Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Статкевіча заклікалі 8 верасьня прыняць прысягу на Кастрычніцкай плошчы


Мікалай Статкевіч

Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікала ўзяць удзел у акцыі папярэджаньня 8 верасьня на Кастрычніцкай плошчы Менску.

«Цяпер гэта ня толькі акцыя пратэсту, але і акцыя салідарнасьці з усімі, хто так ці інакш пацярпеў ад несправядлівасьці, беззаконьня, ад рэпрэсій», — гаворыцца ў заяве БНК.

У ёй патрабуецца неадкладна вызваліць і спыніць палітычны перасьлед аднаго зь лідэраў БНК Мікалая Статкевіча і кіраўнікоў незалежнага прафсаюзу РЭП. Паводле аўтараў заявы, арышт Мікалая Статкевіча 26 жніўня наўпрост зьвязаны з акцыяй «За мірную Беларусь!»

«Арышт Статкевіча — спроба рэжыму сарваць акцыю пратэсту супраць уцягваньня Беларусі ў вайскова-палітычныя блёкі, супраць антынацыянальнай унутранай і зьнешняй палітыкі, — гаворыцца ў заяве. — Мэтай зьбіць хвалю народных пратэстаў абумоўлены таксама палітычны перасьлед сябра рады БНК, лідэра незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча, сябра РЭП Ігара Комліка».

Ініцыятары акцыі заклікалі 8 верасьня ў Дзень беларускай вайсковай славы прысягнуць на вернасьць Айчыне.

У заяве публікуецца тэкст прысягі:

Я... іменем Бога і Беларусі: клянуся змагацца за свабоду і незалежнасьць маёй краіны

«Я... іменем Бога і Беларусі: клянуся змагацца за свабоду і незалежнасьць маёй краіны; клянуся берагчы Беларусь у сэрцы маім, бараніць яе ад любога, адкуль бы ён ні прыйшоў, ворага; клянуся быць верным Беларусі і ніколі ня здрадзіць маім сябрам, якія змагаюцца за вольную Айчыну. Жыве Беларусь!»

Някляеў таксама пад пагрозай арышту

Адзін зь лідэраў БНК Уладзімер Някляеў сказаў карэспандэнту Свабоды, што Мікалай Статкевіч наўрад ці возьме ўдзел у акцыі.

«Ужо можна сказаць, што наўрад ці ён будзе. Але Рада БНК — гэта больш за 20 чалавек, і раней арыштоўвалі і Някляева, і Статкевіча, але акцыі ўсё роўна праводзіліся», — сказаў палітык.

Паводле Някляева, у Статкевіча два арышты — на 5 і 15 сутак.

«Калі ў чалавека два арышты, ён адседжвае адзін, пасьля яго выводзяць на вуліцу і тут жа забіраюць, вядуць назад за краты. Зусім магчыма, што зь ім абыдуцца менавіта так. Хутчэй за ўсё, яго ня выпусьцяць. І невядома яшчэ, што будзе зь іншымі. Але Рада БНК прыняла пастанову праводзіць акцыю пратэсту. Гэта воля арганізацыі», — сказаў адзін зь лідэраў БНК.

Уладзімер Някляеў дадаў, што таксама па рашэньні суду мае пяць сутак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG