Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этыкеткі толькі па-беларуску забароненыя паводле СТБ 1100-2016? Так, але не зусім


1 лютага 2017 году набыў моц Нацыянальны стандарт Беларусі СТБ 1100-2016. Ён рэглямэнтуе інфармацыю для спажыўца, якая павінна зьмяшчацца на харчовай прадукцыі. Стандарт фактычна забараніў беларускім вытворцам рабіць этыкеткі толькі на беларускай мове (у мінулай вэрсіі СТБ такое дазвалялася).

Дазваляецца этыкетка або на беларускай і расейскай мовах, або толькі на расейскай. Але распрацоўнікі стандарту кажуць, што стандарт можна не выконваць, бо над ім ёсьць нацыянальны закон.

Прэс-служба Міністэрства гандлю не адказвае на тэлефанаваньні.

У Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сэртыфікацыі (БелДІСС) Свабодзе пацьвердзілі, што паводле новага стандарту інфармацыя для спажыўца даносіцца на расейскай або на расейскай і беларускай мовах (дапускаецца яе дубляваньне на замежных мовах).

Начальніца аддзелу харчовай прадукцыі БелДІСС Людміла Скарына тлумачыць Свабодзе:

«Гэта прыведзена ў адпаведнасьць з рэглямэнтам Эўразійскага эканамічнага саюзу. Ёсьць рэглямэнт ТР ТС 022/2011, дзе выразна сказана, што абарот прадукцыі ў ЭАЭС — на расейскай або, калі таго патрабуюць законы дзяржаваў-сябраў ЭАЭС, на расейскай і дзяржаўных мовах гэтых дзяржаваў.

У нас ужо народ пытаўся, ці можа быць этыкетка выключна на беларускай. Але калі мы напішам толькі на беларускай і адашлем прадукцыю ў Казахстан ці Расею, то гэта ўжо невыкананьне патрабаваньняў рэглямэнту, а рэглямэнт ніхто не скасоўваў.

На жаль, нашыя законы... Мы пісалі туды, каб унесьлі зьмены для харчовай прадукцыі, калі выйшаў рэглямэнт, але ніхто не адрэагаваў. Не мая віна, што законы такія. Новы закон яшчэ не зацьверджаны, ён пераглядаецца, але ніхто не адрэагаваў. А мы ня можам напісаць у нашым стандарце супярэчнасьць рэглямэнту.

Толькі на беларускай мове можна, калі прадукцыя будзе абарочвацца, адпаведна нашаму заканадаўству, толькі ў Рэспубліцы Беларусь, бо закону ніхто не скасоўваў».

Ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак кажа Свабодзе, што лічыць такія нормы СТБ неканстытуцыйнымі, бо Канстытуцыя Беларусі гарантуе беларускай і расейскай мовам роўныя правы. Ён заўважае, што СТБ супярэчыць і ранейшым аргумэнтам вытворцаў пра тое, што беларуская мова на ўпакоўцы прывядзе да падаражэньня прадукцыі: абавязковая расейская мова на беларускамоўным прадукце дасьць такі самы эфэкт, што і беларуская на расейскамоўным.

Ігар Случак
Ігар Случак

«Яны рыхтавалі гэтыя нарматыўныя акты не без дапамогі Мінгандлю, і ніхто — ні дэпутаты, ні Мінгандлю — ніколі не спасылаўся на гэты новы СТБ. Але ж ён ня мог выйсьці без адпаведнага закону „Аб абароне правоў спажыўцоў“.

Закон павінен быў быць прыняты яшчэ ў сьнежні 2016 году, але праз актыўнасьць грамадзянаў, праз тое, што была ўзьнятая праблема моваў на этыкетках, зацягнулася распрацоўка і прыняцьце. Але СТБ, відаць, быў даўно распрацаваны пад гэты закон. Думаю, не памылюся, калі скажу, што ў закон зьбіраюцца ўнесьці такую зьмену».

Случак згадвае, што вытворцу, які хацеў вырабляць прадукцыю з этыкеткамі толькі па-беларуску, яшчэ пару год таму забаранялі такія этыкеткі, але пасьля БелДІСС даў адказ, што этыкеткі дазволеныя толькі на беларускай мове, калі прадукцыя распаўсюджваецца толькі ў Беларусі.

Ён пацьвярджае: хоць СТБ гэтага не дазваляе, гэта падзаконны акт. А законы «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» і Канстытуцыя па-ранейшаму гарантуюць беларускай і расейскай мовам роўнасьць. І нават калі закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» зьменяць гэтак жа, як зьмянілі СТБ, ён будзе антыканстытуцыйным, кажа Случак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG