У гэтых гарадах Данецкай вобласьці пабываў карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время».
Супрацоўнік паліцыі ў Данецкай вобласьці Павел Дзячэнка паказвае ў тэлефоне відэазапіс таго, як расейскія самалёты скідалі бомбы на Краматорск, Славянск і бліжэйшыя вёскі:
«Адзін з апошніх абстрэлаў — гэта цэнтральная частка гораду, непасрэдна дзе мы зараз знаходзімся, за сто мэтраў, напэўна, адсюль — дзьве авіябомбы ўпалі».
Паліцэйскія парамэдыкі ратуюць параненых пасьля расейскіх удараў, іх аддзел створаны спэцыяльна для такіх выпадкаў. Яны выяжджаюць надаваць першую дапамогу ў самых небясьпечных сытуацыях.
На кадрах з такогап выезду Дзьмітрый і Ігар ратуюць дваіх дзяцей, маці і бацьку, эвакууюць іх праз вакно. Пасьля ўдару авіябомбы ўваход у пад’езд заблякавала, у доме пачаўся пажар, сямʼя апынулася ў пастцы.
«Уваход быў цалкам у агні, мы не змаглі туды зайсьці, а яны не змаглі адтуль выйсьці», — апавядае паліцыянт Дзьмітрый Каладзюк.
«У нас ёсьць Nissan Patrol, мы падагналі яго да другога паверху, залезьлі на яго, зьнялі дзяцей, сямʼю і ўжо надалі ім усю неабходную дапамогу, сагрэлі і адвезьлі да сваякоў», — дадае яго калега Ігар Зелік.
З набліжэньнем лініі фронту выездаў штораз больш, кажа Дзьмітрый Каладзюк:
«Як бы ні было сумна, лінія фронту набліжаецца, і таму абстрэлаў стала больш. Тыя ж самыя FPV-дроны на ўскраіны Краматорску залятаюць».
Паліцэйскім парамэдыкам даводзіцца езьдзіць па Краматорску з дэтэктарам дронаў, кажа Ігар Зелік.
У гэты час іншы паліцыянт, Генадзь Юдзін, з камандай спэцыяльнага аддзелу «Белыя анёлы» накіроўваецца ў Дружкаўку, за пяць кілямэтраў ад Краматорску.
Горад пусты, ад яго яшчэ бліжэй да перадавой. На вуліцах ні людзей, ні машын. Зрэдку можна ўбачыць наземныя дроны, якія езьдзяць па апусьцелых дарогах. Перамяшчацца па горадзе вельмі небясьпечна. Які-хаця транспарт атакуюць расейскія дроны. Каля дарог стаяць згарэлыя аўтамабілі.
«Кожны дзень мы заяжджаем у Дружкаўку і бачым новыя разбурэньні цывільнай інфраструктуры. Таксама кожны дзень вораг палюе на цывільныя аўтамабілі з дапамогай FPV-дронаў. Кожны дзень у нас у Дружкаўцы ёсьць загінулыя і параненыя», — кажа Генадзь Юдзін.
У Дружкаўцы абʼявілі прымусовую эвакуацыю семʼяў зь дзецьмі. На момант здымак такіх семʼяў заставалася 11. Паліцыянты вывозяць і дарослых — паводле заявак.
Нягледзячы на абстрэлы, у горадзе жывуць, а дакладней, выжываюць яшчэ сем тысяч мясцовых жыхароў. Да поўнамаштабнага ўварваньня тут жылі ў восем разоў больш людзей.
Дзейнічаць трэба вельмі хутка. Пакуль людзі сьпяшаюцца па торбы, паліцыянт Аляксандар Шылкоў адсочвае сытуацыю.
«Учора быў атакаваны такі ж аўтамабіль у Дружкаўцы. Таксама белы, проста цывільны аўтамабіль», — апавядае ён.
Торбы ў машыну — і апэратыўна на наступны адрас. Сяргей адным з апошніх пакідае свой шматпавярховік. Іншы мясцовы жыхар, Юрый, расказвае, як а пятай раніцы непадалёк раздаваліся выбухі:
«Сёньня ў пяць гадзін як жахнула, два КАБы [карэктаваныя авіябомбы. — РС], напэўна, ня ведаю. Сьвяцілася неба ўсё. Дом вось так задрыжаў».
У наступным пункце да нас далучаецца Натальля.
«Разьлічылася з працы, у садку працавала, садок разбамбілі. Цяпер ужо ўсё, ні дзетак, нічога», — так яна тлумачыць сваё рашэньне нарэшце зьехаць.
Паліцыянт Уладзімір Макараў кажа, што эвакуацыя магчымая не заўсёды:
«Бываюць такія дні, калі варожая авіяцыя і дроны больш за ўсё актыўныя — гэта яснае надворʼе, для нас гэта ня вельмі добра. Бывае, чакаем, пакуль сытуацыя дазволіць заехаць, і ўсё роўна забіраем людзей».
З прычыны набліжэньня расейскіх войскаў людзі пачалі выяжджаць і з Славянску, і з Краматорску, расказвае Павел Дзячэнка:
«Кожны такі абстрэл, асабліва масаваны, магутны, — ён падштурхоўвае людзей. Калі прыяжджаеш на месца абстрэлу, шмат такога чуеш, што „гэта знак“, і людзі прымаюць рашэньне, выяжджаюць».
У Краматорску і Славянску, нягледзячы на тое, што мясцовыя жыхары зьяжджаюць, на вуліцах па-ранейшаму шмат людзей і машын. Нам патлумачылі, што ў гарадах вельмі шмат перасяленцаў: нехта жыў у Канстанцінаўцы, а калі да яе вельмі блізка падышоў фронт, людзі пераехалі ў Дружкаўку. Калі стала немагчыма жыць у Дружкаўцы, мясцовыя жыхары перабраліся ў Краматорск ці Славянск.
Гэтыя гарады — апошнія буйныя населеныя пункты Данецкай вобласьці перад Харкаўскай, у якіх яшчэ хоць неяк цячэ жыцьцё і нават працуюць кавярні, калі, вядома, не зважаць на тое, што і ў Краматорск ужо залятаюць FPV-дроны, а ў паветры бачныя расейскія самалёты, што скідваюць бомбы.
За Славянскам і Краматорскам пачынаецца Харкаўская вобласьць. Большасьць паліцыянтаў у Данецкай вобласьці — таксама ўнутраныя перасяленцы, якім давялося пакінуць свае дамы.
«Пачынаў з Аўдзееўкі, потым Ачарэціна, Гродаўка, Мірнаград, Пакроўск, Дабрапольле. Бачыш гэтыя разбурэньні — адчуваецца, што вораг цалкам зьнішчае нашы гарады і вёскі ў Данецкай вобласьці, у нашай Украіне, і не пакідае пасьля сваіх абстрэлаў нічога», — кажа Генадзь Юдзін.
А самае страшнае, расказваюць парамэдыкі Ігар і Дзьмітрый, — ратаваць пасьля такіх абстрэлаў параненых маленькіх дзяцей. Яшчэ страшней, калі хтосьці з бацькоў гэтых малых гіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
- У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.