Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускамоўных людзей становіцца больш». Случак расказаў, калі перастане пісаць скаргі на абразу мовы


Ігар Случак

Самы вядомы моўны актывіст фэйсбуку Ігар Случак расказаў, як ягоная сямʼя ўплывае на тое, што ён піша скаргі, і пры якой умове ён спыніць сваю актыўнасьць.

Скандал вакол беларускай мовы і хворага на рак падлетка

Гамяльчук Ігар Случак, юрыст і актывіст кампаніі «Справаводзтва па-беларуску», займеў вядомасьць як папулярызатар беларускай мовы ў футболе. Дзякуючы ў тым ліку і ягоным намаганьням на футболках большасьці камандаў Вышэйшай лігі цяпер надпісы па-беларуску.

Не без удзелу Ігара Случака футбольныя клюбы пачалі падпісваць прозьвішчы гульцоў па-беларуску. Сёлета так робяць 11 з 16 клюбаў Найвышэйшай лігі

Таксама Случак дбае аб пашырэньні ўжытку беларускай мовы ў рэкляме і на таварных этыкетках. У карыстальнікаў сацсетак усё гэта збольшага выклікала станоўчыя водгукі, а сам Ігар стаў ці не найбольш вядомым у фэйсбуку папулярызатарам мовы.

Яго раз-пораз крытыкавалі. Але агулам дзейнасьць Случака ўспрымалася пазытыўна. Да гісторыі з пазовам супраць 16-гадовага падлетка Ільлі Клішэвіча, хворага на рак. Ільля напісаў, што «ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, і кожны чалавек на якой хоча, на той і размаўляе. У гэтым няма нічога дрэннага. А беларуская мова мёртвая».

Случак падаў пазоў, прасіў пакараць падлетка штрафам «за абразу беларускай мовы». Пазьней атрымаў ліст ад маці Клішэвіча — яна прасіла прабачыць і забраць заяву. А таксама паведамленьне з Салігорскага райвыканкаму, што «падстаў караць Клішэвіча няма». І яшчэ сапраўдны вал крытыкі на сваю старонку ў фэйсбуку ад раззлаваных камэнтатараў. Тыя ў асноўным падзяліліся на дзьве групы. Адны не маглі дараваць Случаку пазову супраць цяжка хворага падлетка. Іншыя казалі, што такімі мэтадамі беларускую мову ў масы не прасунеш.

Нацыянальны трэнд падхапіла і зборная Беларусі па футболе
Нацыянальны трэнд падхапіла і зборная Беларусі па футболе

Спрэчкі працягваюцца ўжо колькі тыдняў. Яны ўзмацніліся пасьля гісторыі з адміністратарам рэстарана «Бургер Кінг», які адказаў на беларускамоўную скаргу па-расейску. Гэтым адміністратар парушыў заканадаўства. І хоць Ігар Случак дачыненьня да гісторыі ня мае, пры абмеркаваньні гэтай сытуацыі згадваюць і яго.

У размове са Свабодай актывіст кажа, што людзі часта не разумеюць, чым на самой справе ён займаецца, а шум уздымаецца ў першую чаргу праз эмоцыі.

«Усё гэта пачалося ў тым ліку праз тое, што на некаторых сайтах зьявіліся загалоўкі — „Ігар Случак хоча прыцягнуць да адказнасьці хворага на рак падлетка“. У людзей адразу эмоцыі ўзьнікалі. Але праблема была ня ў тым, каб прыцягнуць да адказнасьці хворага падлетка. Ідэя была ў тым, каб прыцягнуць да адказнасьці чалавека, які абражае беларускую мову».

Я выбіраю тыя выпадкі, якія могуць прыцягнуць увагу СМІ

А што са шматлікімі крытычнымі камэнтарамі? Няўжо яны не паўплывалі на Случака? Ён кажа, што не. Ігар Случак па-ранейшаму перакананы, што мае рацыю.

«Я да крытыкі стаўлюся больш-менш спакойна. Усім падабацца ніколі ня будзеш. Трэба рабіць сваё. Калі б у мяне зараз спыталіся, ці паўтарыў бы я свае дзеяньні, ці прыцягнуў бы яго да адказнасьці, то я б адказаў, што так, — тлумачыць Ігар. — Нават ведаючы, чым гэта для мяне ў выніку абярнулася. Усё адно гэта зрабіў бы. Таму хлопцу некалькі разоў прапаноўвалі выдаліць камэнтары. Ён адмовіўся, рабіў усё гэта прынцыпова. Я да яго эмоцый ніякіх ня маю. Ён толькі прыклад».

На такія цытаты Случак піша скаргі
На такія цытаты Случак піша скаргі

Пра выпадак з хворым падлеткам Ігар Случак гаворыць шмат. Лічыць няправільным рабіць акцэнт на хваробе. Кажа, што пасьля гэтай гісторыі колькасьць тых камэнтатараў, хто асуджае, прыкладна зраўнялася з колькасьцю тых, хто падтрымлівае.

«Нехта думае, што я толькі і раблю, што вышукваю ў інтэрнэце, каго б прыцягнуць. На самой справе ўсё больш складана. Я выбіраю тыя выпадкі, якія могуць прыцягнуць увагу СМІ. Каб гісторыя не засталася незаўважанай. Каб на яскравых прыкладах паказваць, што нельга беларускую мову абражаць, і каб як мага больш людзей пра гэта даведалася».

Ігар Случак перакананы: у хуткім часе яму больш ня прыйдзецца пісаць скаргі і звароты. Таму што ўсё часьцей людзі самі гэта робяць. Яскравы прыклад — гісторыя Анатоля Новікава, якога адмовіліся разумець у «Бургер Кінгу». Для супрацоўніка сеткі фастфуду справа можа скончыцца грашовым штрафам. Рэакцыя карыстальнікаў сацсетак, як і ў выпадку з хворым на рак падлеткам, неадназначная.

«Пашкодзіць беларускай мове такімі скандаламі немагчыма»

«Я думаю, што пашкодзіць беларускай мове такімі гісторыямі немагчыма. Ёй тысячу гадоў шкодзілі так, што гэта дробязі... Я ўсё гэта раблю не для папулярызацыі беларускай мовы, а для таго, каб мову не прыніжалі. Калі нехта ёй не карыстаецца, хай не карыстаецца. Але пры гэтым нельга яе зьневажаць. Мая маці ўсё жыцьцё выкладала беларускую мову, і калі нехта кажа, што яна мёртвая, то гэта абраза для маёй сямʼі».

Калі нехта кажа, што беларуская мова — мёртвая, гэта абраза для маёй сямʼі

Па словах Случака, беларусам трэба адыходзіць ад мяккасьці і цьвёрда трымацца тых заканадаўчых нормаў, якія ўжо існуюць. Трэба дамагацца, каб ва ўсіх кавярнях ведалі, што такое гарбата, каб беларуская мова была нармальным сродкам камунікацыі. А таксама, каб усталяваны ў 1996 годзе білінгвізм рэальна выконваўся.

Случак кажа, што беларусы абіраюць расейскую мову таму, што яна цяпер асноўная. Беларуская мова павінна мець сапраўды роўныя з расейскай умовы. Калі гэта не падштурхне беларусаў часьцей карыстацца беларускай мовай, актывіст гатовы прызнаць паразу.

«Калі пры роўных умовах беларус да беларускай мовы не павернецца, то я прызнаю, што ёсьць праблема. Што беларусы ня хочуць гаварыць па-беларуску. А пакуль жа я лічу, што беларусы проста ня хочуць жыць у стрэсе, ня хочуць карыстацца мовай, якой нідзе няма. Беларусы проста ня хочуць парыць сабе галаву», — кажа Случак.

«У рэальным сьвеце ніхто ня ведае, хто такі Случак»

Ігар Случак бачыць прычыны для аптымізму. Па ягоных словах, гэта заўважна і ў яго родным Гомлі.

«Беларускамоўных школ становіцца ўсё менш, а беларускамоўных людзей — усё больш», — кажа Случак.

Па словах моўнага актывіста, ён вельмі часта чуе беларускую мову з вуснаў людзей, не ангажаваных у палітыку і далёкіх ад беларускай культуры.

Актывіст кажа, што, нягледзячы на ўсе спрэчкі, ніхто з важных для яго людзей ня выказаўся супраць ягоных мэтадаў. Хутчэй наадварот. Случак адчувае іх падтрымку.

«Нельга арыентавацца толькі на фэйсбук і сацсеткі наогул. Людзі вельмі хутка губляюць там стрыжань, пачынаюцца нейкія разборкі. Пытаньне асноўнае губляецца. На думку людзей трэба арыентавацца, але я вось выходжу зь віртуальнага сьвету ў рэальны. А там ніхто ня ведае, хто такі Случак, ніхто ня ведае ўсіх гэтых гісторый», — кажа Ігар.

Зь іншага боку, ён сам прызнае, што пасьля некалькіх пазоваў за абразу беларускай мовы такіх выпадкаў у інтэрнэце становіцца ўсё менш. І цяпер, калі хто дазваляе сабе абразьлівыя камэнтары, то робіць іх звычайна пад ананімным нікам, а не пад сваім сапраўдным імем.

«Моўнае пытаньне заўсёды неадназначнае. Калі я ўжо ўзяўся за яго, то трэба быць гатовым, што ня ўсе будуць падтрымліваць», — кажа Ігар Случак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG