18 ліпеня Першы асобны цэнтар войскаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны заявіў пра ўдар па буйным складзе Wildberries у Электрасталі Маскоўскай вобласьці. Неўзабаве фота і відэа зь месца падзей пацьвердзілі сур’ёзнсьць удару — густы чорны дым са складу было відаць за дзясяткі кілямэтраў ад зоны паражэньня.
Навіна не магла прайсьці незаўважанай у беларускім грамадзтве, незалежна ад таго, жывуць беларусы ў эміграцыі ці застаюцца на радзіме — расейская кампанія на тле заходніх санкцый шчыльна ўвайшла на беларускі рынак.
Як украінскія абстрэлы Wildberries паўплываюць на дзейнасьць расейскай кампаніі ў Беларусі, што гэта агулам можа значаць для Рэспублікі Беларусь? Гэтыя пытаньні Свабода адрасавала эканамічнаму аглядальніку Андрэю Махоўскаму.
— Wildberries — вельмі важная гандлёвая пляцоўка для Беларусі. Разам з Ozon яны кантралююць у Беларусі амаль 50% рынку электроннага гандлю, прычым доля Wildberries большая. За мінулы год праз гэтую пляцоўку прадавалася беларускіх тавараў ад беларускіх прадаўцоў на 4 мільярды беларускіх рублёў. У 2024 годзе гэта было 2, можа 2,5 мільярда, то бок рост адбыўся больш чым на 50%.
Паводле апытаньняў, амаль 85% беларусаў хоць аднойчы карысталіся паслугамі Wildberries. Вось настолькі гэта важная пляцоўка.
Летась беларускае міністэрства гандлю ўключыла Wildberries у сьпіс манапалістаў, менавіта таму, што яны займаюць вельмі вялікую долю на беларускім рынку. І гэта даволі сумна, што расейскія кампаніі выціскаюць беларускія, напрыклад, беларускі «Куфар».
Акрамя таго, гэта паказвае ўсю небясьпеку таго, калі вы робіце стаўку на бізнэс чужой краіны, і пры тым бізнэс краіны, што вядзе вайну. І пра небясьпеку лягістычнага цэнтру, які пад Менскам месьціцца. Гэты цэнтар у траўні ўжо пачаў тэставую працу.
— Ці вялікая пагроза, што пасьля буйнога цэнтру Wildberries у расейскай Электрасталі адбудзецца ўдар украінскіх бесьпілётнікаў і па беларускім складзе?
— Я мяркую, што няма вялікай пагрозы таго, што Ўкраіна зараз пачне біць па тым лягістычным цэнтры ў Беларусі.
— Украіна абазначыла, а Робэрт «Мадзяр» Броўдзі казаў, што на тэрыторыі Беларусі ёсьць 500 цэляў…
— Ну, па-першае, я мяркую, што Wildberries ён ня ставіць у прыярытэтныя цэлі. І калі Ўкраіна да гэтага часу ня біла па тэрыторыі Беларусі, дык малыя шанцы, што яна пачне біць менавіта па лягістычных цэнтрах Wildberries. Калі ўжо пачне біць, то, пэўна, будзе шукаць нейкіх іншых цэляў.
Што папярэднічала
Удар па лягістычным цэнтры на першую пару сустрэў неразуменьне нават у асяродку некаторых прыхільнікаў Украіны. Але прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі неўзабаве пасьля пасьпяховага ўдару расказаў, чаму ўкраінцы білі па складзе памерамі ў 188 кв. км.
«Яны былі задзейнічаныя агрэсарам для забесьпячэньня паставак падсанкцыйных складнікаў для вытворчасьці дронаў і навігацыйнага абсталяваньня», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Украінскія вайскоўцы за апошнія месяцы інтэнсіўнымі абстрэламі расейскіх НПЗ і іншых аб’ектаў істотна зьнізілі магчымасьці расейскіх акупацыйных сілаў бесьперабойна атрымліваць паліва і іншае забесьпячэньне.
Форум