Улады Расеі запэўніваюць, што мабілізацыі ня будзе. Але ім ня вераць, і некаторыя расейцы ўважаюць за лепшае не правяраць гэтыя абяцаньні на сабе, апавядае тэлеканал «Настоящее время».
«Я той самы „здраднік“, які зьехаў з Расеі з трыма дзецьмі. Мы толькі перасеклі нядаўна мяжу. І я ўжо пашкадаваў, што мы не зрабілі гэтага раней, — кажа ў сацыяльных сетках Вячаслаў Удавічэнка. — Апошнія некалькі гадоў мы жылі той думкай, што ўсё наладзіцца, усё пройдзе. Але гэта падман. Я ведаю, што шмат хто з вас перажывае тыя ж самыя пачуцьці. Чакаюць, што ўсё пройдзе, што наступіць ранейшае жыцьцё. Але, на жаль, гэтага можна чакаць бясконца. Я змушаны быў вывезьці сваю сям’ю з Расеі для таго, каб мае дзеці жылі ў бясьпецы. Для таго, каб над іхнымі галовамі не ляталі ракеты-бесьпілётнікі. Каб маіх сыноў не забралі на вайну».
Падобных гісторыяў ад расейцаў, якія зьяжджаюць, у сацыяльных сетках з кожным днём усё больш.
«Ну вось і ўсё, бывай, наш улюблены Новасібірск. Мы ляцім жыць у іншую краіну, — кажа ў сацсетках Іна. — Мы доўга думалі, сумняваліся, але ў нейкі момант зразумелі, што ўсё. Узялі дзьве валізкі, сабаку і паляцелі. Цяпер мы будзем жыць у Грузіі. Сярожа будзе вучыцца».
У праваабарончым праекце «Ковчег» таксама фіксуюць скачок колькасьці зваротаў расейцаў аб выезьдзе з краіны. Толькі за першыя 20 дзён жніўня каардынатарам падтрымкі прыйшло ў шэсьць разоў больш пытаньняў, чым за ўвесь травень. А ў чатах узаемадапамогі зваротаў больш у пяць разоў, гаворыць у гутарцы з «Настоящим временем» каардынатар праекту тэрміновай дапамогі Ян Славіцкі.
«У Армэніі на найбліжэйшыя даты ў сэгмэнце нейкіх недарагіх гатэляў, гостэлаў практычна не засталося месцаў. А на тыя, што засталіся, цэны дастаткова сурʼёзна павысіліся», — заўважае каардынатар Славіцкі.
У Крамлі адмаўляюць
Пляны пашырыць мабілізацыю пасьля выбараў у Думу 20 верасьня расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць. Сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Васілій Нябензя запэўнівае, што мабілізацыі «не чакаецца». Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў называе паведамленьні пра рыхтаваньне мабілізацыі «інфармацыйнымі качкамі».
Праўда, у 2022 годзе ў Крамлі таксама адмаўлялі і пляны ўварваньня ва Ўкраіну, і абвяшчэньне мабілізацыі, нагадвае палітоляг Дзьмітрый Арэшкін:
«Калі вайна будзе працягвацца, а яна будзе працягвацца, падатак крывёю давядзецца плаціць. Як гэта будзе аформлена і як гэта будзе называцца, пытаньне іншае. Хутчэй за ўсё, мабілізацыяй называцца гэта ня будзе, але будуць прынятыя яшчэ больш жорсткія захады, каб ціснуць на рэзэрвістаў», — мяркуе палітоляг Арэшкін.
Апазыцыйны расейскі палітык Дзьмітрый Гудкоў прагназуе: «Будзе нейкая неабвешчаная мабілізацыя, хутчэй за ўсё ў рэгіёнах, а не ў буйных гарадах, калі, вось за прыкладам Пензы, будуць прыблізна так дзейнічаць сілавікі, вайскоўцы».
Палітоляг Іван Прэабражэнскі лічыць, што пакуль у Крамлі няма адзінага рашэньня наконт ваеннай мабілізацыі.
«Магчыма, асабіста Пуцін лічыць, што ў яго апошняе акно магчымасьцяў, і трэба правесьці татальную мабілізацыю і паслаць натоўп людзей на фронт, можа, яны зьнясуць украінскую абарону. Гэтых людзей трэба ўзбройваць, гэтым людзям трэба даваць афіцэраў, гэтых людзей трэба апранаць, іх трэба карміць і гэтак далей. Відаць, што Расея збольшага робіць дзеля гэтага пэўныя крокі, але мне здаецца, што яны не гатовыя», — дзеліцца думкай экспэрт.
Паводле расейскага закону, пасьля высылкі электроннай позвы прызыўніку могуць закрыць выезд з Расеі. Праваабаронцы кажуць, што патэнцыйным змабілізаваным даводзіцца выбіраць: зьехаць цяпер ці рызыкаваць, бо пазьней такой магчымасьці ўжо ня будзе.
Расейцы зноў паехалі ў Грузію
Як паведамілі ў праекце дапамогі пераезду з Расеі «Релокац», штодзённых зваротаў да іхных спэцыялістаў пабольшала прыкладна з 70 да 120. Часьцей зьвяртаюцца людзі да 40 гадоў з запытам — пасьпець зьехаць да кастрычніка. Самыя папулярныя зараз кірункі — Сэрбія, Армэнія і Грузія.
Вячаслаў Удавічэнка тлумачыць, чаму павёз з сабой сямʼю:
«Усе, у каго ёсьць дзеці, гэта зразумеюць. Мая жонка нарадзіла мне траіх дзяцей. І няўжо я павінен дапусьціць, каб яны, крый Божа, пацярпелі ад гэтых ваенных дзеяньняў?»
Празь перавал Верхні Ларс за адзін жнівеньскі тыдзень у бок Грузіі, паводле зьвестак расейскіх уладаў, прайшлі больш за 113 тысяч чалавек. Расейская мытня 18 жніўня заявіла аб нейкай «рэкорднай» колькасьці расейцаў, якія выяжджаюць праз гэты кантрольна-прапускны пункт, назваўшы лічбу 20 тысяч чалавек за содні. Грузінскія ўлады мусілі ўдакладняць: гаворка пра 16 тысяч, прычым у абодва бакі.