Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч запрасіў журналістаў трансьляваць ягоны шлях ад дому да акцыі


Мікалай Статкевіч

Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч запрасіў журналістаў 8 верасьня трансьляваць анлайн ягоны шлях ад дому да месца, дзе будзе праводзіцца акцыя папярэджаньня .

На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён напісаў, што зьбіраецца выехаць з дому на акцыю, якая пачнецца ў 19:00 на Кастрычніцкай плошчы Менску, за гадзіну да яе пачатку.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Мікола Статкевіч патлумачыў сваё рашэньне так:

«Насамрэч сытуацыя зьвязаная з тым, што мяне двойчы напярэдадні веснавых акцый захоплівалі сілавікі Лукашэнкі. Адзін раз яны нават доўга не прызнаваліся, што я быў выкрадзены імі, захоплены і знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Толькі празь месяца паўтара Сьледчы камітэт у адказе на заяву скрозь зубы прызнаў, што правы былі парушаныя.

Самае лепшае, калі гэтым сьведкам здолее стаць кожны ахвотны грамадзянін

​Другі раз яны гэта зрабілі, выцягнуўшы невядомыя мне пратакол, рашэньне суду і адміністрацыйны арышт. Цяпер такое можа паўтарыцца, а ўсе подлыя, нізкія справы заўсёды робяцца ў таямніцы. Яны чамусьці вельмі баяцца, каб ня быць выкрытымі, каб іх не зьнялі, каб людзі не пабачылі іх за гэтай бруднай справай. Таму я проста хачу, каб мой шлях да акцыі папярэджаньня на Кастрычніцкую плошчу адбываўся пры сьведках. Самае лепшае, калі гэтым сьведкам здолее стаць кожны ахвотны грамадзянін. Гэта можна зрабіць анлайнам, як гэта было напярэдадні 3 ліпеня. Тады журналісты прысутнічалі пры маім шляху на Кастрычніцкую плошчу, і тады, мабыць, толькі дзякуючы гэтаму я здолеў дабрацца. Бо таксоўку, якую падчас руху таксама анлайн здымаў „Белсат“, двойчы спынялі, я мяняў гэтыя таксоўкі, але ўрэшце дабраўся да акцыі. Таму спадзяюся, што на гэты раз гэта дапаможа».

Мікола Статкевіч сказаў, што акцыя папярэджаньня пройдзе ў любым выпадку.

Мне не зусім зразумела самаўхіленьне ад гэтай тэмы некаторых палітыкаў і выданьняў.

«Я думаю, што тэма занадта важная і небясьпечная. Мне не зусім зразумела самаўхіленьне ад гэтай тэмы некаторых палітыкаў і выданьняў. Але насамрэч недарэмна гэта акцыя завецца акцыяй папярэджаньня. Страшную бяду, нават калі яе імавернасьць здаецца цяпер ня вельмі высокай, але я думаю, што яна істотная, трэба папярэджваць, чымсьці потым расхлёбваць крывавыя наступствы. То бок акцыя пройдзе. Я думаю, у Беларусі знойдзецца дастаткова мужчын і жанчын, якія разумеюць яе важнасьць на тле ўсяго таго, што адбываецца вакол нас, вакол нашай краіны. А цяпер ужо і ў нашай краіне. Яна пройдзе, упэўнены».

Мікола Статкевіч выйшаў на волю 31 жніўня пасьля 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Раней Статкевічу таксама было прысуджанае пакараньне ў 15 сутак — жонка абскардзіла гэты і іншыя прысуды. Іх маюць пераглядаць 7 і 8 верасьня, перад анансаванай Беларускім нацыянальным кангрэсам акцыяй папярэджаньня.

7 верасьня Мікола Статкевіч даслаў у Менгарвыканкам ліст, у якім паведаміў пра намер БНК правесьці акцыю ў Менску на Кастрычніцкай плошчы 8 верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы.

«Ранейшы вопыт паведамленьняў у Менгарвыканкам аб плянуемых мірных сходах паказаў нежаданьне гарадзкіх уладаў прытрымлівацца заканадаўства і міжнародных абавязаньняў, узятых на сябе нашай краінай. Таму прапаную выканаць патрабаваньні Канстытуцыі і забясьпечыць бесьперашкоднае і бясьпечнае правядзеньне масавага мерапрыемства», — гаворыцца ў лісьце.

Арганізатары акцыі плянуюць, што яе ўдзельнікі на плошчы прымуць Клятву свабоды.

25 гадоў таму, 8 верасня 1992 году, вайскоўцы прымалі ўрачыстую прысягу на вернасьць Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG