Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя ўкраінкі, якая ўцякла з акупаванага Марыюпалю, пабудавала ў Кіеве ўсё з нуля і зноў страціла пасьля расейскага ўдару

"Меня знало пол-Мариуполя. Треть из них они убили". История мариупольчанки, начинающей жизнь с нуля второй раз после российской агрессии
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:39 0:00

Гісторыя ўкраінкі, якая ўцякла з акупаванага Марыюпалю, пабудавала ў Кіеве ўсё з нуля і зноў страціла пасьля расейскага ўдару

«Мяне ведала палова Марыюпалю. Траціну зь іх яны забілі»,— кажа ўцякачка з Данбасу Кацярына Калмыкова, якую расейская агрэсія зноў дагнала ў Кіеве.

«Вось тут была наша крама. А тут — наш склад. Не відаць нічога — закрылі плёнкай, абсталяваньне згарэлае, увесь тавар... Тут наша мінулае жыцьцё, распачатае другі раз», — кажа Кацярына Калмыкова, паказваючы разбуранае месца працы. Пра яе лёс распавядае тэлеканал «Настоящее время».

Яшчэ нядаўна на гэтым рынку разам зь ёю гандлявалі дзясяткі людзей, кіпела праца. 16 чэрвеня ўсё ператварылася ў попел — у гэты дзень армія Расеі выпусьціла некалькі дзясяткаў ракет і дронаў. Адзін удар трапіў сюды.

Думала: хоць бы па мне прыляцела

«Кожны раз пасьля абстрэлаў я казала: „Нам пашанцавала“. Сёньня нам не пашанцавала. Палае наша крама, наш адзіны заробак. Усё, што нам удалося пачаць і зрабіць пасьля Марыюпалю», — плакала Калмыкова, здымаючы месца пажару пасьля ўдару.

У тую ноч яны з мужам адразу прыехалі ў краму, нягледзячы на паветраную трывогу. Думалі, магчыма, удасца нешта выратаваць. Але ратаваць ужо не было чаго: агонь пашыраўся занадта хутка. А абстрэл працягваўся.

«Ляцела балістыка, яшчэ ляцелі крылатыя ракеты. І я думаю: „С*ка, хоць бы яно сюды прыляцела, па мне“. Я проста стамілася. Гэта такая роспач. Я ня ведаю рэальна, што рабіць, — успамінае Кацярына. — У мяне быў адзін страх: гэта мой адзіны заробак — а як арэнднае жыльлё? Да першага дня месяца трэба аплаціць арэнду. А калі я не пасьпею, дзе мне іх зарабіць, як? Усё згарэла!»

Крыўдна зноў усё пачынаць з нуля пасьля Марыюпалю, кажа жанчына. «Але другі раз ня так балюча», — дадае яна.


Кацярына ля згарэлай крамы
Кацярына ля згарэлай крамы

«Мы плянавалі жыць»

Да поўнамаштабнай вайны Кацярына была пасьпяховай прадпрымальніцай у Марыюпалі. Разам з мужам Максімам яны трымалі восем крамаў: яна прадавала торбачкі, ён — бытавую тэхніку.

«Часам мне здаецца, што гэта было не са мной. У 2015 годзе я адкрыла першую вялікую краму. У 2018 годзе — другая, у цэнтры гораду. Гэта была мара», — апавядае яна.

Апроч вядзеньня бізнэсу, Кацярына выступала ў тэатры. У 2021 годзе яна выйграла нацыянальны конкурс прыгажосьці ў катэгорыі plus size.

Кацярына ў тэатры
Кацярына ў тэатры

Яна сумуе ня толькі па прадказальнасьці таго, мінулага, даваеннага жыцьця, але і па моры.

«Дрэнна ці добра табе — прыяжджаеш на ўзьбярэжжа, бярэш каву ў любімай кавярні, хоць узімку, хоць улетку... Я заўсёды дзівілася, як людзі жывуць бяз мора. У яго нават іншы пах. Так, бруднае, плыткае, „Азоўсталь“. Але гэты пах мора... Хочацца яго адчуць», — кажа марыюпалянка.

Кацярына ля Кіеўскага мора
Кацярына ля Кіеўскага мора

Люты 2022 году зьмяніў усё. Марыюпаль апынуўся ў расейскай блякадзе. За некалькі дзён у Кацярыны зьнікла ўсё, што стваралася гадамі: разам з домам і бізнэсам яна страціла і родны горад.

«Роўна тыдзень, як ва Ўкраіне пачалася вайна. Не апэрацыя па вызваленьні ўкраінцаў, а вайна і генацыд украінскага народу. Горад Марыюпаль восем гадоў стаяў на абароне Ўкраіны. Восем гадоў мы ваявалі і даказвалі, што мы Ўкраіна», — казала яна тады.

Азіраючыся назад, цяпер заўважае:

«Самае страшнае — ня тое, што мы бачылі, а тое, што мы чулі. Напэўна, на ўсё жыцьцё гэта застанецца: калі гарыць дом, а ты чуеш крыкі людзей. Няма пажарнікаў, няма лекараў. Ён палае проста, адны агеньчыкі. Ты чуеш крыкі людзей, тваіх суседзяў».

Дакладную колькасьць загінулых у Марыюпалі вызначыць дагэтуль немагчыма: горад па-ранейшаму пад расейскай акупацыяй. Афіцыйна пацьверджана гібель больш як 12 тысяч чалавек. Праваабаронцы дапускаюць, што ахвяраў магло быць да 100 тысяч: многіх людзей хавалі ў безыменных брацкіх магілах, разбураныя дамы зносілі разам з парэшткамі целаў мясцовых жыхароў.

«Мне там месца [цяпер] няма. Гэты горад — гэта могілкі. Я ўвогуле лічу, што пасьля дэакупацыі, калі яго вызваляць, гэта павінен быць музэй пад адкрытым небам. Мэмарыял. Там магілы на кожным кроку. Дзеці, людзі... Вельмі вялікая памылка была, увесь час сабе гэта паўтараю, што мы, марыюпальцы, казалі: „Горш, чым у 2014 годзе, ужо ня будзе“. І вось гэта перашкаджала зьехаць вельмі шмат каму, што выратавала б жыцьцё. Калі б улады не супакойвалі, не казалі, што ўсё будзе добра, нармальна, шмат бы жыцьцяў выратавалі», — упэўненая жанчына.

Ля Кіеўскага мора
Ля Кіеўскага мора

Да поўнамаштабнай вайны ў горадзе было зарэгістравана больш за дзесяць тысяч прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, толькі падатковыя паступленьні ад марыюпальскага бізнэсу ў мясцовы бюджэт складалі каля 700 мільёнаў грыўняў (больш за 20 мільёнаў эўра) ў год.

Праз расейскую акупацыю большасьць прадпрымальнікаў, як Кацярына, страцілі ўсё: актывы, абсталяваньне, гандлёвыя пляцоўкі.

«Мы працавалі, мы ведалі, дзеля чаго працуем. Пачынаўся той пэрыяд, калі ўжо і дзеці падрасьлі. Бізнэс стабільны, грошы ёсьць — жыві для сябе. І мы плянавалі жыць», — успамінае Кацярына.

У сакавіку 2022-га яна зь сям’ёй пад абстрэламі выехала з Марыюпалю. Спачатку ў Заходнюю Ўкраіну, потым у Кіеў. З сабой не ўзяла нічога.

«Аплаціла цану расстаньня, каб ён быў у бясьпецы»

Кацярына глядзіць дзіцячыя здымкі свайго сына Вовы. Альбомы з фатаздымкамі — усё, што засталося ад мінулага жыцьця.

Фотаальбом
Фотаальбом

Пасьля страты дому і бізнэсу самым цяжкім стала расстаньне з сынам: Кацярына адправіла яго вучыцца ў Ізраіль адразу пасьля таго, як яны вырваліся з Марыюпалю.

На той момант яму было 14 гадоў.

«Для мяне ўдар быў, калі 7 кастрычніка 2023 году там таксама пачалася вайна. І ў мяне быў шок. Бо я яго адправіла і аплаціла цану расстаньня, каб ён быў у бясьпецы. Жыцьцё проста цалкам павалілася. Я дзесьці, напэўна, паўтара месяца наагул была не ў сабе. І псыхіятры, і псыхолягі вельмі дапамагалі», — прызнаецца жанчына.

Сын Кацярыны ўжо скончыў школу ў Ізраілі. У яго быў выбар: вярнуцца дадому ці застацца там — вырашыў атрымліваць ізраільскае грамадзянства і служыць у арміі.

«Нам трэба вучыцца ў дзяржавы Ізраіль: пераняць гэты досьвед — як яны рыхтуюць хлопцаў. Яны ўсе ў школе хочуць ісьці ў баявыя войскі. Гэта так падаецца ім: настолькі элітна, што сорамна не пайсьці. Хоць мне балюча, што ён туды пойдзе. Але яны ўсё для гэтага зрабілі, каб у іх быў салдат», — кажа Кацярына.

За апошнія чатыры гады Кацярына з сынам бачылася ўсяго некалькі разоў.

Кацярына з сынам
Кацярына з сынам

Уварваньне Расеі разлучыла сотні тысяч украінскіх семʼяў. Паводле зьвестак ААН, больш за пяць мільёнаў украінцаў застаюцца за мяжой.

«Адзіная рэч, якую я ніколі не дарую Расеі, — гэта тое, што яны забралі час, — прызнаецца марыюпалянка. — За тое, што яны прымусілі майго сына хутка пасталець, за тое, што яны зараз забіраюць час маіх бацькоў, якія старэюць. Вось магу дараваць усё. Кажуць, трэба дараваць. Гэтага ніколі не змагу дараваць».

Задавала сабе пытаньне: за што?

Пасьля выезду з акупаванага Марыюпалю Кацярына з мужам зьмянілі ўжо пятнаццаць здымных кватэраў.

«Ты разумееш, што ў цябе няма ручніка. Табе няма чаго заслаць. Няма талеркі, зь якой можна паесьці, няма нічога», — апісвае яна свой вымушаны лад жыцьця.

Брак жытла і кампэнсацыяў ад дзяржавы — галоўная праблема людзей, якія прыехалі з акупаваных тэрыторыяў. У Кіеве жывуць амаль паўмільёна ўнутраных перасяленцаў, зь іх каля 20 тысяч — марыюпальцы.

«Многія вяртаюцца на акупаваныя тэрыторыі толькі праз брак жыльля. Нават з-за мяжы вяртаюцца, зь Нямеччыны. Яны стаміліся, — тлумачыць Кацярына. — Але ва Ўкраіну — куды? Яны не разумеюць, куды яны прыедуць, бо кожны месяц табе трэба аддаць 12, 17, 20 тысяч. Трэба аддаць за арэнду жыльля больш, чым твой заробак».

Расейскія акупацыйныя ўлады ў Марыюпалі ўнесьлі ў сьпісы так званага «безгаспадарнага» жыльля каля 25 тысяч кватэраў і дамоў — іх плянуюць перадаць у муніцыпальную ўласнасьць.

Дом, у якім была кватэра Кацярыны, часткова згарэў, і яго зьбіраюцца зьнесьці.

У Кіеве яна пачынала літаральна з нуля: за трыста даляраў выступала ў тэатры, а муж за тыя ж грошы працаваў грузчыкам. Тры гады таму яны зноў рызыкнулі адкрыць краму: прадавалі тавары для дому і адпачынку. Бізнэс Кацярына прасоўвала сама — здымала ролікі з гумарам для сацыяльных сетак.

Кацярына
Кацярына

Дзясяткі тысяч праглядаў, зноў пасьпяховыя продажы і пастаянныя кліенты — здавалася б, жыцьцё наладжваецца. А цяпер ад крамы пасьля расейскага абстрэлу не засталося нічога.

«Часу шкада. Вельмі шкада. Сілаў шкада. Але я вельмі аптымістычны чалавек», — падкрэсьлівае Кацярына.

Пасьля яе відэа з ударам па краме пра гэта напісалі прарасейскія тэлеграм-каналы. У гэтых допісах яе называлі прыежджай марыюпалянкай, жонкай вайскоўца і сьцьвярджалі, што сама яна нібыта вырабляла дроны.

«Гэта такая ганьба, бо мяне ведала палова Марыюпалю. Траціну зь іх вы забілі. Яны забілі», — зьвярнулася Кацярына да прарасейскіх блогераў у сваім відэаадказе, які набраў сотні тысяч праглядаў.

Цяпер яны разам з мужам прадаюць ацалелы тавар, які захоўваўся дома ці быў на пошце. Пасьля ўдару па краме яны атрымалі тысячы вестак з падтрымкай ад незнаёмых людзей: нехта дапамог словам, нехта ахвяраваньнямі. Менавіта гэта, кажа Кацярына, не дае ёй права апусьціць рукі:

«Я задавала сабе пытаньне: „За што?“ А потым стала сабе казаць: „Для чаго?“ Вельмі часта кажуць: „Вы вельмі моцная сямʼя, галоўнае, што вы жывыя“. І кажуць, што Бог не дае выпрабаваньняў большых, чым чалавек можа вытрымаць. А навошта мне гэтая сіла? Для чаго? Да чаго ён мяне рыхтуе?»


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG