Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я пастараюся зваліць з гэтай краіны кудысьці далей», — аштрафаваны за абразу мовы былы міліцыянт


Васіль Варушчанка

27 студзеня Навабеліцкі суд Гомеля аштрафаваў на 10 базавых велічыняў (230 рублёў) былога міліцыянта, супрацоўніка дэпартамэнту аховы МУС Васіля Варушчанку за публічную абразу беларускай мовы.

Свабода падае падрабязнасьці разгляду справы ў судзе.

Справа была пачатая з прычыны камэнтара Васіля Варушчанкі ў пабліку парталу «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце». Камэнтар быў наступнага зьместу: «Беларуская мова — гэта труп, які гніе і які ўжо даўно трэба закапаць глыбей!»

Перад пачаткам працэсу Васіль Варушчанка сказаў журналістам:

«Паверце, я не хацеў нікога абразіць. Я не сустракаў людзей, якія ў паўсядзённым жыцьці карыстаюцца беларускай мовай. Сам я беларускую мову ведаю павярхоўна. Для мяне што беларуская мова, што кітайская — амаль усё адно. Я размаўляю на рускай».

— Напэўна, чулі такую прымаўку: колькі чалавек моваў ведае, столькі разоў ён чалавек?

— Не, ня чуў.

«Выбачаюся перад тымі, каго абразіў»

Калі судзьдзя Дзьмітры Казлоў запытаў у Васіля Варушчанкі, ці разумее ён, у чым яго вінавацяць і ці прызнае віну, той адказаў:

«Я ўжо гаварыў і вам скажу: мэты абразіць кагосьці ў мяне не было. Камэнтар быў глупствам. Сваю віну прызнаю. Раскайваюся. Больш гэтага ня будзе. Выбачаюся перад тымі, каго абразіў».

У судзе дваццацічатырохгадовы хлопец патлумачыў, што афіцыйна нідзе не працуе, даглядае бабулю. Навіну камэнтаваў, бо «не было чаго рабіць»:

«Мэты абразіць у мяне не было. У прынцыпе, я ні пра што ня думаў, калі пісаў. Атрымалася абраза. Поўнасьцю згодны з заключэньнем экспэртаў. Віну прызнаю. Ня ведаючы таго, я парушыў закон. Але няведаньне не вызваляе ад адказнасьці. Значыць, панясу пакараньне».

«Выказваньне абражае носьбітаў беларускай мовы»

Экспэрты-філёлягі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, аналізуючы камэнтар Варушчанкі, далі такое заключэньне:

«Называючы беларускую мову трупам, аўтар вызначае беларускую мову як мёртвую, нежывую, якая не выконвае сваю асноўную функцыю — сродку паўсядзённых чалавечых функцый, інструмэнту захоўваньня і перадачы ў часе разнастайнай культурнай інфармацыі...»

Выснова такая: нэгатыўна ацэначнае выказваньне Варушчанкі ня толькі «не адпавядае рэчаіснасьці, але і зьяўляецца абразьлівым для носьбітаў беларускай мовы — дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь».

Васіль Варушчанка у судовай залі
Васіль Варушчанка у судовай залі

«Сёньня ж заплачу штраф»

Былы міліцыянт нічога ня змог дадаць да агучаных матэрыялаў справы. Судзьдзя, не пакідаючы судовай залі, вынес пастанову на падставе артыкула 9.22 КаАП — штраф 10 базавых велічыняў (230 рублёў). І патлумачыў рашэньне: «Недапушчальна так паводзіць сябе грамадзяніну Рэспублікі Беларусь».

«Абскарджваць штраф не зьбіраюся, — сказаў Варушчанка. — Пайду й сёньня ж заплачу штраф. Хоць афіцыйна й не працую, але грошы знайду».

Што да беларускай мовы й літаратуры, то да іх былы міліцыянт ставіцца абыякава. Кажа, што пасьля школы нічога па-беларуску не чытаў. Ня ведае і таго, што беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч стала ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

«Мне гэта ўсё не цікава, — кажа Васіль. — Мне як было фіялетава, так і цяпер. Але беларуская мова мне не перашкаджае. Калі хто карыстаецца ёю, я нічога супраць ня маю. Няхай і надалей карыстаюцца».

На словах былы міліцыянт ня выказаў папрокаў на адрас заяўніка, грамадзкага актывіста Ігара Случака. Наадварот, пашкадаваў, што яго не было на судзе:

«Пэўна, заняты. Але ўсё нармальна, Ігар. Прывітаньне табе».

«Я пастараюся зваліць з гэтай краіны кудысьці далей»

Былы дэсантнік Андрэй Макараў, якога ў свой час савецкае камандаваньне кідала ў «гарачыя кропкі» і які прысутнічаў на судзе, наўпрост спытаў у былога міліцыянта Варушчанкі:

«Ну, а калі давядзецца бараніць Беларусь хоць бы ад каго, хоць ад той жа Расеі, ты гатовы з такім стаўленьнем да мовы абараняць краіну?»

«Я пастараюся зваліць з гэтай краіны кудысьці далей», — адказаў аштрафаваны за абразу мовы былы сяржант міліцыі.

Глядзець камэнтары (41)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG