Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лягчэй вучыць мову, калі закаханы? Адказваюць беларускамоўныя іншаземкі Вэсна Касэрэс, Караліна Лукашэвіч і Анхэля Эсьпіноса


Удзельніцы перадачы «Толькі жанчыны» — іншаземкі, якія дасканала вывучылі беларускую мову і гавораць ёю ў штодзённым жыцьці.

Гэта сьпявачка і кампазытарка Вэсна Касэрэс з Харватыі, якая цяпер жыве ў Празе, з Варшавы філёляг і паэтка Анхэля Эсьпіноса зь Гішпаніі, а таксама і супрацоўніца польскай дзяржаўнай установы Караліна Лукашэвіч. Вядоўца — Ганна Соўсь.

Ганна Соўсь: Ці гэта праўда, што мова найхутчэй вучыцца, калі ёсьць каханьне?

Караліна Лукашэвіч: Вядома, праўда. Але перадусім гэта павінна быць каханьне да Беларусі і да беларускай мовы. Так у мяне і было — першае каханьне да мовы, а пазьней зьявілася за гэтым каханьнем да мовы каханьне да беларуса як мужчыны.

Ганна Соўсь: Ваш муж — беларус, так?

Караліна Лукашэвіч: Так. Муж — беларус. Вядома, што дзякуючы нашым адносінам і таму, што мы стварылі сям’ю, узровень мовы нашмат павысіўся. Але і дагэтуль ён быў, бо я закончыла беларускую філялёгію ў Варшаве. Але ўсё ж, калі гэта становіцца мовай твайго жыцьця, тваёй сям’і, гэта прыносіць нашмат больш карысьці, так што ўсім беларускамоўным дзяўчатам раю выходзіць замуж за беларускамоўных.

Вэсна Касэрэс: Каханьне, безумоўна, найважнейшае ў сьвеце, але маю шчасьце, што каханьне ў мяне не абмежаванае толькі беларускай мовай як такой, гэта значна шырэйшае паняцьце культурных рэфэрэнцыяў і іншых моваў таксама. Вось прыклад з майго жыцьця — мая мама, славенка, прыехала ў Харватыю і прыняла і вывучыла мову бацькі, харвацкага чэха. Так што гэта працягваецца.

Анхэля Эсьпіноса: Я ня згодная насамрэч, таму што каханьне — гэта матывацыя. Як любая іншая матывацыя не такую ролю насамрэч грае. Калі галоўная прычына, каб вывучыць нейкую мову, было б каханьне, то ў маім выпадку, я была б даволі, прабачце, распусная, таму што я ведаю ўжо некалькі моваў. Я думаю, што галоўнае, каб была дысцыпліна, каб была нейкая мэтодыка. Ну і вядома, матывацыя, бо калі табе не патрэбная гэтая мова, вядома, што ня вывучыш. А каханьне — гэта асобная галіна жыцьця...

Ганна Соўсь: А колькі моваў вы ведаеце?

Анхэля Эсьпіноса: Трэба палічыць. Калі палічыць толькі жывыя, то тады японская мова, якую я цяпер вывучаю, гэта 12-я... хіба што. Ну, я не пляную замуж за японца)...

Ганна Соўсь: Можаце вы расказаць, як распачаўся ваш шлях да беларускай мовы?

калі я пачула беларускую мову, то зразумела, што хачу аддаць гэтай мове сваё жыцьцё

Анхэля Эсьпіноса: Ён трохі заблытаны, паспрабую неяк караценька распавесьці. Калі мне было 15 гадоў у далёкім 2008 годзе, я атрымала стыпэндыю ад Дзярждэпартамэнту ЗША для школьнікаў, якія цікавяцца міжнароднымі адносінамі. Я паехала ў ЗША, і там была адзінай гішпанкай сярод тых, хто атрымаў стыпэндыю. Там было вельмі шмат славян. Ня толькі беларусаў — палякаў, расейцаў, украінцаў. Я пачула славянскія мовы, і мне яны вельмі спадабаліся. Тады я вырашыла, што хачу паступіць на славянскую філялёгію, што і зрабіла.

У мяне засталіся вельмі добрыя сябры зь Беларусі. Яны пераважна па-расейску размаўлялі, але ўсё адно распавядалі пра беларускую культуру, музыку, літаратуру. У 2010 годзе я напісала артыкул пра выбары ў Беларусі і перамагла на конкурсе, у арганізаваным у Варшаве. Мяне запрасілі, і так я ўпершыню пазнаёмілася з беларускамоўнымі журналістамі і пісьменьнікамі. І калі я пачула беларускую мову, то зразумела, што вельмі хачу яе вывучыць, што хачу аддаць гэтай мове сваё жыцьцё, і што калі я сапраўды так люблю Беларусь, то мне патрэбная гэтая беларуская мова, каб паўнавартасна зразумець Беларусь, беларускую гісторыю і літаратуру, якую я чытала дагэтуль толькі ў перакладзе. І я пачала зьбіраць матэрыялы, пакрысе вучыць мову. Гэта мэтад для моўнай практыкі, і я пачала пісаць вершы, іх заўважылі, пачалі друкаваць у Беларусі. Так пачаўся гэты мой шлях.

Ганна Соўсь: Караліна, а як даўно пачаўся ваш шлях да беларускай мовы? Ці быў ён пакручасты?

17 гадоў у маім жыцьці прысутнічае беларуская мова

Караліна Лукашэвіч: Гэта было каханьне зь першага погляду. У 2000 годзе я паступіла на беларускую філялёгію ў Варшаве, не ведаючы ўвогуле да таго беларускай мовы. І як я пачула гэтую мову, я зразумела тое ж самае, што і Анхэля, што я проста хачу яе вывучаць, хачу гэтаму аддаць сваё жыцьцё. Іншага шляху для мяне няма. Ня ведаю, што такога захапляльнага, але гэта як нейкі наркотык, як у кніжцы Марціновіча, так, мова, сапраўды гэта як наркотык. У мяне былі такія ж самыя пачуцьці. Я скончыла беларускую філялёгію, я магістар. А пазьней выйшла замуж у 2010 годзе, так што ўжо 17 гадоў у маім жыцьці прысутнічае беларуская мова.

Ганна Соўсь: І вашыя дзеткі гавораць па-беларуску?

Караліна Лукашэвіч: Яны пачынаюць толькі размаўляць. Малодшая яшчэ не размаўляе, а старэйшай ужо 3 гады, яны ідзе ў садок. Я як мама зь іншымі беларусамі ў Варшаве робім усё, што можам, каб стварыць беларускамоўны садок, каб дзеткі сустракаліся, і па суботах вывучалі беларускую мову ў сыстэме адукацыі Польшчы.

Ганна Соўсь: Вэсна, ці памятаеце вы той дзень, калі ўпершыню пачулі беларускую мову, і той момант, калі вы вырашылі, што хочаце вывучыць яе?

Падчас сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР у Празе
Падчас сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР у Празе

Вэсна Касэрэс: Я пачула беларускую мову ўпершыню ад нашых знаёмых. Спачатку мы з мужам гаварылі па-ангельску, толькі пасьля беларуская мова паступова знайшла свой самастойны шлях да майго жыцьця. Я не вучыла мову ні ў якай школе, яна для мяне мае эмацыйны і вобразны характар. Я яе люблю сэрцам. Менш ведаю пра граматыку і філялягічныя асаблівасьці. З мужам мы сустракаліся зь беларускамоўнымі сябрамі. Дарэчы, першыя словы былі, здаецца, «ідзе дождж».

Ганна Соўсь: Ці гэта было цяжка вымавіць?

Вэсна Касэрэс: Цяжка было вымавіць, бо гэта для мяне была адначасна і новая, і старая мова. Старая таму, што я гавару ўжо на трох славянскіх мовах і нешта было зразумела, а гэта — чацьвёртая. Трошкі ёсьць асаблівасьці...

Ганна Соўсь: А якія асаблівасьці? Што адрозьніваецца?

Вэсна Касэрэс: Ну, напрыклад, слова «мінімальна» у чэскай і беларускай мове падобныя, але ў чэскай і харвацкай яно гучыць без зьмякчэньня гукаў — на гэта не зьвяртаеш увагі, а яно адразу чуваць. Таму нейкія словы, якія ўсе зразумеюць, я буду вымаўляць, магчыма, няправільна.

Ганна Соўсь: Дык у вас не было ніводнага падручніка?

Вэсна Касэрэс: Не.

Ганна Соўсь: Ці вы чыталі літаратурныя творы па-беларуску, ці проста размаўлялі па-беларуску?

Вэсна Касэрэс: Тут мушу сказаць трошкі пра асаблівасьць нашага сямейнага жыцьця: мы прывыклі чытаць кнігі ўголас, шмат літаратуры на розных мовах, у тым ліку на беларускай. Яна мае вялікае і моцнае сваё асобнае месца. Так што я праслухала шмат беларускай літаратуры, беларускіх песьняў, але я сама не разьбіралася ў тэксьце.

Ганна Соўсь: Анхэля, я амаль ня чую ў вас акцэнту — вы так чыста гаворыце па-беларуску. А якія гукі, словы, канструкцыі вам ня так лёгка было засвоіць? Што найбольш цяжка давалася, а што адразу пайшло?

на беларускай мове вельмі абмежаваная колькасьць матэрыялаў, і гэта сапраўды цяжка

Анхэля Эсьпіноса: Асаблівасьць навучаньня беларускай мове і самая вялікая цяжкасьць у тым, што няма матэрыялу. Я амаль цэлы год зьбірала матэрыялы, і ўсё адно заўсёды не хапала гэтай натуральнай гаворкі, адкуль я магла б атрымаць нармальны акцэнт, каб было ўсё зразумела. Спадзяюся цяпер ужо ўсё зразумела. Я гаварыла сама з сабой, з люстэркам то бок. Па-ангельску хапае матэрыялаў, кнігаў, фільмаў. Па-расейску тое самае, нават па-ўкраінску любая агучка фільмаў ёсьць. А на беларускай мове вельмі абмежаваная колькасьць матэрыялаў, і гэта сапраўды цяжка, каб вывучыць інтанацыю, напрыклад.

Ганна Соўсь: Караліна, скажыце калі ласка, зь якімі цяжкасьцямі вы сутыкаліся пры вывучэньні мовы?

Мне падабаецца гэтыя імёны, напрыклад, мужчынскія — Алесь, Міхась, вельмі такая цёплая і мяккая мова

Караліна Лукашэвіч: Я пацьверджу тое, што кажа Анхэля кажа. 17 гадоў таму, уявіце сабе: інтэрнэту не было. Мы пачыналі вывучаць мову, і была адна кніжка ў бібліятэцы ва ўнівэрсытэце. Гэтую кніжку аддавалі на ксэракс, і мы яе чыталі. Там сапраўды матэрыялу ўвогуле амаль не было. Цяпер у інтэрнэце хаця б ёсьць беларускамоўныя сайты, ёсьць «Белсат», радыёстанцыі. Тады не было ў Варшаве, ну нічога. Так што калі нехта мне цяпер кажа, што ня ведае беларускай мовы, ну беларусы так кажуць, што нідзе не вучаць, я кажу: «Ты мне такое не кажы, таму што мы тут, у Варшаве, змаглі гэтую мову вывучыць, так што калі хтосьці хоча, то абмежаваньняў няма». Мне найболей падабаецца ў беларускай мове ейная мяккасьць. Мне падабаецца гэтыя імёны, напрыклад, мужчынскія — Алесь, Міхась, вельмі такая цёплая і мяккая мова, і гэта нам, палякам, якія са мной вывучалі гэтую мову, найбольш падабалася.

Ганна Соўсь: А для вас, Вэсна, якія беларускія словы гучаць найбольш прыгожа?

Вэсна Касэрэс: Першае слова — «каханьне». Яно вельмі прыгожае. Радкі зь песьні Лявона Вольскага «Маё каханьне, пакажы мне шлях дадому...» Ёсьць шмат цікавых словаў, напрыклад, «сакавіцкія пожні мурожныя», я сутыкнулася з гэтай фразай у песьні «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», але дагэтуль мне беларусы так і ня могуць адказаць, што гэта такое — «пожні мурожныя»...

Ганна Соўсь: Анхэля, а для вас якія беларускія слова незвычайныя, можа, незразумелыя, а якія найбольш прыгожыя?

На жаль, вядома, беларускамоўных людзей адносна менш, чым носьбітаў іншых моваў

Анхэля Эсьпіноса: Даволі складана сказаць, таму што як чалавек, які фактычна жыве па-беларуску, я ўжо ня чую гэтую мову... Мне найбольш прыгожа гучыць, напрыклад, «я хачу вам падарыць мільён даляраў», гэта прыгожа гучыць. (Сьмяецца) Як паэтка я веру ў тое, што прыгажосьць нейкага слова залежыць ад атачэньня. Здаецца, Мілан Кундэра такое сказаў, што калі слова не рыфмуецца са словам «чвэрць», напрыклад, яно ўжо мілагучнае, яно ўжо прыгожае. Зь іншага боку, я неадназначна стаўлюся да той думкі, што беларуская мова — мілагучная. Я вельмі часта чую, што мова — прыгожая, мілагучная, мяккая. Гэта нейкім чынам абмяжоўвае гэтую мову, таму што надае ёй нейкую характарыстыку, нібыта яна не паўнавартасная мова, а толькі прыстасаваная да мяккасьці, мілагучнасьці і да прыемнасьці. Мова — яна такая, якою ты яе робіш. Калі ты носьбіт гэтай мовы, калі ты добра размаўляеш на гэтай мове, ты можаш быць мілагучным, можаш быць вульгарным, можаш пагражаць на гэтай мове. Яна такая, які чалавек, які чалавек, такая і мова. На жаль, вядома, беларускамоўных людзей адносна менш, чым носьбітаў іншых моваў. Гэта ня значыць, што яны ўсе аднолькавыя, што яны абмежаваныя.

Ганна Соўсь: Што бы вы маглі адказаць беларусам, якія ня хочуць гаварыць па-беларуску і вельмі часта абгрунтоўваюць гэта тым, што ня хочуць гаварыць на мове з памылкамі, ці тым, што ў іх былі дрэнныя настаўніцы?

Караліна Лукашэвіч: Нават на роднай мове робіш памылкі. Я па-польску таксама не размаўляю на літаратурнай мове і без памылак. Ня будзеш практыкаваць, ніколі не пачнеш гаварыць. Кожны пачынае з памылак, лепей размаўляць з памылкамі, але праз месяц ці два ня будзеш гэтых памылак рабіць. Гэта для мяне не аргумэнты. Я пачала вывучаць беларускую мову, калі мне было 20 гадоў. Тады не было ніякіх падручнікаў, і гэтую мову вывучылі, так што самае галоўнае — гэта матывацыя. Ёсьць шмат беларусаў, якія вырасьлі ў расейскамоўных семʼях, вучыліся па-расейску, але ў пэўны момант сталі сьвядомымі ўзросьце 16, 17 −20 гадоў. Ня хочаш — не размаўляй. Гэта твой выбар, але не апраўдвай сябе. Я ў гэта ня веру.

Ганна Соўсь: Вэсна, ці вы прымаеце такія апраўданьні?

Вэсна Касэрэс: Няма прычыны, каб не гаварыць, каб спрабаваць зноў і зноў гаварыць, хай і з памылкамі. Без памылак чалавек не навучыцца, ня зробіць крок далей.

У беларускамоўнай тусоўцы сапраўды ёсьць вельмі шмат пурыстаў, ёсьць людзі, якія адразу кідаюцца на памылкі

Анхэля Эсьпіноса: Калі чалавек з розных прычынаў не жадае размаўляць па-беларуску, то хто я такая, каб казаць, што трэба ці ня трэба. Што да памылак, то я веру ў гэтую адгаворку. У беларускамоўнай тусоўцы сапраўды ёсьць вельмі шмат пурыстаў, ёсьць людзі, якія адразу кідаюцца на памылкі. Ёсьць вельмі шмат такіх фэйсбучных прафэсараў, якія любяць адразу атакаваць і прыніжаць чалавека за памылкі. Я бы папрасіла менавіта ў гэтых людзей прасьцейшага стаўленьня да чалавека, які толькі пачынае размаўляць і пісаць па-беларуску.

Пакуль у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, пакуль сапраўды расейская мова — гэта мова большасьці, я магу зразумець, чаму чалавек ня хоча вучыцца і пераходзіць на мову, якую ведае горш. Мне вельмі шкада, бо я вельмі люблю беларускую мову, я вельмі хацела бы, каб усе беларусы прынамсі валодалі нармальна беларускай мовай. А пакуль я разумею гэтых людзей і нікога не асуджаю. Наадварот, калі я на расейскай горш разумею, чалавек са мной імкнецца па-беларуску гаварыць. Хай трасянкай, хай з памылкамі, я ўдзячная людзям, якія стараюцца.

Ганна Соўсь: Якія кнігі беларускіх аўтараў стаяць на вашай кніжнай палічцы? Хто вашы ўлюблёныя беларускія аўтары?

Караліна Лукашэвіч: Скажу, можа, нешта ня вельмі папулярнае, але я вельмі люблю Івана Шамякіна. Я плакала, калі чытала ягоныя кнігі. Гэта Караткевіч, Багушэвіч, шмат кнігаў для дзетак у мяне на палічцы...

Вэсна Касэрэс: Захапляюся Караткевічам, трошкі дакранулася да «Новай зямлі» Якуба Коласа. Ведаю ўсе творы Альгерда Бахарэвіча, паэзію Веры Жыбуль і Юліі Цімафеевай і творы іншых аўтараў.

калі чалавек хоча і ў яго ёсьць здольнасьць, час, матывацыя і дысцыпліна, то ён можа стаць нават вялікім пісьменьнікам на мове, якую ня ведаў дасканала да дарослага ўзросту

Анхэля Эсьпіноса: Як раз перад паліцай стаю. Тут поўна паэзіі і прозы ад Коласа да Бахарэвіча, ад Багдановіча да Някляева. Вельмі шмат кніг насамрэч, але я хачу назваць адно прозьвішча — Міхася Стральцова. Адзін з маіх улюблёных пісьменьнікаў. Па ягонай творчасьці я рабіла магістарскую працу. Я вучуся цяпер на беларускай філялёгіі ў Варшаве. Стральцоў да паступленьня ва ўнівэрсытэт ня ведаў беларускую мову, як згадваюць ва ўспамінах яго сябры і знаёмыя. Ён быў абсалютна расейскамоўны гадоў да дваццаці. І гэта вельмі добры прыклад, што, калі чалавек хоча і ў яго ёсьць здольнасьць, час, матывацыя і дысцыпліна, то ён можа стаць нават вялікім пісьменьнікам на мове, якую ня ведаў дасканала да дарослага ўзросту.

Ганна Соўсь: Што трэба зрабіць, каб беларусы загаварылі па-беларуску? Які ваш рэцэпт?

Караліна Лукашэвіч: Размаўляйце зь дзеткамі па-беларуску, стварайце беларускамоўныя садкі. Я кажу гэта як мама, як працаўнік міністэрства адукацыі. З сямʼі шмат чаго пачынаецца, і з малаком маці можна гэтую мову выпіваць і кахаць.

Вэсна Касэрэс: Калі чалавек паважае сам сябе, сваю гісторыю, сваю зямлю, сваю прастору, то ёні будзе пасылаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя садкі, будзе дома карыстацца мовай, на якой гаварылі продкі. Гэта адукацыя, школа і павага да самога сябе і гісторыі сваёй краіны.

Анхэля Эсьпіноса: Вельмі важна, каб зьявілася поп-культура на беларускай мове. Беларуская інтэлігенцыя разьвіваецца, але простым людзям гэта нецікава. Павінна быць папсовая музыка па-беларуску, масавая літаратура па-беларуску, беларускамоўныя часопісы на розны густ. Элітарнасьць не дапаможа. Трэба, каб мова была як купіць і зьесьці бургер-кінг...

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG