Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бліжэйшыя суседзі, якія змушаюць да сваёй мовы, заўсёды маюць на мэце ўласны інтарэс...»


Валянцін Жданко

Тэма, якая дзесяцігодзьдзямі нязьменна гучыць у пошце Свабоды — лёс беларускай мовы, прычыны і наступствы яе заняпаду ў дзяржаве. Цікавасьць да гэтай праблемы прыкметна ўзмацнілася апошнім часам — у сувязі з тым, што нават самыя сьціплыя крокі беларускіх чыноўнікаў у справе падтрымкі беларускай мовы выклікалі рэзка адмоўную рэакцыю ў Маскве.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Лявон Брагінскі зь Менску піша:

«У прыродзе няма такога варʼяцтва, каб варона загадвала салаўю ці верабʼю: каркайце, як я. І калі хто называе вас, беларускамоўнага чалавека, „бээнэфаўцам“ ці „нацыяналістам“, дык адкажыце яму: „Тады і вы нацыяналіст, калі размаўляеце на сваёй мове — толькі нацыяналіст расейскі“.

Бліжэйшыя суседзі, якія ці то заахвочваюць, ці то змушаюць да сваёй мовы, заўсёды маюць на мэце ўласны інтарэс. Бо мова — гэта своеасаблівы замок, які спыняе чужое пранікненьне ў розныя сфэры чалавечага быцьця. Вельмі шкада, што многія беларусы гэтага не разумеюць. А яшчэ больш прыкра, калі некаторыя пачынаюць з высокіх трыбун выкарыстоўваць беларускую мову толькі дзеля таго, каб прынізіць яе. Гэтым яны даюць дадатковыя падставы вялікадзяржаўным шавіністам з суседніх краін. Чаго толькі не пачуеш ад іх. Дагаварыліся да таго, што беларуская мова пасуе толькі для тых, хто пасьвіць сьвіней, ці што яе прыдумалі на загад бальшавікоў у 20-я гады мінулага стагодзьдзя.

Як ні круці, а дзеля таго, каб пабудаваць годную дзяржаву, трэба нам вяртацца да ўсяго спрадвечна беларускага — сваёй мовы і гістарычнай „Пагоні“, аб якой марыў і пра якую пісаў яшчэ да бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту наш клясык Максім Багдановіч».

Сапраўды, спадар Лявон, мова — гэта адзін з найважнейшых чыньнікаў у справе абароны незалежнасьці. І нездарма Масква, нягледзячы на тое, што імпэрыя даўно распалася, з такім імпэтам падтрымлівае русыфікацыю на абшарах былога СССР. Чым меней нацыянальнай мовы — тым слабейшая нацыянальная сьвядомасьць, ідэнтычнасьць, а значыць, болей шанцаў на тое, што і народ гэты, і ягоную зямлю ўдасца вярнуць пад крыло імпэрскага арла.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў адклікнуўся на блог Сяргея Навумчыка «1917 — дабро ці зло для Беларусі», у якім ішла размова пра тое, як мог бы скласьціся лёс беларускай незалежнасьці, калі б не бальшавіцкі пераварот 1917 году.

Спадар Кастусь з гэтай нагоды піша:

«Мне чамусьці ўзгадаўся дыялёг прафэсара Праабражэнскага з Шарыкавым з „Сабачага сэрца“ Булгакава — той, дзе Шарыкаў расказвае, што чытаў перапіску Энгельса з Каўцкім і зь ніводным зь іх не пагаджаецца. Ня згодны і я. З чым? З умоўным ладам для гісторыі.

І ў той жа час не магу не пагадзіцца. З чым? Ды зь ім жа.

Калі ўжо ўжываць умоўны лад, то напоўніцу, для ўсёй чарады падзей, з усімі пунктамі біфуркацыі, якія маглі ці не маглі прывесьці да стварэньня СССР і БССР з усімі наступствамі, а не асобна для рэвалюцыі 1917 году (маю на ўвазе і лютаўскую, і кастрычніцкую, бо гэта зьвёны аднаго ланцуга). Трэба ўлічыць і першую рускую рэвалюцыю 1905–1907 гадоў — што было б, каб не было яе? А калі так, то трэба вярнуцца на „машыне часу“ да падзей, якія яе выклікалі, то бок яшчэ глыбей — напрыклад, да палавіністай і рабаўніцкай у адносінах да сялянства рэформы 1861 году. Да расейска-турэцкай вайны 1877–1878 году, якая выклікала глыбокі эканамічны крызіс у Расеі. Да расейска-японскай вайны 1904–1905 гадоў, якой царскі ўрад вырашыў адцягнуць увагу грамадзтва ад надзённых праблем і якая была з трэскам прайграная (як гэта нам знаёма!). А як жа не зачапіць Першую сусьветную вайну, актыўным удзельнікам якой была Расея (век яна куды-небудзь улезе, не ў вайну, дык яшчэ ўва што...). А голад у Расеі ў 1891–1892 гадах? А пастаўкі таннага збожжа ў Эўропу з ЗША і, адпаведна, зьмяншэньне паставак з Расеі?.

Кожная з названых і не названых падзей — паваротны пункт, ці пункт біфуркацыі, ці нешта кшталту чыгуначнай стрэлкі, і кожная зь іх магла павярнуць гісторыю ў іншым кірунку. Нават вывяржэньне вулькана Кракатаў у 1883 годзе, адно з самых трагічных і магутных (10000 Хірасім!) у гісторыі, наступствы якога адчуваліся на ўсёй плянэце на працягу некалькіх год. Нават у прынцыпе бяскрыўднае зьяўленьне камэты Галея ў 1910 годзе, што быццам прадказвала канец сьвету. Нават прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 1913-м.

А хіба нельга ўявіць, што Ленін, узлазячы на бранявік у красавіку 1917-га, пасьлізнуўся на замасьленай брані і скруціў галаву? Ці ў шалашы ў Разьліве падчапіў пнэўманію або атруціўся грыбамі і памёр? Ці адбыўся б у гэтым выпадку Кастрычніцкі пераварот?

Э-э-э, шаноўнае спадарства, бачу я, што мы вельмі далёка зайшлі з гэтым умоўным ладам. Можа, ну яго да дʼябла? Давайце лепш абыдземся безь яго. А калі ўжо каму надта карціць, то хай напіша на гэтую тэму фантастычнае апавяданьне. А што? Гэта можа быць цікава. Дзякуй паважанаму Сяргею Навумчыку за ідэю!».

Так, спадар Кастусь, гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу. Але чаму б і не паразважаць на тэму «А што было б, калі б...»? Для людзей, якія актыўна цікавяцца гісторыяй, такія практыкаваньні вельмі нават займальныя. А цікавасьць да эпахальных гістарычных падзей стогадовай даўніны сёлета асабліва высокая: 1917 год і ягоныя наступствы дагэтуль істотна ўплываюць на лёсы нацыянальных дзяржаў, якія ўтварыліся на абломках колішняй імпэрыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG