Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twitter сьледам за Facebook і Google забараніў рэкляму крыптавалютаў


Ілюстрацыйнае фота

Найбуйнейшыя інтэрнэт-пляцоўкі разьмяшчэнья рэклямы абнаўляюць правілы: нельга рэклямаваць ICO, крыптагаманцы, продаж токенаў. У Беларусі тым часам легалізуюць крыптавалюты, але хочуць забараніць карыстацца імі як грашыма.

Сацыяльная сетка Twitter у панядзелак. 26 сакавіка абвясьціла аб плянах на забарону рэклямы крыптавалютаў і зьвязаных зь імі дзеяньняў, піша CNBC.

Ад якой менавіта даты Twitter забароніць рэкляму крыптавалютаў, не ўдакладняецца. Але іх рэкляму (і рэкляму продаж токенаў, і крыптагаманцоў, і ICO) забароняць, бо, як кажа прадстаўнік Twitter, кампанія «імкнецца забясьпечыць бясьпеку карыстальнікаў».

Найбуйнейшы апэратар рэклямы ў інтэрнэце — карпарацыя Google — у пачатку месяца абвясьціла аб забароне рэклямы крыптавалютаў і зьвязаных зь імі дзеяньняў ад чэрвеня бягучага году. Забарона будзе тычыцца таксама рэклямы бінарных апцыёнаў.

Яшчэ ў студзені сацсетка Facebook забараніла рэкляму фінансавых прадуктаў і сэрвісаў, якія «асацыююць са зманлівымі рэклямнымі практыкамі», у ліку якіх бінарныя апцыёны, выпуск крыптавалютаў (ICO) і іхны продаж. Забарона таксама тычыцца Instagram і рэклямнай сеткі Audience Network.

Штораз пасьля такіх забаронаў курсы крыптавалютаў адчувальна падалі. На піку ўвагі да крыптавалютаў у сьнежні 2017 году самая папулярная зь іх — Bitcoin — каштавала амаль 20 тысяч даляраў за адзінку. Цяпер за біткойн даюць менш за 8 тысяч даляраў.

Ці будуць забараняць рэкляму крыптавалютаў у расейскім Mail.ru — уладальніку папулярных у Беларусі сацсетак «Аднаклясьнікі» і «ЎКантакце», а таксама ў «Яндэксе» — уладальніку папулярнай рэклямнай пляцоўкі «Яндэкс.Дырэкт», невядома.

Ад заўтрашняга дня, 28 сакавіка, у Беларусі будзе дазволены выпуск, «здабыча» і абарот крыптавалютаў — такую норму ўвёў «IT-дэкрэт». Але для юрыдычных асобаў усё зьвязанае з крыптавалютамі будзе адбывацца пад кантролем Парку высокіх тэхналёгіяёў, а фізычным асобам хочуць забараніць карыстацца крыптавалютамі як грашыма: купляць і прадаваць за іх тавары і паслугі, толькі абменьваць на «рэальныя» грошы.

Нягледзячы на гэта, БелАЗ гатовы прадаваць свае машыны за крыптавалюты, а акадэмікі цалкам сур’ёзна прапануюць пусьціць энэргію БелАЭС на майнінг крыптавалютаў. Расейцы сабраліся збудаваць у Беларусі «завод біткойназдабывальнай апаратуры».

«Крыптавалюты ўжо выканалі сваю ролю — прыцягнулі ўвагу сьвету да Беларусі», — адзін з аўтараў ІТ-дэкрэту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG