Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта спроба выціснуць нас з краіны», — Статкевіч пра «гульню суткамі», штрафы і пагрозу зьнесьці дом


Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч выйшаў на волю 31 жніўня пасьля 5 сутак арышту. Але таксама Статкевічу было прысуджанае пакараньне ў 15 сутак — жонка абскардзіла прысуд, яго маюць пераглядаць 7 верасьня, за дзень да анансаванай Статкевічам «акцыі папярэджаньня».

«Мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны»

Я думаю, гэта мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны. І дом зносяць, і пазбавілі права вадзіць машыну, арыштавалі тэлефон, штрафы за дэманстрацыі, палову вайсковай пэнсіі вылічваюць за тыя штрафы, што не плачу

«Гэты арышт нікуды ня дзеўся, — кажа Статкевіч пра „дадатковыя“ 15 сутак. — У іх ёсьць фармальная зачэпка, якую яны маглі б і не скарыстоўваць, могуць не скарыстаць да канца. Калі стала вядома, што я атрымаў 15 сутак і магу быць „прэвэнтыўна“ ізаляваны ад „акцыі папярэджаньня“, даў дазвол жонцы, і яна накіравала скаргу ў гарадзкі суд.

Лепш было бы адседзець за адзін раз, як па мне. Мабыць, і для маіх блізкіх было б лепш, чым зноў недзе будуць лавіць, невядома ў які час і дзень, зноў везьці, абшукваць, забіраць рэчы. Гэта прынясе дадатковы стрэс ня столькі мне — бо мне пасьля дзьвюх „крытых турмаў“ гэта здаецца дзіцячымі гульнямі, — колькі маім блізкім.

Я думаю, гэта мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны. І дом зносяць, і пазбавілі права вадзіць машыну, арыштавалі тэлефон, штрафы за дэманстрацыі, палову вайсковай пэнсіі вылічваюць за тыя штрафы, што не плачу, судовыя выканаўцы... За першыя дні жніўня мы ўдваіх з жонкай атрымалі пяць адміністрацыйных спагнаньняў: у жонкі два штрафы па 500 даляраў, у мяне штраф 600 даляраў, 5 і 15 сутак. Гэта мэтанакіраванае выцісканьне з краіны.

Але я хачу сказаць гэтым людзям, што выціснуць з краіны нас ня ўдасца. Мы зь Беларусі ня зьедзем».

«Улада ўжывае сваю тактыку 90-х»

Статкевіч кажа, што «ўлада ўжывае сваю старую тактыку, якую ўжывала ў другой палове 90-х»: тады пратэстоўцы бачылі пагрозу далучэньня Беларусі да Расеі, выходзілі на дэманстрацыі, шэраг якіх узначальваў Статкевіч, а ўлады спрабавалі зьнясіліць арганізатараў арыштамі і штрафамі, да таго ж прапаноўвалі «імітацыйны пратэст» на плошчы Бангалор, далёка ад цэнтру гораду. Таксама Статкевіч згадвае, што калі яго затрымалі напярэдадні Дня Волі, то ўлады не прызнавалі гэтага, і толькі больш як празь месяц Сьледчы камітэт прызнаў, што ён быў за кратамі.

«Гэта запалохвае людзей, запалоханым дае магчымасьць адмовіцца: вунь Статкевіч пазваў, а не прыйшоў, што ж я пайду? Гэта лёгіка вычварэнская, лёгіка баязьліўцаў, але яна таксама прысутнічае. Таксама ж у 90-я выкарыстоўвалася тактыка „імітацыйнага пратэсту“, калі даваўся дазвол на плошчу Бангалор, некаторыя туды хадзілі. Усё гэта зноў ужываецца, бо ўлада напалоханая».

Таксама, мяркуе Статкевіч, «суткі» маглі «раскідаць», каб паглядзець на рэакцыю «новых заходніх сяброў Лукашэнкі»: маўляў, пакуль тыя ў адпачынках, даць 5 сутак, паглядзець на рэакцыю, а калі рэакцыя будзе спакойная, дадаваць далейшы арышт.

На мэце — акцыя 8 верасьня

Вызваленьне ён бачыць як магчымасьць папрацаваць на падрыхтоўку акцыі 8 верасьня і заклікаць усіх патрыётаў выйсьці на акцыю, не зважаючы на тое, ці будуць лідэры пратэсту за кратамі, ці на акцыі.

калі нехта лічыць, што абавязкова, каб я прысутнічаў на акцыях заўсёды, то калі ласка, выходзьце 8 верасьня, і калі я не змагу дайсьці, патрабуйце там майго вызваленьня

«Гэта лёс краіны — і мы нясьпелая нацыя, калі лёс краіны залежыць толькі ад таго, ці на свабодзе адзін чалавек, ці не, — кажа Статкевіч. — Гэты пэрыяд, калі амаль за 5 год майго зьняволеньня не было амаль ніводнага мітынгу апазыцыі, гэта ганьба. Такога больш не павінна быць.

А калі нехта лічыць, што абавязкова, каб я прысутнічаў на акцыях заўсёды, то калі ласка, выходзьце 8 верасьня, і калі я не змагу дайсьці, патрабуйце там майго вызваленьня. Пакажыце, што зьняволеньне лідэраў акцыі прыводзіць толькі да павелічэньня колькасьці ўдзельнікаў акцыі — і тады ўлада памяняе тактыку».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG