З прычыны вайны Ўкраіна стала адным з усясьветных цэнтраў распрацоўкі і вытворчасьці біянічных пратэзаў — гэтая тэхналёгія дапамагае параненым вайскоўцам і цывільным хутчэй вяртацца да звыклага жыцьця, паведамляе «Настоящее время».
Станіслаў быў цяжка паранены на фронце два гады таму. Пасьля ампутацыі левай рукі прайшоў працяглае лячэньне і рэабілітацыю.
Ужо некалькі месяцаў ён карыстаецца біянічным пратэзам. Паводле яго, гэта прыкметна аблягчае паўсядзённае жыцьцё.
«Тут ёсьць захоп пад шклянку: яна яе трымае. А каву выпіць — сьвятое», — паказвае ён падчас візыту да інжынэраў, якія дапамагаюць абнавіць праграмнае забесьпячэньне.
Біянічны пратэз працуе дзякуючы сыгналам цягліц: калі чалавек хоча сагнуць пальцы ці ўзяць прадмет, адмысловыя сэнсары счытваюць актыўнасьць цягліц і перадаюць каманду пратэзу.
«Прыбраць, патрымаць нешта, нарэзаць, перанесьці нешта зь невялікай вагой — ёсьць шэсьць розных захопаў для розных сытуацыяў», — паказвае Станіслаў.
Аляксандар паранены пад Вуглядарам. Пасьля ампутацыі рукі ён перажываў адзін з найцяжэйшых пэрыядаў у жыцьці.
«Вельмі цяжка было. Са мной такое рабілася... Думаў, навошта я наагул жыву ў гэтым сьвеце. Але ўзяў сябе ў рукі. Як-ніяк трое дзяцей. Дзеля іх жыву», — прызнаецца былы вайсковец.
Рэабілітавацца яму таксама дапамагае біянічны пратэз. На тое, каб да яго прывыкнуць і навучыцца кіраваць рознымі рухамі, часам ідуць месяцы. Але паступова рухі становяцца ўсё больш натуральнымі. Некаторыя нават садзяцца за стырно аўтамабіля.
Колькі каштуе выраб пратэзу
Яшчэ некалькі гадоў таму па сучасныя біянічныя пратэзы ўкраінцы зьвярталіся да замежных вытворцаў. Але сёньня такія прылады ўсё часьцей распрацоўваюць і зьбіраюць ва Ўкраіне.
Ужо ўвосень 2022 году часопіс Time адзначаў дзівосную дакладнасьць пратэзаў украінскага стартапу Esper Bionics.
Адным з тых, хто выпрабаваў інавацыю на сабе, стаў вайсковы лекар Дзьмітры: ён страціў канцавіну, эвакууючы параненага з поля бою. Асвоіўшы біянічную ручыцу, мэдык вярнуўся на фронт.
Іншы такі праект — стартап Allbionics. За тры гады каманда істотна ўдасканаліла свой першы біянічны пратэз, ганарыцца галоўны інжынэр Дзяніс Луцак:
«Цяпер хуткасьць — гэта проста долі сэкунды. Пратэз закрыўся, долі сэкунды — пратэз адкрыўся. Раней гэта нашмат даўжэй было», — кажа ён.
Пакуль гэта дарагая тэхналёгія: сыстэма можа каштаваць некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, і каманда Allbionics робіць да дзесяці пратэзаў у месяц. Інжынэры гатовыя маштабаваць вытворчасьць, але на гэта трэба дадатковыя інвэстыцыі.
Большасьці ўкраінцаў пратэзаваньне аплачваюць дзяржава ці дабрачынныя арганізацыі, расказвае інжынэр Allbionics Уладзімір Мірашнічэнка:
«Кошт пратэзнай сыстэмы ў той клясе, якую мы падтрымліваем, — 25–28 тысяч даляраў. Але мы працуем як сацыяльнае прадпрыемства. Таму ўсім робім бясплатна. Дабрачынцы пакрываюць усе выдаткі».
Як удасканаліць пратэз
Распрацоўнікі сьцьвярджаюць: сваімі асноўнымі функцыямі ўкраінскі пратэз ужо наблізіўся да замежных аналягаў. Цяпер інжынэры працуюць над тым, каб як мага хутчэй зрабіць пратэз воданепранікальным — гэта галоўны запыт карыстальнікаў.
«Калі мы гэта зробім, мы зробім вялікі крок наперад у тым, як будзе зручна ім карыстацца. Можна ўжо будзе талерку памыць пад кранам і не перажываць, што нешта здарыцца», — тлумачыць Луцак.
Дакладная колькасьць украінцаў з ампутацыямі невядомая. Лік ідзе на тысячы, адзначала ў інтэрвію ўкраінскаму Forbes кіраўніца дабрачыннага праекту ў Львове Superhumans Вольга Руднева. Гэта рэабілітацыйны цэнтар за $50 млн на ахвяраваньні Рычарда Брэнсана, Фонду Говарда Бафэта і іншых донараў. Толькі за першыя два гады працы ён плянаваў дапамагчы больш як тром тысячам пацыентаў.