Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2025 год стаў самым сьмяротным для цывільнага насельніцтва цягам вайны Расеі супраць Украіны

Кветкі на месцы гібелі дзяцей ад расейскага ракетнага ўдару па Крывым Розе. 5 красавіка 2025 году
Кветкі на месцы гібелі дзяцей ад расейскага ракетнага ўдару па Крывым Розе. 5 красавіка 2025 году

За мінулы год, паводле Conflict Intelligence Team, па абодва бакі фронту загінулі як мінімум 2919 мірных жыхароў. Агульная колькасьць цывільных ахвяраў разьвязанай Расеяй вайны ужо склала 20 694 чалавекі.

Пасьля 2022 году 2025-ы стаў самым сьмяротным для цывільнага насельніцтва ў ходзе расейскай вайны супраць Украіны, гаворыцца ў справаздачы расьсьледнікаў Conflict Intelligence Team (CIT), паведамляе тэлеканал «Настоящее время».

Паводле каманды валянтэраў CIT, па абодва бакі лініі фронту загінулі як мінімум 2919 мірных жыхароў (у тым ліку 96 дзяцей), яшчэ 17 775 чалавек параненыя (уключаючы 1000 дзяцей).

Агулам колькасьць ахвяраў 20 694 чалавекі. У параўнаньні з 2024 годам загінулых пабольшала на 12%, пацярпелых — больш чым на 25%.

79% усіх загінулых і параненых — на тэрыторыях, падкантрольных Украіне. У 2025 годзе CIT зафіксавала там 2348 загінулых і 13 952 параненыя. На падкантрольных Расеі тэрыторыях Украіны — 298 загінулых і 1751 паранены, а ў самой Расеі — 273 загінулыя і 2072 параненыя. Пры гэтым ахвяраў на занятых расейскім войскам тэрыторыях Украіны і ў Расеі ў 2025 годзе паменела ў параўнаньні з 2024-м на 6%, тады як на падкантрольных Кіеву тэрыторыях, наадварот, пабольшала на 35%.

Сярод найбольш сьмяротных нападаў 2025 году CIT вылучае расейскія ўдары ракетамі па ўкраінскіх гарадах — Цярнопалі, Сумах, Крывым Рагу, Кіеве, Дніпры. У прыватнасьці, 4 красавіка быў нанесены ўдар па дзіцячай пляцоўцы ў Крывым Рагу: загінулі 20 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей, яшчэ 74 мірныя жыхары, у тым ліку 11 дзяцей, атрымалі раненьні.

Тады Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб удары нібыта па «месцы правядзеньня нарады з камандзірамі злучэньняў і заходнімі інструктарамі ў адным з рэстаранаў гораду». Пры гэтым запісы камэраў назіраньня з рэстарану, які знаходзіўся побач, паводле зьвестак CIT, паказалі, што ніякай нарады ў момант удару там не было.

13 красавіка балістычнымі ракетамі былі атакаваныя Сумы. Загінулі 35 чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх, яшчэ 129 цывільных пацярпелі, у тым ліку 17 дзяцей. Міністэрства абароны Расеі заяўляла, што ўдарылі па цырымоніі ўзнагароджаньня вайскоўцаў у адным з карпусоў мясцовага ўнівэрсытэту. CIT адзначае, што цырымонія сапраўды праходзіла, але ніводзін з прысутных вайскоўцаў не пацярпеў — яны былі ва ўкрыцьці.

У справаздачы таксама гаворыцца, што ў абодвух выпадках былі ўжытыя ракеты з баявой часткай з гатовымі паражальнымі элемэнтамі, падрыў якіх эфэктыўны супраць неабароненых цэляў.

Самай сьмяротнай CIT называе інтэнсіўную паветраную атаку на Цярнопаль раніцай 19 лістапада. Пасьля лучаньня пары крылатых ракет Х-101 у два шматкватэрныя дамы ў адным зь іх пачаўся маштабны пажар, у другім абваліліся перакрыцьці. У агні і пад заваламі загінулі 38 чалавек, сярод іх 8 дзяцей. Трое мірных жыхароў па-ранейшаму лічацца зьніклымі бязь вестак, яшчэ 92 чалавекі пацярпелі, сярод іх 18 дзяцей.

Сярод атак, якія прывялі да найбольшай колькасьці пацярпелых, паводле Conflict Intelligence Team, быў удар крылатымі ракетамі па горадзе Дніпры 24 чэрвеня: 21 загінулы і 319 пацярпелых; адна з ракет лучыла побач з пасажырскім цягніком.

Сярод рэгіёнаў, падкантрольных Кіеву, больш за ўсё загінулых, паводле зьвестак CIT, у Данецкай вобласьці (756), дзе ідуць найбольш зацятыя баі, але пацярпелых сама больш у Херсонскай вобласьці (2903), дзе значных зьменаў лініі фронту не адбываецца з 2022 году.

Conflict Intelligence Team зьвяртае ўвагу, што, нягледзячы на маштабную ратацыю расейскіх частак, у 2025 годзе колькасьць ахвяраў у Херсонскай вобласьці надалей расьце. Гэта сьведчыць, што кампанія тэрору супраць мірных жыхароў — не «эксцэс выканаўцы», а яна ўхваленая прынамсі на ўзроўні камандаваньня расейскай групоўкі войскаў «Днепр», гаворыцца ў справаздачы.

На занятых расейскімі войскамі тэрыторыях найбольш ахвяраў фіксуецца ў Данецкай і Херсонскай вобласьцях.

У Расеі, паводле падлікаў CIT, найбольш складаная сытуацыя захоўваецца ў Белгарадзкай вобласьці. У 2025 годзе там загінулі 134 чалавекі, яшчэ 1202 атрымалі раненьні. Сьледам ідуць Курская (61 загінулы і 327 параненых) і Бранская (24 загінулыя і 181 паранены) вобласьці.

«Як і ў Херсонскай вобласьці, баявых дзеяньняў у трох гэтых рэгіёнах практычна няма. Нягледзячы на гэта, мірныя жыхары тут таксама становяцца ахвярамі нападаў, пераважна з ужываньнем бесьпілётнікаў малога радыюсу дзеяньня — FPV-камікадзэ і скідаў з БПЛА тыпу Mavic», — пішуць складальнікі справаздачы.

CIT асобна падкрэсьлівае, што наўмысныя ўдары па цывільных аб’ектах, незалежна ад боку, ёсьць цяжкім ваенным злачынствам, іх трэба спыніць, а вінаватых прыцягнуць да адказнасьці.

Асобная выснова справаздачы — аб ролі бесьпілётнікаў. У 2025 годзе ўдары дронамі, паводле зьвестак CIT, прывялі да гібелі 1376 чалавек і раненьня 10 089 — больш, чым усе астатнія віды ўзбраеньняў разам узятыя. Пацярпелых ад БПЛА ў параўнаньні з 2024 годам больш чым утрая, а загінулых — у 2,85 раза. Складальнікі справаздачы паказваюць, што ў 2025 годзе як ва Ўкраіне, так і ў Расеі вырасла вытворчасьць дронаў.

«Гэта адбілася і на колькасьці закранутых атакамі рэгіёнаў. Калі ў 2024 годзе, акрамя трох прыфрантавых вобласьцяў [Расеі], ахвяры фіксаваліся яшчэ ў 12 суб’ектах, то ў 2025 годзе іх пабольшала да 24. Агульная колькасьць загінулых у гэтых рэгіёнах склала 47 чалавек, а пацярпелых — 346», — гаворыцца ў дакладзе Conflict Intelligence Team .

CIT робіць выснову, што пашырэньне высокадакладных сродкаў паражэньня не зьніжае гуманітарных стратаў. Калі тэндэнцыі 2025 году — рост ужываньня БПЛА і працяг паветраных атак — захаваюцца, то ў 2026 годзе колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва з высокай імавернасьцю працягне расьці незалежна ад сытуацыі на зямлі, лічаць расьсьледнікі.

Паводле ААН, на канец 2025 году з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны загінулі амаль 15 тысяч мірных жыхароў Украіны, параненыя больш за 40 тысяч чалавек. Паводле дадзеных расейскіх афіцыйных крыніц, зь лютага 2022 па пачатак 2026 году ад удараў УСУ ў Расеі загінулі каля васьмі тысяч мірных жыхароў, раненьні атрымалі больш за 18 тысяч чалавек. Рэальна ахвяраў, імаверна, значна больш, бо доступ да акупаваных тэрыторыяў абмежаваны і ёсьць шмат непацьверджаных выпадкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG