноў спынілі супрацоўнікі ДАІ. Статкевіч далей пайшоў пешшу. Ён выказаў меркаваньне, што яго не затрымалі толькі дзякуючы журналістам.

За Палацам Рэспублікі стаялі 4 аўтазакі, вакол вельмі шмат супрацоўнікаў сілавых структур у цывільным.

У 13:32 на Кастрычніцкай плошчы зьявіўся Статкевіч. На пытаньне Радыё Свабода, што ў ягонай вялікай торбе, адказаў: «Я сам прынёс гукаўзмацняльную апаратуру, бо больш не давяраю маладым: «ім могуць падкінуць бутэлькі».

Акцыя пад назовам «Улада народу» праводзіцца «супраць унутранай акупацыі», кажа Статкевіч.

«Альбо дыктатар, альбо папрашайка» — так ахарактарызаваў палітык апошнія дзеяньні кіраўніка дзяржавы.

«Гэта наш горад, гэта наша краіна, і мы будзем выходзіць на плошчу», — паабяцаў Мікола Статкевіч.

Сёньня парад Парады на Дзень незалежнасьці патрэбны, кажа Статкевіч, але ў іншыя дні — альбо 25 жніўня, калі ў 1991 годзе была абвешчана незалежнасьць, альбо 25 сакавіка — у Дзень Волі, дзень абвяшчэньня БНР.

Перад акцыяй зь перанасной калёнкі гучалі гіты Лявона Вольскага і Сяргея Міхалка.

Максім Вінярскі і Натальля Папкова прынесьлі расьцяжку з надпісам «Баста!»

13:55
13:55

Да ўдзельнікаў далучылася Ніна Багінская зь бел-чырвона-белым сьцягам. Паводле розных ацэнак, у акцыі бяруць удзел ад 100 да 150 чалавек. На шляху ўдзельнікаў акцыі здымалі міліцэйскія апэратары і зь невялікага чырвонага аўтобуса, які павольна ехаў па праспэкце Незалежнасьці.

У 14:04 Статкевіч пачаў мітынг, прамова была кароткай. Ён заклікаў людзей прайсьці маршам да плошчы Незалежнасьці.

14:10
14:10

На паўхвіліны Статкевіч спыніўся каля будынку КДБ, дзе нагадаў пра справу «Белага легіёну», і каля МУС, дзе прысароміў супрацоўнікаў міліцыі.

У 14:30 калёна дайшла да плошчы Незалежнасьці. На пляцоўцы перад Чырвоным касьцёлам Мікола Статкевіч падзякаваў усім удзельнікам акцыі «За мірную Беларусь» і падсумаваў: «Мы яшчэ раз нагадалі ўладам, што гэты горад, гэты праспэкт, гэта плошча Незалежнасьці належыць нам. Пакуль мы жывыя, Беларусь будзе жыць».

Пасьля заканчэньня акцыі моладзь брала аўтографы ў Міколы Статкевіча, рабіла з палітыкам сэлфі. Палітык анансаваў акцыю ў верасьні.

Ніхто зь лідэраў апазыцыі не далучыўся да акцыі. Міліцыя ня ўмешвалася ў хаду акцыі, не перашкаджала, хаця пільна назірала за падзеямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG