«Працягваецца штурм Малой Такмачкі» — гэта, мабыць, самы вядомы мэм аб «прасоўваньні» расейскай арміі ва Ўкраіне сёлета. Чым адметнае і важнае гэтае сяло ў Запароскай вобласьці, апавядае тэлеканал «Настоящее время».
Расейскія прапагандысцкія рэсурсы ня раз паведамлялі, што іхная армія ўзяла Малую Такмачку. Насамрэч гэтае паселішча ў Запароскай вобласці кантралююць Узброеныя сілы Ўкраіны (УСУ).
З украінскімі вайскоўцамі, якія абараняюць Малую Такмачку, пагутарыў карэспандэнт «Настоящего времени» Аляксей Прадайвада.
Украінскія FPV-дроны (кіраваныя празь відэакамэру. — РС) зьнішчаюць расейскую мотатэхніку — «чарговы штурм арміяй Расеі Малой Такмачкі» зноў ня ўдаўся.
Украінскія вайскоўцы паказваюць архіўныя кадры момантаў, калі яны зьнішчылі сем расейскіх квадрацыклаў і 23 матацыклы. Паводле зьвестак УСУ, расейскія вайскоўцы толькі ў адным баі страцілі каля 40 чалавек забітымі і параненымі.
«Ёсьць кадры, калі матацыкліст загінуў, ня злазячы з матацыкла. І мы ўбачылі, што на гэтым транспартным сродку ёсьць нават мабільны РЭБ (прылада радыёэлектроннай барацьбы. — РС), які меў перашкодзіць такому разьвіцьцю падзеяў, але не ўдалося», — кажа Дзьмітры Пелых, начальнік аддзялення камунікацыі 118-й брыгады УСУ.
У гэтай брыгадзе, якая ўжо некалькі гадоў бароніць Малую Такмачку, кажуць, што прарвацца ў вёску вораг спрабуе ўвесь час. Раней ён часта ўжываў бранятэхніку, але зараз украінскія апэратары дронаў усё радзей бачаць яе на полі бою.
«Было папярэджаньне, што павінен быць штурм. Калі мы знайшлі іх паліўна-змазачныя склады, мы па іх ударылі. Магчыма — з гэтым зьвязана ці не — але паехалі адны матацыклы і квадрацыклы. Гэта значыць, ані танкаў, ані БТР, ані БМП — нічога цяжкага не было», — апавядае вайсковец Віктар.
Абараняць Малую Такмачку ўкраінскім вайскоўцам дапамагае зручнае геаграфічнае становішча, кажа вайсковец Юры:
«У нас крыху вышыня, і мы здалёк бачым, як яны толькі пачынаюць высоўвацца. І на пад’ездах мы ўвесь час штурм гэты разьбіваем, а яны ўсё больш і больш кідаюць сілаў».
«Маем дзясяткі квадратных кілямэтраў адкрытага стэпу безь якіх-небудзь прыродных схованак для ворага. Вораг для нас як на далоні пастаянна», — дадае начальнік аддзяленьня камунікацыі 118-й брыгады УСУ Дзьмітры Пелых.
Што засталося ад сяла
Малая Такмачка — невялікае сяло ў Запароскай вобласьці, за тры кілямэтры ад горада Арэхава. Раней там жылі тры тысячы жыхароў, працавала цагельня, а таксама разьмяшчалася папраўчая калёнія.
«Звычайнае сяло разьбітая: ні хатаў, нічога. Дзесьці трапляюцца скляпы, турма. Вось і ўдаецца стрымліваць: у скляпах сядзець, у пабітых хатах і ўсё», — кажа вайсковец 118-й брыгады Юры.
Гэтае сяло плошчай усяго восем квадратных кілямэтраў так і засталося б нікому не вядомым, калі б не шматразовыя заявы расейскага камандаваньня аб «узяцьці Малой Такмачкі».
Расейскі міністар абароны Андрэй Белавусаў мінулай восеньню апублікаваў віншаваньне расейскім вайскоўцам у сувязі з «узяцьцем сяла», а расейская прапаганда месяцамі рапартавала, што нібыта «Малую Такмачку захапілі».
Шматлікія марныя спробы расейскіх вайскоўцаў узяць Малую Такмачку спарадзілі ў інтэрнэце масу мэмаў і жартаў, але ня ўсе ўкраінскія вайскоўцы падзяляюць гэты гумар.
«Неяк так: і ні туды, і ні сюды. Не нэгатыўна і не пазытыўна. Нібыта яно выглядае сьмешна, але трэба зважаць, колькі людзей за гэта гіне. Таму для мяне гэтыя мэмы — гэта проста, можна сказаць, нейкі ўціск», — кажа вайсковец Юры.
«Спачатку было лягчэй ваяваць, менш дронаў было. Ня памятаю, у які дзень, дзесьці запіс ёсьць, нас 10 гадзін тупа FPV білі, усю ноч. Калі два дні па табе нічога не прылятала, то гэта выходны. У асноўным — кожны дзень», — згадвае вайсковец 118-й брыгады УСУ Андрэй.
На перадавых пазыцыях у Малой Такмачцы пяхотнік правёў бесьперапынна 117 дзён.
На пазыцыі Андрэй атрымаў траўму сьпіны, шматлікія кантузіі ён ужо ня лічыць. Кажа, што падлечыцца і вернецца ў шэрагі. Бо і ён, і ягоныя калегі зь іншых падразьдзелаў разумеюць — калі адкінуць убок усе жарты пра Малую Такмачку, яна ўжо даўно служыць ключавым пунктам абароны на гэтым кірунку.
«Калі яны возьмуць тую самую Малую Такмачку, у іх будзе просты шлях на Арэхаў. Прэабражэнка, Арэхаў, а там ужо чыста палі, трасы», — кажа вайсковец Віктар.
«А з Арэхава яны могуць і да Запарожжа спакойна дайсьці, таму гэтае стратэгічнае сяло мае вялікае значэньне для нас», — дадае Юры.
Вайскоўцы 118-й брыгады УСУ трапілі ў Кнігу рэкордаў Украіны за абарону Малой Такмачкі, якая доўжыцца ўжо больш за 1500 дзён, гэта значыць больш за чатыры гады.