Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую мову на этыкетках прынесьлі ў ахвяру Эўразійскаму саюзу


Фрагмэнт плякату Ўладзіміра Крукоўскага

Дзяржава не зацікаўленая ў беларусізацыі мясцовых вытворцаў і абмяжоўвае выкарыстаньне роднай мовы ў іх дзейнасьці. Гэта вынікае з новых нормаў стандартызацыі прадукцыі СТБ 1100-2016, якія набылі моц ад 1 лютага.

На справе выглядае, што фактычна забаронена інфармаваць пакупнікоў толькі па-беларуску. Згодна з артыкулам 4 «Агульныя патрабаваньні да зьместу для спажыўца харчовай прадукцыі», «информация для потребителя в виде текста наносится на русском или русском и белорусском языках». Калі называць рэчы сваімі імёнамі, расейская мова — абавязковая, беларуская — не.

Беларускай мове адведзены статус дадатковай, неабавязковай

Каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак перакананы: родную мову прынесеная ў ахвяру інтэграцыйным наднацыянальным утварэньням пад эгідай Масквы. Падвойна прыкра, ягонымі словамі, што ў мытна-эканамічныя саюзы вышэйшае кіраўніцтва Беларусі ўцягнула краіну без аніякага абмеркаваньня з грамадзянамі:

«Паколькі мы ў Эўразійскім эканамічным саюзе, ідзе гарманізацыя заканадаўства зь дзяржавамі-чальцамі. Адпаведна, краіны ЭАЭС павінны падпадаць пад агульныя рэглямэнты. Праўда, ёсьць нюансы: той жа Казахстан таксама мусіць пісаць па-расейску на сваіх таварах, але дзяржаўная мова там казаская, таму надпісы дублююцца. Беларусь — адзіная краіна ЭАЭС, у якой дзьве дзяржаўныя мовы. Пры гэтым наша заканадаўства не прапісвае, што абедзьве яны павінны абавязкова выкарыстоўвацца. А ў новай рэдакцыі СТБ расейская мова наагул выходзіць на першае месца, тыім часам як беларуская становіцца дадатковай нароўні зь іншымі неабавязковымі замежнымі мовамі. Гэта ўжо наўпрост парушае Канстытуцыю».

Прадпрымальнік Павал — зь ліку тых, каму паводле новага СТБ 1100-2016 практычна забаронена вырабляць этыкеткі толькі па-беларуску. Кажа, што ў яго падпісаная дамова зь беларускім вытворцам вады, каб пастаўляць на рынак прадукцыю пад гандлёвым знакам «Белыя крылы». Аднак цяпер амбітныя пляны пад пагрозай:

«Апошняя інстанцыя перад пападаньнем тавараў на паліцы крамаў — арганізацыі выдачы дэклярацыі на прадукцыю, — кажа Павал. — Яны зьбіраюць зьвесткі па ўсіх рэглямэнтаваных нормах, макет этыкеткі і выдаюць адпаведную дэклярацыю Мытнага саюзу. Я распрацаваў і прадставіў этыкетку на беларускай мове. Але яе не прынялі — маўляў, у Беларусі абавязкова трэба дубляваць інфармацыю для спажыўцоў яшчэ і па-расейску. Я моцна зьдзівіўся, засумняваўшыся ў кампэтэнцыі дзяржаўнага супрацоўніка: чаму, жывучы ў сваёй краіне, я не магу даносіць зьвесткі да пакупнікоў на сваёй роднай мове?»

Прадпрымальнік ня здаўся і пачаў разьбірацца далей. Найперш папрасіў у супрацоўніка службы дзяржстандарту спасылку на дакумэнты, паводле якіх нельга выкарыстоўваць адну толькі беларускую мову. Неўзабаве іх атрымаў.

Па-першае, гэта тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу ТР ТС 022 ад 2011 году. Артыкул 4, пункт 2: «Маркировка упакованной пищевой продукции должна быть нанесена на русском языке и на государственном(ых) языке(ах) государства — члена Таможенного союза при наличии соответствующих требований в законодательстве(ах) государства(в)-члена(ов) Таможенного союза».

Па-другое, згаданы ўжо СТБ 1100-2016, дзе гаворыцца, што «информация для потребителя в виде текста наносится на русском или русском и белорусском языках».

Як кажа Павал, ягонаму зьдзіўленьню не было мяжы. Таму наступным крокам было тэлефанаваньне ў Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сэртыфікацыі, які непасрэдна распрацоўваў нормы СТБ 1100. Адразу там патлумачылі, што ня трэба дачасна панікаваць, бо ніхто не адмяняў закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Артыкул 30, у прыватнасьці, кажа:

«Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстаньню таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове».

Але сёньня і прадпрымальніку, і карэспандэнту Свабоды ва ўстанове пацьвердзілі: усе нормы СТБ 1100-2016 адаптаваныя да патрабаваньняў рэглямэнту Мытнага і Эўразійскага эканамічнага саюзаў. То бок расейская мова — асноўная, беларуская — як дадатак.

Моўны стандарт «цынічны, неканстытуцыйны»

«Цяперашні СТБ — гэта непрыхаванае, цынічнае парушэньне Асноўнага закону, — кажа каардынатар грамадзкай ініцыятывы „Справаводзтва па-беларуску“ Ігар Случак. — Згодна з Канстытуцыяй беларуская і расейская мовы роўныя. Але цяпер атрымліваецца, што расейская ўсё ж „раўнейшая“, яе можна выкарыстоўваць бязь нейкіх дадатковых умоваў. А вось на беларускую, без перабольшаньня, накладзена забарона. Такі падыход цалкам неканстытуцыйны. Прынамсі, спадзяюся, што Канстытуцыйны суд зьверне на гэта ўвагу. Я не разумею, як такі акт наагул прайшоў юрыдычную экспэртызу. Бо гэта праблема, якая вырашаецца не на карысьць роднай мовы — праз новы СТБ вытворцы адмаўляюцца ад напісаньня па-беларуску».

Прадпрымальнік Павал, якому новы рэглямэнт «зьвязаў» ягоныя «Белыя крылы», зьвярнуўся ў некалькі прыватных арганізацыяў, якія таксама выдаюць дэклярацыі на прадукцыю. У адной спачатку сказалі, што ня бачаць ніякіх праблемаў з працоўнай мовай. Але, пагартаўшы СТБ 1100-2016, далі задні ход — маўляў, закон ёсьць закон, беларуская мова можа існаваць толькі ў пары з расейскай.

Таваразнаўцы так і кажуць: «З-за вашай мовы адны толькі праблемы»

Пасьля гэтага ён скантактаваўся з калегамі-вытворцамі. Прадпрыемства «Вінакурня Нарач» ужо больш за пяць гадоў вырабляе пітную ваду ў цалкам беларускамоўным інфармацыйным суправаджэньні. Аказалася, што нейкі час таму нарачанцы атрымалі папярэджаньне: беларускую мову можна захаваць на этыкетцы толькі ў выпадку, калі да яе дададуць расейскую. Такім чынам, сёньня для арганізацыяў, якія выдаюць дэклярацыі, найважнейшы закон — тэхрэглямэнт Мытнага саюзу і СТБ 1100-2016, а «Закон аб мовах» рэальнай сілы ня мае.

Зрэшты, па словах прадстаўніка вытворцы, і яны, і крамы, у якія паступае іхняя прадукцыя, пачалі сутыкацца зь цяжкасьцямі яшчэ раней. Як толькі тавар трапляе на паліцы, за маркіроўку на этыкетцы нясе адказнасьць крама. У сваю чаргу, падчас праверак кантралёры гатовыя выпісваць штраф ужо за тое, што на этыкетках ёсьць толькі беларуская мова — бо гэта супярэчыць тэхнічнаму рэглямэнту Эўразійскага эканамічнага саюзу. Таваразнаўцы так і кажуць: «З-за вашай мовы адны толькі праблемы».

Лісты ад Дзяржстандарту, які старым СТБ 1100-2007 дазваляў беларусізацыю ў маркіроўцы, не заўсёды мелі эфэкт нават раней. Цяпер жа гандлёвыя сеткі адмаўляюцца працягваць супрацоўніцтва зь беларускамоўнымі вытворцамі, каб ня мець лішніх праблемаў.

Ня так даўно «нарачанцы» накіравалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю ліст, у якім зьвярнулі ўвагу на нелягічнасьць артыкула СТБ 1100-2016, які стаў асноўным правілам для органаў дэкляраваньня. Як сказала ў размове са Свабодай супрацоўніца вінакурні «Нарач», днямі іх праінфармавалі, што зварот перададзены ў апарат Савету міністраў, пытаньне вывучаецца.

Пакуль сытуацыя няпэўная, прадукцыя вырабляецца і маркіруецца беларускамоўнымі этыкеткамі, якіх надрукавана зь вялікім запасам — ніхто не чакаў падобнага форс-мажору. Але бутэлькі з вадой не рэалізуюцца, а адгружаюцца на склад — кіраўніцтва чакае дазволу на аднаўленьне дзейнасьці:

«Калі ліст прыйдзе з адмоўным адказам, значыць, давядзецца дадаткова наклейваць стыкер на расейскай мове, — кажа суразмоўніца. — Ну, і новыя этыкеткі ўжо будуць па-расейску. Справа ў тым, што дагэтуль вытворцы карысталіся стандартам узору 2007 году, летась распрацаваны стандарт СТБ 1100-2016 у новай рэдакцыі, ён набыў сілу сёлета 1 лютага. Згодна зь ім рэалізацыя прадукцыі з маркіроўкай нават на тэрыторыі Беларусі можа быць толькі на расейскай ці на расейскай і беларускай мовах. Тады як у старой рэдакцыі дапускалася, што яна можа быць на беларускай ці расейскай. То бок — ці на адной, ці на другой. Ад 1 лютага толькі на беларускай забаронена. Паколькі мы пішам па-беларуску, зьвярнуліся па тлумачэньні ў Дзяржстандарт, вось амаль месяц чакаем адказу».

Тым часам беларускамоўным вытворцам намякнулі, што старыя налепкі можна пачынаць здаваць у макулятуру, бо пры замове новых будзе абавязковым правіла — або дзьве мовы, альбо толькі расейская. Паколькі дадатковы тэкст пацягне за сабой павелічэньне памеру інфармацыйнай плошчы, бальшыня вытворцаў, хутчэй за ўсё, перагледзяць моўную палітыку на карысьць расейскага варыянту. Як вынік, беларускамоўная інфармацыя цягам кароткага часу папросту зьнікне з пакункаў гандлёвых марак. А калі і застанецца, то дробным шрыфтам — як дадатковая і неабавязковая.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG