Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт ацаніў, што прымусіла Такаева публічна сказаць Пуціну аб неабходнасьці спыніць вайну з Украінай

Касым-Жамарт Такаеў і Ўладзімір Пуцін, Омск, 2026
Касым-Жамарт Такаеў і Ўладзімір Пуцін, Омск, 2026

«Думаю, што Такаеў узгадніў сказанае з самім Пуціным. Хутчэй за ўсё ён зрабіў гэта па просьбе Сі Цзіньпіна», — заявіў палітоляг Руслан Айсін у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

25 ліпеня на XXII Форуме міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Казахстану і Расеі, які праходзіў у Омску, падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў наўпрост прапанаваў яму спыніць вайну ва Ўкраіне.

«Усё гэта трэба спыняць. Паколькі тое, што адбываецца, на мой перакананы погляд, гэта на руку і ў радасьць супернікам. І Расеі, і ўкраінскай дзяржавы», — заявіў казахстанскі лідэр і зазначыў, што «прырода гэтага канфлікту не зусім зразумелая для многіх, у тым ліку для нас».

«Можа, канфлікт ужо варта замарозіць і вярнуцца да Стамбульскіх дамоўленасьцяў 2.0», — сказаў прэзыдэнт Казахстану.

Улады Казахстану чатыры гады вайны з Украінай займалі падкрэсьлена нэўтральную пазыцыю ў канфлікце, але пры гэтым Расея актыўна выкарыстоўвала Казахстан для абыходу санкцый і закупляла праз кампаніі-пракладкі ў Казахстане ваенныя тэхналёгіі.


Сустрэча Пуціна і Такаева на форуме ў Омску 25 ліпеня 2026
Сустрэча Пуціна і Такаева на форуме ў Омску 25 ліпеня 2026

Што прымусіла Такаева адкрытым тэкстам гаварыць на сустрэчы з Пуціным аб неабходнасьці завяршэньня канфлікту з Украінай, прычым рабіць гэта пад камэры, а не ў закрытым рэжыме?

Украінскі палітоляг Руслан Айсін у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» заявіў, што словы казахстанскага палітыка — не яго асабістая думка, а пасланьне Пуціну ад кіраўніцтва Кітая, ад якога Расея ўсё больш залежыць пасьля пачатку вайны з Украінай і разрыву адносін з Захадам.

«Думаю, што ўсё ж Такаеў узгадніў сказанае з самім Пуціным. Хутчэй за ўсё ён зрабіў гэта па просьбе Сі Цзіньпіна. Бо Такаеў дыплямат вельмі дасьведчаны, бясспрэчна тонкі, і проста так на ражон лезьці ня будзе. Таму, хутчэй за ўсё, гэта было ўзгоднена. Відаць, што Пуціну гэта было чуць непрыемна: на відэа ён апусьціў вочы ў падлогу. Але і Такаеў, а да гэтага яшчэ і Лукашэнка (ён прылятаў да Пуціна на Валдай у канцы чэрвеня, а адразу пасьля гэтага паляцеў з візытам у Кітай) недвухсэнсоўна далі яму зразумець: „Дарагі сябар, справы ў цябе ідуць ня вельмі добра, і трэба нешта рабіць“», — сказаў Руслан Айсін.

Палітоляг мяркуе, што гэтак Пуцін спрабуе «выйсьці на нейкі мірны трэк» і пры гэтым зрабіць выгляд, што да гэтага яго прымушае не Вашынгтон і ня ўдары УСУ па інфраструктуры ў Расеі.

«Ён паказвае: вось нашыя блізкія сябры, партнэры папрасілі мяне, і я дабрадушна вырашыў пайсьці ім насустрач. Гэта такі наратыў „наш адказ Чэмбэрлену“, ён паказвае, што нібыта ёсьць украінска-вашынгтонскі новы пакт, новая прапанова. Такая сустрэчная хваля».

Пры гэтым Руслан Айсін ня лічыць, што Пуцін хоча заключыць мір. На думку ўкраінскага палітоляга кіраўнік Расеі хоча прадэманстраваць, што ў Расеі ёсьць свой мірны наратыў, які ён акрэсьлівае словамі «нас просяць заключыць мір».

«І вось у гэтай дыпляматычнай мітусьні, у бясконцых абмеркаваньнях, я думаю, што Крэмль хоча дацягнуць тры месяцы да прамежкавых выбараў у Злучаных Штатах у лістападзе. А тады, на думку крамлёўскіх, Злучаныя Штаты будуць пагружаныя ў свае ўнутрыпалітычныя баталіі, і ім будзе не да Ўкраіны. Яны так думаюць, ведаючы, увогуле, псыхалёгію Трампа, які запальваецца (нейкай ідэяй), а потым хутка згасае, у яго губляецца да яе цікавасьць. Таму, думаю, да Новага году яны паспрабуюць гуляць у дыпляматычны пінг-понг», — мяркуе Руслан Айсін.

Палітоляг згадаў фразу Такаева аб тым, што вайна Расеі супраць Украіны — гэта ніякая не «грамадзянская» вайна, а «міждзяржаўны канфлікт», пра што раней казаў і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, які некалькі разоў заяўляў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

«Першапачаткова калі вайна пачыналася, скажам шчыра, Казахстан меў у эканамічным сэнсе пэўны профіт. Але зараз, калі ёсьць другасныя санкцыі, калі наносяцца ўдары непасрэдна па яго інфраструктуры... усё ж Казахстан, Азэрбайджан зьвязаны з расейскай энэргетычнай сеткай, у тым ліку і таму церпяць. Ну і плюс да ўсяго ёсьць небясьпека таго, што Пуцін пераключыцца з Украіны на нейкі іншы напрамак. Ён неаднаразова заяўляў, што ў Казахстана не было сваёй дзяржаўнасьці, што Казахстану дзяржаўнасьць „падарылі“ і іншае. З Азэрбайджанам тое самае: мы памятаем, як Пуцін пагражаў Азэрбайджану, пагражаў Турэччыне, якая стаіць за Азэрбайджанам. Усё роўна нейкая напруга прысутнічае», — адзначыў у размове з «Настоящим Временем» палітоляг Руслан Айсін.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG