Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацалунак Някляева запомніўся ў Беларусі найбольш — гішпанка Анхэля Эсьпіноса


Анхэля Эсьпіноса (Ángela Espinosa Ruiz)

23-гадовая беларускамоўная гішпанка Анхэля Эсьпіноса пасьля 11 дзён у Беларусі вярнулася ў Варшаву, дзе навучаецца ў магістратуры.

Свабодзе яна сказала, што за час візыту чытала вершы на паэтычным фэсьце памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», курсах «Мова Нанова» для дарослых і для дзетак, імпрэзе «Каб ня ўмёрлі, як дыназаўры», якую ладзіла Арт Сядзіба да Дня роднай мовы, а таксама наведала рэдакцыя часопісаў «Бярозка» ды «Маладосьць» і Міжнародную кніжную выставу-кірмаш, дзе спрабавала купіць кнігі на беларускай мове.

«Я чытала свае вершы на фэстывалі памяці Стральцова, паўдзельнічала ў курсах беларускай мовы, сустрэлася з рэдакцыяй моладзевага часопіса і яшчэ з наведнікамі першага мерапрыемства да Дня роднай мовы, якое ладзіла Арт Сядзіба. Вельмі задаволеная, што была гэтая магчымасьць наведаць Беларусь», — сказала Анхэля Эсьпіноса Свабодзе.

Паэтка сказала, што найбольш яе ўразіла ўвага да сваёй асобы з боку слынных беларускіх літаратараў:

«Мяне вельмі ўразілі знаёмствы, якія ў мяне здарыліся ў Беларусі. Я сустрэлася зь вельмі цікавымі людзьмі — напрыклад, з Уладзімерам Арловым і Ўладзімерам Някляевым. Прычым, што яны мяне ведаюць, — гэта вельмі моцна мяне зьдзівіла. Найбольш мяне ўразіў выпадак на фэсьце „Вершы на асфальце“. Там быў конкурс. Я ўдзельнічала і заняла другое месца. Дык Някляеў выйшаў і сказаў пра мяне, што я вельмі таленавітая і зьяўляюся цудам беларускай літаратуры. Такім чынам ён прызнаў мой талент, а пасьля спусьціўся са сцэны і пацалаваў мне руку. Гэта было вельмі нечакана і вельмі прыемна».

Запомнілася Анхэле і аўтобусная вандроўка ў Варшаву — яе спадарожнікам быў Зьміцер Саўка:

«Маім суседам выпадкова аказаўся мовазнаўца Зьміцер Саўка. Гэта было вельмі цікава, тым больш што такія супадзеньні не здараюцца кожны дзень. Было вельмі прыемна і цікава зь ім пазнаёміцца».

Праўда, на мяжы была досыць непрыемная гісторыя — Анхэлю затрымалі і правялі зь ёй размову:

«Справа ў тым, што я ня ведала пра неабходнасьць рэгістрацыі, калі знаходзісься ў Беларусі больш за пяць дзён. Ні ў амбасадзе, ні падчас прыезду ў Беларусь мне пра гэта не сказалі. Але па выезьдзе запыталіся рэгістрацыю, якой у мяне не было. Вынесьлі вуснае папярэджаньне. Цяпер застаецца толькі спадзявацца, што гэта ня стане праблемай, калі наступным разам буду падаваць дакумэнты на беларускую візу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG