Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для пачатку купіце 0,00001 этэра ці біткойна». У Менску паўтысячы чалавек сабраліся на канфэрэнцыю па крыптавалютах і ICO


Крыптаканфэрэнцыя прайшла 28 лютага ў гатэлі, пабудаваны кампаніяй расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева. Арганізатарам выступіла расейская кампанія Cryptoevent. Запрошаныя расейскамоўныя экспэрты і бізнэсмэны распавядалі пра крыптавалюты і ICO.

З павагі да месца правядзеньня ці з сапраўднай цікавасьці, на падпісаны Аляксандрам Лукашэнка дэкрэт № 8 спасылаліся ў кожным выступе як на рэдкі прыклад юрыдычнага рэгуляваньня крыптавалют і апэрацый зь імі. Ініцыяваныя ў тым ліку беларускім партнэрам Міхаіла Гуцэрыева IT-бізнэсмэнам Віктарам Пракапенем зьмены ў беларускім заканадаўстве збольшага ацэньвалі пазытыўна, але асьцярожна.

Радыё Свабода адшукала некалькі адказаў на пытаньні, якія можна задаць у будучыню.

Калі твой аўтамабіль завядзе сабе ўласны «гаманец»?

Аляксандр Паўлаў, праект iqeon.io:

«Звычайны жыхар можа пачаць купляць біткойн, спрабаваць сябе ў трэйдынгу. Тэхналёгія крыптавалюты — зручны інструмэнт, які працуе па-за рамкамі даверу да ўдзельнікаў сеткі... Плюс магчымасьць смарт-кантрактаў, што аўтаматызуе шмат якія галіны. У Нямеччыне аўтамабіль ужо мае свой „гаманец“ (электронны кашалёк. — РС), які плаціць за запраўку, паркоўку. Тэхналёгія зьменіць сьвет, і ўсе звычайныя беларусы падцягнуцца да ўсіх нас, хто ў тэме».

Колькі этэраў купіць для пачатку?

Анці Данілеўскі, Kickico:

«Я вельмі спадзяюся, што тут усё крута атрымаецца. Калі ў Беларусі ўсё гэта будзе дазволена, будзе падтрымлівацца, гэта будзе вялізны прыток грошай і разьвіцьцё бізнэсу. Малы бізнэс зможа лёгка і проста прыцягваць грошы на сваё існаваньне.

Як паглыбляцца ў блокчэйн нэафіту? На практыцы. Стварыць свой гаманец, купіць 0,00001 этэра ці біткойна, каб зразумець, як сыстэма працуе. Яна адрозьніваецца ад традыцыйных спосабаў аплаты. Навічкам складана зразумець. А калі разумееш, то ўжо банкаўскімі пераводамі карыстацца немагчыма, занадта клапотна. (на пытаньне, ці будуць пераяжджаць у Беларусь) Думалі, глядзелі, але пакуль не зразумела, што будзе. Ёсьць дэкрэт, няма закону, няма рэгуляваньня як такога. Няма сэнсу нам сюды ісьці. У нас ёсьць Сынгапур, Расея, Кіпр».

Калі міліцыя дапаможа вярнуць скрадзены біткойн і якіх майнэраў чакаюць у Беларусі

Дзьмітры Архіпенка, юрыдычная кампанія REVERA:

«Была сытуацыя ў Беларусі, калі спынілі крымінальную справу пра крадзеж біткойна, бо да 28 сакавіка біткойн у Беларусі — нішто. Адпаведна, пасьля 28 сакавіка мусіць быць заведзеная крымінальная справа за крадзеж біткойна (афіцыйна праводзіць апэрацыі з крыптавалютай у Беларусі можна будзе пасьля 29 сакавіка 2018 году).

Ёсьць вялікі рынак РФ з таннай электрычнасьцю. У параўнаньні зь Беларусьсю там вялікі рынак майнінгу. Таму наўпроставая норма дэкрэту дазваляе, зьмяніўшы падатковае рэзыдэнцтва з расейскага на беларускае, атрымаць зразумелы прававы рэжым для грамадзян РФ. І, улічваючы празрыстасьць межаў, гэта лёгка зрабіць. Гэта дадатковая магчымасьць падсабраць у Беларусь расейскі рынак».

Ці добра, што ў нас ёсьць дэкрэт № 8?

Павал Новікаў, дырэктар цэнтру фінансавых тэхналёгій фонду «Сколково»:

«Першы зьбірае ўсе гузакі. Яму няма на што абаперціся. Дэкрэт і яго выкананьне найхутчэй будуць неідэальнымі, доўгімі і праблемнымі. Але хтосьці мусіў гэта зрабіць. І крыптасупольнасьць усяго сьвету мусіць быць удзячная Беларусі і тым выканаўцам, якія над ім працавалі».

Біткойн. Блокчэйн. Крыптавалюты. Тлумачым на пальцах.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG