Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе эвакуацыя жыхароў Днепрапятроўскай вобласьці з-пад расейскіх абстрэлаў. ВІДЭА

Как группа "Белый ангел" эвакуирует жителей Днепропетровской области из-под обстрелов
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:12 0:00

Як ідзе эвакуацыя жыхароў Днепрапятроўскай вобласьці з-пад расейскіх абстрэлаў. ВІДЭА

Паліцыянты апранаюць бронекамізэлькі і дастаюць супрацьдронавыя стрэльбы. Спэцпадраздзяленне «Белы анёл» сьпяшаецца эвакуяваць жыхароў зь небясьпечнай зоны ў Днепрапятроўскай вобласьці.

Гэта пасёлак Пакроўскае: калісьці ён быў тылавым, але ўжо паўгода расейскае войска раўняе яго зь зямлёй, перадае тэлеканал Настоящее время.

Як толькі група эвакуацыі заяжджае ў мястэчка, зьяўляецца пагроза.

«Ідуць пускі КАБаў. З боку трасы па правым баку FPV вісіць», — кажа паліцыянт Сяргей Галда.

На ўзбочыне заўважаем жанчыну з рэчамі. Яе завуць Вера, яна ідзе з суседняй Аляксандраўкі. Мост, які вядзе туды, расейскае войска зьнішчылі яшчэ мінулай восеньню.

«Зьнішчаюць усё. Кідаюць людзі сваё нажытае і ўцякаюць, бо хочуць жыць. Дамоў няма, адны руіны. Хлопцы, вы мяне ня кінеце? Я ня ведаю дарогу».

«Не, давайце мы вас эвакуюем, няма пытаньняў».

Пакуль група едзе ў напрамку да вёскі, на яе скідаюць расейскія авіябомбы, спачатку адну, потым другую. Як толькі бамбёжка заканчваецца, эвакуацыя працягваецца.

Пасьля чарговых прылётаў ахвочых выехаць становіцца больш.

«Мы хацелі заставацца і не ехаць, але ўжо не вытрымалі нэрвы», — кажа жыхарка Кацярынаўкі Зінаіда.

Людзі часта застаюцца дома да апошняга, расказваюць паліцэйскія. Напрыклад, мінулай ноччу ім паступіла задача — забраць жанчыну, якая вось-вось павінна нарадзіць дзіця.

«Мы калі ехалі ў Прасяную, ужо гуглілі і чыталі, як прымаць роды, таму што такога вопыту ў нас няма», — распавядае Сяргей.

Але роды прайшлі да таго, як яны прыехалі. Нарадзіўся хлопчык.

«Дай Божа, каб усе эвакуіраваліся, каб там больш не нараджаліся. Няхай нараджаюцца дзеці, але не ў такіх умовах», — кажа Сяргей Галда.

«Уначы прыляцеў, гэты, як называецца?».

«Шахед?»

«Не. „Молнія“ прыляцела! Увесь дах раскрыла. Я вас зараз па хаце не буду вадзіць, таму што пачала ўжо падаць столь», — жыхар Пакроўскага Сяргей паказвае паліцыянтам з эвакуацыйнай групы наступствы чарговага прылёту.

Але, нягледзячы на атакі і разбурэньні, у сёлах яшчэ хапае і тых, хто з розных прычын не выяжджае. Людзі лаюцца з паліцыянтамі, якія спрабуюць іх пераканаць.

«У мяне тут магілы маіх бацькоў, маёй дачкі. Як я кіну ўсю гэтую справу?»

«У мяне ў Вялікаміхайлаўцы таксама мае сваякі пахаваныя! І бабулі, і дзядулі, — шукае контраргумэнты Сяргей. — Куды я кіну, столькі сабак у мяне! А ў двары яшчэ. Не, я не паеду. Не хачу. Калі хату маю разаб’юць, тады ўжо ўсе. Забʼюць — тады ўжо можа выеду кудысьці».

У гэтым экіпажы «Белага анёла» ўсе мясцовыя — раней працавалі паліцыянтамі ў тутэйшых грамадах. Цяпер на стыку Днепрапятроўскай, Запароскай і Данецкай абласьцей украінскае войска, як паведамляецца, праводзіць пасьпяховыя контрнаступальныя дзеяньні. Магчыма, хутка атрымаецца вывезьці людзей і з так званай шэрай зоны.

«Спадзяемся на посьпехі УСУ. Так, як у нас ёсьць Вялікаміхайлаўская грамада. Там засталося больш за 14 людзей, іх лёс невядомы, сувязі няма», — распавядае Сяргей Галда.

Перад тым, як зьехаць з пасёлка, паліцыянты заўважаюць сабаку: ёй сьціснуў горла доўгі ланцуг. Падручнымі прыладамі яны здымаюць путы, і сабака прыкметна ачуняў.

«Мог заблытацца і памерці. А так сабака будзе жыць. Цяпер усё прадэзынфікуем», — кажа паліцыянт з групы «Белы анёл» Іван.

XS
SM
MD
LG