Зь мінулай пятніцы ў зону актыўных баявых дзеяньняў унесьлі і Краматорск: 25 жніўня горад трапіў пад абстрэл, параненыя прынамсі 24 чалавекі, сярод якіх двухмесячнае немаўля. На гэтым фоне эвакуацыя становіцца ўсё больш небясьпечнай. «Настоящее время» апавядае, хто дапамагае ратаваць цывільных.
«Жыцьцё сваё пакінулі»
Ускраіна Славянску. Зь першымі промнямі сонца фургон валянтэрскай арганізацыі «Проліска» заяжджае туды, куды буйнагабарытным транспартам ужо не заехаць: занадта вялікая рызыка.
«Абвясьцілі зону баявых дзеяньняў. І сядзець тут доўга, зацягваць нельга», — тлумачыць валянтэр Аляксандар Мацьвіенка.
Чаму людзі так чакаюць фургону, ён добра разумее: ён сам страціў дом. «Гэта добра, што вывозяць і выяжджаюць. Мы, на жаль, такой магчымасьці ня мелі. Каб вось так з Баравой можна было наняць машыну. Жыцьцё сваё пакінулі», — кажа ён.
Ёсьць дзьве асаблівасьці цяперашняй эвакуацыі з Данбасу, расказваюць валянтэры.
Першая — у тым, што людзі, бачачы, што адбываецца з гарадамі вакол (з той жа Канстанцінаўкай і Дружкоўкай, якія зьнішчаюцца пад нуль), забіраюць усе свае рэчы, усю тэхніку, усю мэблю без асаблівых надзеяў сюды вярнуцца.
Другая — у тым, што бясьпечных дарог, якія вядуць на Данбас, няшмат: перавозьнікі едуць неахвотна і цэны на такія грузавыя перавозкі завоблачныя. Камэрцыйная цана паслугі — каля тысячы даляраў. Цэны растуць з набліжэньнем да лініі фронту. Для мясцовых жыхароў гэта непасільныя грошы, таму валянтэрская дапамога вельмі патрэбная.
«Можа, хоць склеп ацалее»
Лядоўня, тэлевізар, мікрахвалёўка — Дыяна з мужам эвакууюцца дзеля дачкі: заставацца тут дзецям забаронена. Сямʼя едзе ў Палтаўскую вобласьць. І пакуль муж спрабуе захоўваць аптымізм, у Дыяны іншы настрой.
«Самае каштоўнае — абразы́. Яны ў нас XVII стагодзьдзя, яшчэ ад прапрапрабабуляў, — кажа яна, пакуючы рэчы. — Спадзяемся, што ў рэшце рэшт гэта ўсё скончыцца... Вернемся хоць у чатыры сьцены. Можа, хоць склеп ацалее... Склеп — гэта ўсё ж лепш, чым засталося ў некаторых гарадах».
Ужо да вечара на сваім аўце сямʼя дабярэцца да новага арандаванага дому, а валянтэры Аляксандар і Мікалай даставяць туды ўсе рэчы.
Але перад гэтым трэба заехаць яшчэ на адзін адрас: заявак на грузавую эвакуацыю шмат. Віталь і Ірына навыперадкі расказваюць, як учора побач упала авіябомба. Гэтай вясной яны ўжо страцілі адну сваю хату. Цяпер зьяжджаюць назаўсёды.
«А што рабіць, калі нічога не засталося, — тлумачыць Віталь. — Мы пакуль тут працавалі на рынку, можна было крыху жыць... А зараз у рынак прыляцела, рынак згарэў. У нас там бутык невялікі быў. Рабілі кебаб, піражкі. Усё, нічога няма. Прыляцела — усё згарэла».
Ці вернуцца, ня ведаюць
Лядоўня, тэлевізар, некалькі канапаў, разабраныя шафы, люстэркі, каўны апарат. Заладоўваньне раз-пораз перарывае гул дронаў. Аляксандар падбадзёрвае камандамі, Віталь і Ірына сьпехам зьбіраюцца.
«FPV! (відэакіраваны дрон. — РС). — Пачакай... Іх два. Давайце бягом, кудысьці туды ён паляцеў. Хутчэй трэба нагамі варушыць. — Так-так-так, мы варушым. — Белы бак для вады ня думайце пакідаць! 125 літраў! Вы ўявіце сабе — вядром нанасі і можна мыцца тыдзень».
Віталь і Ірына таксама зьяжджаюць у Палтаўскую вобласьць. Ці вернуцца? Адказваюць шчыра: ня ведаюць.
Найперш валянтэры вывозяць дзяцей, самотных маці, пажылых людзей і людзей з інваліднасьцю. Але заявак нашмат больш, таму іх спрабуюць аб’ядноўваць.
Валянтэрскую машыну заладоўваюць пад завязку, пакідаючы ў дамах толькі голыя сьцены. Часу, каб зьмясьціць усё мінулае жыцьцё ў адзін фургончык — усяго паўгадзіны. Да дзявятай раніцы з Славянску зьяжджае яшчэ адна сямʼя.
«Спрабаваць будзем вывезьці ўсіх», — кажа Аляксандар.