Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узброеныя сілы Ўкраіны раскрылі, што вызвалілі 200 км² Данецкай вобласьці каля горада Ліман

Украінскія вайскоўцы каля горада Ліман у Данецкай вобласьці ў 2023 годзе
Украінскія вайскоўцы каля горада Ліман у Данецкай вобласьці ў 2023 годзе

УСУ паведамілі, што вызвалілі ад расейцаў больш за 200 квадратных кілямэтраў Данецкай вобласьці пасьля чатырох месяцаў контрнаступу.

Пра гэта паведамілі украінскія СМІ, ВВС і некалькі незалежных OSINT-аналітыкаў, у тым ліку францускі вайсковы экспэрт Клеман Малэн, паведамляе «Настоящее время».

Паводле іх зьвестак, мова ідзе аб участку фронту на поўнач ад горада Ліман у Краматорскім раёне Данецкай вобласьці. Вызвалены раён яны апісваюць як верхнюю частку «клешчаў», якімі расейскія вайскоўцы пагражалі Ліману, а затым Славянску і Краматорску, апошнім буйным гарадам Данецкай вобласьці, якія застаюцца пад кантролем Кіева.

Апэрацыя УСУ доўжылася некалькі месяцаў з канца траўня ў рэжыме поўнай сакрэтнасьці, па той жа схеме, як папярэдні пасьпяховы наступ Украіны, які завяршыўся вызваленьнем 26 вёсак на Пакроўскім кірунку на Запароскім фронце: аб ім было абвешчана ў жніўні.

Ліман, як і разьмешчаны па суседзтве зь ім Ізюм (ён знаходзіцца ў Харкаўскай вобласьці) былі акупаваныя Расеяй у 2022-м годзе, але пазьней былі вызваленыя ў выніку ўкраінскага контрнаступу ў Харкаўскай вобласьці.

Пацьвярджэньне ўкраінскага наступу супала з заявамі Ўладзіміра Пуціна аб тым, што Расея нібыта ўзяла горад Сьвятагорск, які знаходзіцца ў тым жа раёне (у ім знаходзіцца знакамітая Сьвятагорская Лаўра). Пасьля гэтых слоў Пуціна і ўкраінскія вайскоўцы, і СМІ пачалі запісваць відэа са Сьвятагорску, якія абвяргалі словы Пуціна.

"Юморист из Кремля!" Жители Святогорска в Донецкой области записывают видео, опровергая, что город захвачен Россией
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:11 0:00

Раскрыцьцё падрабязнасьцяў украінскай апэрацыі пад Ліманам яшчэ раз паставіла пад пытаньне праўдзівасьць зводак і мапаў, якія прадстаўляюць на брыфінгах расейскія вайскоўцы. Мінабароны Расеі аб адступленьні расейскіх войскаў з гэтага раёна наогул не паведамляла, а Пуцін, паводле слоў яго памочніка Юрыя Ўшакова, у аўторак, 8 верасьня расказваў амэрыканскаму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу аб посьпехах Расеі ў Данецкай вобласьці.

Пры гэтым нават расейскія Z-ваенкары ў апошнія месяцы прызнавалі, што мапы, якія дэманструюць посьпехі Расеі, у тым ліку ў Сьвятагорску, — ілжывыя, і заваёвы Расеі на многіх участках фронту значна меншыя, чым камандзіры дакладваюць Пуціну.

«Герархія хлусьні»

Тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў з вайсковым экспэртам Сяргеем Розэ, які жыве ў Латвіі. Ён кажа пра «герархію хлусьні», якая існуе ў расейскай арміі, з-за якой камандзіры на ўсіх узроўнях вымушаныя дакладваць наверх толькі аб посьпехах і хаваць правалы, і аб тым, што «Пуцін і расейскае кіраўніцтва чакаюць, што кожны дзень ім будуць паведамляць аб «вызваленьні чарговага населенага пункту».

«Але паколькі гэта не адбываецца, а камандзіры працягваюць дакладваць, то рэальнасьць усё далей адходзіць ад таго, што ў іх па дакладах», — канстатуе Розэ.

Паводле экспэрта расейцы самі сябе перайгралі той вялікай колькасьцю хлусьні, якую ўвесь час пускаюць у эфір і дакладваюць свайму ўласнаму камандаваньню.

«Яны настолькі актыўна паведамлялі, што ў іх усё добра, што яны працягваюць наступ, што ім удаецца выходзіць на новыя рубяжы, захопліваць вось той жа Сьвятагорск, што, натуральна, камандаваньне не было ў курсе сытуацыі. Яно думала на поўным сур’ёзе, што сапраўды ўсё добра», — мяркуе Сяргей Розэ.

Яшчэ ў траўні Ўкраіна пачала наступ, і павольна яго працягвала, між тым нават у афіцыйных каналах той жа групоўкі «Захад» расейскага войска пра гэта нічога не пісалі, заўважыў экспэрт.

Сяргей Розэ
Сяргей Розэ

«Расейцы на тым напрамку пісалі, што „мы зьнішчылі некалькі ўкраінскіх бронемашын“. Але пры гэтым яны не казалі, чаму гэтыя бронемашыны ўвогуле апынуліся каля лініі фронту, не пісалі, што гэтыя бронемашыны пасьпелі высадзіць дэсант, і што гэты дэсант пасьпеў замацавацца і пачаць наступленьне. Гэта зусім пацешная гісторыя з пункту гледжаньня таго, што расейцы самі сябе падманулі».

Паводле Сяргея Розэ герархія хлусьні ў расейскім войску ўтварылася з той прычыны, што вышэйшае камандаваньне разьлічвае толькі на ваенныя перамогі і ня ўлічвае рэаліі вайны.

«Бо Пуцін і расейскае кіраўніцтва чакаюць, што кожны дзень ім будуць паведамляць аб „вызваленьне“ чарговага населенага пункта. Так як гэтага не адбываецца, а яны працягваюць дакладваць, то рэальнасьць усё далей адыходзіць ад таго, што ў іх па дакладах. Мы ўжо бачылі гэта, дапусьцім, на картах паўднёвай групоўкі расейскіх войскаў. А групоўка „Захад“, якая якраз была адказная за ўчастак фронту ў Лімане, раней дакладвала аб узяцьці Купянска, напрыклад».

Сяргей Розэ мяркуе, што тое самае адбываецца і на самым нізкім узроўні вайсковай герархіі.

«Цяпер ужо на самым нізе камандзіры гавораць падначаленым: ты там прайдзіся, сьцягам памахай, мы цябе здымем з дрону і скажам, што мы вызвалілі гэты населены пункт. А потым гэты даклад ідзе вышэй, вышэй, вышэй, і даходзіць урэшце да Пуціна. І ён ужо нешта гаворыць, і потым ужо хапаюцца за галовы нават Z-нікі, Z-каналы, якія трошкі ў гэтым разьбіраюцца. Яны хапаюцца за галовы і кажуць: ну гэта ўвогуле нейкі жах, гэта значыць ужо настолькі далёка ад рэальнасьці! Адзінае, што Z-каналы пакуль не разумеюць, што ўся вайна далёкая ад рэальнасьці: і тое, як яны абгрунтоўвалі вайну і тое, як вядуць баявыя дзеяньні, усё гэта заснавана на хлусьні. Гэта значыць увесь гэты рэжым прасякнуты хлусьнёй. Але гэта пакуль яшчэ да іх не дайшло», — кажа вайсковы экспэрт Сяргей Розэ.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG