Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода атрымала дакумэнт, які сьведчыць пра занепакоенасьць краін Балтыі магчымым расейскім уварваньнем

Эстонскі салдат на вучэньнях. Архіўнае фота
Эстонскі салдат на вучэньнях. Архіўнае фота

Ліст, зь якім азнаёмілася Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сьведчыць пра рост занепакоенасьці магчымай агрэсіяй Расеі супраць краінаў Балтыі.

Латвія, Літва і Эстонія ўмацоўваюць абарону і ўкараняюць новыя тэхналёгіі, але няпэўнасьць фінансаваньня, адклад праектаў і недахоп сілаў і сродкаў выклікаюць пытаньні аб іх гатоўнасьці, паведамляюць эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк і тэлеканал «Настоящее время».

Ліст, зь якім азнаёмілася Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сьведчыць пра рост занепакоенасьці магчымай агрэсіяй Расеі супраць краінаў Балтыі. У ім гаворыцца пра «пагаршэньне абставінаў з гледзішча бясьпекі» пры «часьцейшых парушэньнях паветранай прасторы і ўварваньнях дронаў».

Ліст накіраваны прэзыдэнтцы Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен, яго падпісалі тры эўракамісары ад краін Балтыі: Кая Калас, Андрус Кубілюс і Валдыс Домбраўскіс, а таксама камісары ад Польшчы і Фінляндыі.

Ліст ад 30 ліпеня быў адным з чарады трывожных званкоў, а пікам стаў нечаканы візыт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву 25 жніўня. Рэткліф прыляцеў у Маскву, каб заклікаць Крэмль не дапускаць эскаляцыі канфліктаў з саюзьнікамі ЗША, асабліва з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой — крыніцы, якія атрымалі інфармацыю пра візыт, пацьвердзілі гэта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 26 жніўня.

Газэта The Wall Street Journal 6 жніўня цытавала зьвесткі амэрыканскай выведкі аб тым, што Расея можа праверыць рашучасьць NATO абмежаваным уварваньнем ужо гэтай восеньню. Балтыйскія дыпляматы, якія пагаварылі з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, пацьвердзілі, што летам былі атрыманыя дадатковыя зьвесткі выведкі аб расейскіх апэрацыях пад фальшывым сьцягам, але не было ніякіх прыкметаў рыхтаваньня немінучай канвэнцыйнай атакі.

Дыпляматы таксама асабліва падкрэсьлівалі, што такія апэрацыі могуць не абмяжоўвацца краінамі Балтыі, і гэтую ўстурбаванасьць узмацняюць нядаўнія выпадкі меркаванага або падазраванага ўдзелу Расеі ў замахах, пажарах і ўварваньнях дронаў у некалькіх краінах NATO, у тым ліку ў Нямеччыне, Польшчы і Славаччыне.

Наколькі гатовыя краіны Балтыі?

На першы погляд, тры балтыйскія дзяржавы — Латвія, Літва і Эстонія — ідэальна разьмешчаныя для супрацьдзеяньня ўсякаму тыпу расейскай атакі. Яны даўно папярэджвалі аб зламыснай дзейнасьці Расеі і прадбачылі яе розныя формы.

Усе тры дзяржавы ўжо дасягнулі або неўзабаве дасягнуць мэты NATO — да 2035 году выдаткоўваць 5% валавога ўнутранага прадукту на абарону. У дадатак ЭЗ паабяцаў і пачаў накіроўваць каля 14 мільярдаў даляраў крэдытаў на інвэстыцыі ў абарону і бясьпеку ў рэгіёне. Акрамя традыцыйнай падрыхтоўкі ў галіне абароны, яны таксама знаходзяцца на пярэднім краі перадавых тэхналёгіяў — у прыватнасьці, Эстонія.

Але, калі прыгледзецца, выяўляюцца праблемы.

Перамовы аб наступным сямігадовым бюджэце ЭЗ пачаліся з прапановы Эўрапейскай камісіі вылучыць 145 мільярдаў даляраў на інвэстыцыі ў бясьпеку і абарону. Але некалькі чыстых донараў, у тым ліку найбуйнейшы — Нямеччына, далі зразумець, што хочуць скараціць бюджэт ЭЗ у будучыні.

Многія службоўцы ЭЗ баяцца, што абарона, хутчэй за ўсё, можа стаць адной з галін, дзе будуць скарачацца сродкі, і гэты страх відавочны ў лісьце, які стаў нам вядомым.

Якія прапановы ў лісце

Некаторыя зь яго прапановаў сымбалічныя, напрыклад, «тэрміновае» наведваньне ўсёй Эўрапейскай камісіяй адной з прыфрантавых краін гэтай восеньню, «паколькі мы ўсе бачым эскаляцыю пагрозаў краінам Балтыі».

Аднак галоўным патрабаваньнем зьяўляецца далейшае фінансаваньне, прычым у лісьце гучыць заклік вылучыць каля 115 мільярдаў даляраў на ўмацаваньне бізнэсу і інвэстыцыяў у прыфрантавых дзяржавах. У лісьце падкрэсьліваецца рост актыўнасьці дронаў і іншага з боку Расеі і гаворыцца, што «гэтыя інцыдэнты ўжо нэгатыўна ўплываюць на бізнэс-асяродзьдзе і давер грамадзкасьці да бясьпекі ў рэгіёне. Каб перадухіліць далейшае пагаршэньне сытуацыі і ўзмацніць стрымліваньне, патрэбныя бачныя і своечасовыя дзеяньні».

Сярод названых дзеяньняў — «здольнасьць хутка рэагаваць на перабоі ў энергазабесьпячэньні і ў дачыненьні да крытычна важнай электрычнай і газавай інфраструктуры, стварэньне рэгіянальных запасаў тавараў першай патрэбы і сродкаў цывільнай абароны, сховішчаў і эвакуацыйнай інфраструктуры, а таксама гатоўнасьць рэагаваць на гібрыдныя, кібэр-, дывэрсійныя, электронныя і інфармацыйныя пагрозы».

Чаго бракуе

У тэксьце — і ў большасьці апошніх паведамленьняў ЭЗ — кідаецца ў вочы брак «дронавай сьцяны» — прапанаванага і шырока абмяркоўванага летась праекту, фінансаваньне якога разглядаў блёк. Ідэя палягала ў тым, каб абсталяваць увесь усходні флянг ЭЗ сэнсарамі і патэнцыялам для выяўленьня і зьбіцьця недружалюбных дронаў.

У гэтым пляне мала што адбылося. Адзін балтыйскі службовец у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода сказаў:

«Прасьцей гаварыць пра дронавую сьцяну, чым яе будаваць. Але, будзьма шчырымі, ніхто такой сьцяны пакуль ня мае, нават украінцы».

Няясна, хто павінен плаціць за такую дарагую сыстэму; ключавыя кампанэнты, у тым ліку сэнсары, радары і эфэктыўная сыстэма кіраваньня і кантролю яшчэ ня цалкам распрацаваныя, дагэтуль ідуць спрэчкі, ці павінна ўсё гэта быць цалкам аўтаматызавана, ці кантралявацца людзьмі.

Праект Rail Baltica адклалі да 2030 году

Акрамя таго, ёсьць Rail Baltica, яшчэ адзін праект, які фінансуе ЭЗ, але ён не ідзе паводле пляну. Праект запушчаны ў 2015 годзе. Чыгунка мае злучыць краіны Балтыі, чыгуначныя сеткі якіх дагэтуль у значнай ступені выкарыстоўваюць савецкую каляіну, з Польшчай і рэштай ЭЗ.

Пачатковая мэта — адкрыць лінію сёлета — даўно адкінутая, а перагледжаны тэрмін — 2030 год — таксама пад сумневам праз рэзкі рост выдаткаў, недасканаласьць плянаваньня, пастаянныя зьмены тэхнічных разьвязаньняў і сваркі ўнутры краін і паміж імі.

Чыгуначная лінія надзвычай важная, бо яна мае станавіць сабой ключавы стратэгічны калідор вайсковай мабільнасьці, які максымальна павялічыць колькасьць войскаў і ўзбраеньняў NATO, патрэбных для абароны рэгіёну. Большасьць вайсковых аналітыкаў уважае, што Масква будзе атакаваць Сувальскі калідор, калі нападзе на NATO.

Тымчасам — і ў значнай ступені для кампэнсацыі гэтай уразьлівасьці — Літва сёлета прыняла закон аб будаўніцтве вайсковага палігону ў Сувальскім калідоры, падрыхтоўчыя працы ўжо пачаліся каля вёскі Капчамесьціс (Капцёва), дзе змогуць праходзіць падрыхтоўку да 4000 літоўскіх вайскоўцаў і хаўрусьнікаў зь іншых краін.

Гэта было б дапаўненьнем да патэнцыялу 45-й панцырнай брыгады Нямеччыны, якая разгортваецца ў Літве крыху далей на поўнач, і шматнацыянальнай баявой групу NATO пад кіраўніцтвам ЗША, дысьлякаванай на поўдзень ад гэтага пярэсмыку, у Польшчы.

Латвійскую, літоўскую і польскую межы зь Беларусьсю таксама ўмацоўваюць платамі і равамі, каб стрымаць патэнцыйнае ваеннае ўварваньне.

Тым ня менш некаторыя сумняваюцца, ці будзе гэтага дастаткова, у тым ліку былы вайскавод Ўзброеных сілаў Літвы Валдас Туткус.

«Мы купляем тысячу грузавікоў. Мы будуем абарончую лінію, хоць мы добра ведаем, што сучасную вайну ня будуць весьці танкамі», — сказаў ён выданьню «Настоящее время».

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG