З канца лютага тысячы мужчын у Беларусі пачалі атрымліваць позвы ў войска без папярэдняга апавяшчэньня — у краіне абвясьцілі пазаплянавыя вайсковыя зборы. Раней аб падрыхтоўцы сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў паведамляў і Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны нагадаў, што ў 2022 годзе менавіта пасьля аналягічных манэўраў адбыўся наступ расейскай арміі на Кіеў і іншыя ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі.
Агульная працягласьць украінска-беларускай мяжы больш за тысячу кілямэтраў. З Беларусьсю мяжуюць пяць украінскіх абласьцей.
Пра тое як жывуць украінцы паблізу беларускай мяжы, рэпартаж тэлеканалу «Настоящее Время».
Вёска Млынава Валынскай вобласьці разьмешчана ля самай мяжы зь Беларусьсю. Адсюль ужо відаць назіральныя вышкі. 70-гадовая Марыя аглядае вульлі. На вуліцы вясна, сем’і пчол прачнуліся пасmля сьпячкі і ўжо шукаюць першацьвет.
«Адзінаццаць семʼяў маем. Усе вылецелі. Ужо зрабілі першы падкорм. Дасьць Бог, усё будзе добра сёлета», — кажа жанчына.
З пачаткам вясны працы шмат і ў Марыі. Трэба рыхтавацца да апрацоўкі агароду, але па той бок мяжы зноў неспакойна, зноў падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў.
«Мы баімся. Калі яны пойдуць да нас, мы ў першую чаргу прымем на сябе гэта ўсё. Мы станем «шэрай зонай», — кажа Марыя.
Надзея і Галіна ідуць з царкоўнай службы. Гавораць, што таксама занепакоеныя. Маліліся, каб скончылася вайна.
«Баімся, каб расейцы не прыйшлі зь беларускага боку. Тут жа мяжа блізка. Якое гэта жыцьцё, калі вайна?» — адзначае Надзея.
Напружаная сытуацыя тут з самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Ніхто не чакаў, што такое можа здарыцца, што з тэрыторыі Беларусі пойдуць расейскія войскі.
«Мы чулі іх танкавыя стрэлы і гудкі. Іх тут на мяжы шмат было. Верталёты ўдымаліся. Мы думалі, што яны пойдуць. Калі б у першы дзень яны пайшлі, яны б прайшлі. Гэта быў жах. Тут усе ў шоку былі», — кажа мясцовы жыхар Уладзімір Ярмышук.
Цяпер мясцовыя ня ведаюць, чаго чакаць ад Аляксандра Лукашэнкі.
«У першыя дні вайны адтуль ішла страшная агрэсія, — расказвае мясцовая жыхарка Тацяна Паўловіч. — Гэта было нязвыкла, таму што ўсе сваякі ў Беларусі, а ў іх няма разуменьня сытуацыі. Цяпер зносінаў практычна няма. Вельмі шмат было сяброў, але можна сказаць, што дайшло да нуля. Яны слаба цікавяцца нашымі праблемамі, у іх няма адчуваньня, што ў нас ідзе вайна».
Тацяна Паўловіч наводзіць парадак у бацькоўскай хаце. Гаворыць, што ўжо не баіцца ваенных вучэньняў у Беларусі, бо сытуацыя зусім не тая, што чатыры гады таму: «Цяпер няма той сытуацыі. Тады гуло, грымела, яны месяцамі на вучэньнях былі. У нас тут блізка беларускі палігон. Гэта ўсе мы чулі. А сёньня гэтага няма».
Пра гэта гаворыць і Ўладзімір Ярмышук, які раней працаваў у мясцовай адміністрацыі. Кажа, што праз тое, што ў яго засталося шмат сваякоў як у Беларусі, так і ў Расеі, яго не аднойчы правяралі на паліграфе.
«Усе дарогі сёньня замініраваныя, і ёсьць каму абараняць, таму яны ня пойдуць. Па зямлі зь Беларусі ва Ўкраіну ня пойдуць», — лічыць Ярмышук.
Адзінае, чаго баіцца, дык гэта абстрэлаў, як гэта адбываецца ў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласьцях, якія мяжуюць з Расеяй.
«Мінаметны, гранатамётны абстрэл. Толькі гэта. А пешшу яны тут ужо ня пойдуць, гэта гарантыя. Толькі з паветра», — перакананы Ўладзімір Ярмышук.
Украінскія памежнікі распавядаюць, што сытуацыя на мяжы з Беларусьсю зараз стабільная. Усе вучэньні і праверкі баявой гатоўнасьці ў Беларусі яны называюць элемэнтам псыхалягічнага ціску.
«Каля лініі дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь у нас ніякага руху тэхнікі і назапашваньня дадатковай сілы няма, — адзначае сьпікер Валынскага памежнага атраду Маргарыта Вяршыніна. — Такія вучэньні — гэта праверка гатоўнасьці, у іх гэта адбываецца пастаянна. У большасьці выпадкаў гэта нагнятаньне сытуацыі з боку сумежнай дзяржавы. Такая інфармацыйная кампанія — гэта прапаганда».