Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве — дзень жалобы па загінулых ад расейскага ўдару. Украіна абнавіла пералік сваіх цэляў у Расеі

Наступствы аднаго з ранейшых расейскіх абстрэлаў Чарнігава. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы аднаго з ранейшых расейскіх абстрэлаў Чарнігава. Ілюстрацыйнае фота

Улады Чарнігава абвясьцілі 27 ліпеня днём жалобы — напярэдадні расейскія войскі атакавалі супэрмаркет у абласным цэнтры Ўкраіны: два чалавекі загінулі, больш за 20 чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу, у тым ліку двое дзяцей.

Увечары 26 ліпеня расейскія войскі атакавалі тры лякацыі ў Чарнігаве — вялікую краму, станцыю тэхнічнага абслугоўваньня і склады.

У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паведамілі, што расейскія войскі ўдарылі па краме рэактыўным дронам зь відэакамэрай, што сьведчыць аб наўмысным пацэльваньні ў цывільны аб’ект.

Паводле паліцыі, загінула 23-гадовая жанчына і 10-гадовая дзяўчынка. Сярод 20 параненых — 10-гадовы хлопчык.

«Абсалютна цынічны ўдар дронам па звычайным супэрмаркеце ў Чарнігаве. Ударылі проста па людзях безь якога-небудзь вайсковага сэнсу», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Каля Адэсы патануў замежны карабель, які абстралялі расейскія войскі

У акваторыі Чорнага мора паблізу ўзьбярэжжа Адэсы патануў замежны гандлёвы карабель, які расейскія войскі абстралялі 19 ліпеня пасьля таго, як ён выйшаў у мора пасьля загрузкі сельскагаспадарчай прадукцыяй.

Паводле абласных уладаў, дзевяць працаўнікоў экіпажу загінулі, яшчэ васьмёх змаглі эвакуаваць.

Украіна павялічыла далёкасьць сваіх удараў па Расеі

Увечары 26 ліпеня Ўладзімір Зяленскі правёў нараду аб удакладненьні цэляў украінскіх войскаў на тэрыторыі Расеі.

«Дыстанцыі для паражэньняў ужо большыя за тры тысячы кілямэтраў, і працягваецца нарошчваньне нашых магчымасьцяў дзейнічаць на большых дыстанцыях. Наяўнасьць стратэгічнай глыбіні тылу, якая доўгі час была расейскай перавагай, цяпер становіцца для палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Расеі асаблівай праблемай, бо мажарытарную частку расейскай СПА сабралі вакол Масквы, дзяржаўных рэзыдэнцыяў, Крымскага мосту і Пецярбургу», — сказаў кіраўнік Украіны.

Паводле яго, за апошні год украінскія войскі выканалі больш за тысячу агнявых заданьняў, у выніку якіх пашкоджаныя нафтавыя аб’екты, крытычныя вайсковыя вытворчасьці, сыстэмна важныя аб’екты расейскай лягістыкі.

«Сёньня мы ўзгаднілі працяг нашых апэрацыяўч і абнавілі пералік прыярытэтных цэляў — згодна з рэальным уплывам на Расею і яе здольнасьць працягваць і зацягваць гэтую вайну. Галоўная мэта — каб наш далёкабойны ціск яшчэ больш падштурхоўваў Расею да дыпляматыі праз ускладненьне вытворчасьці кампанэнтаў для зброі, нафтавыя і іншыя эканамічныя страты і вяртаньня гэтай вайны ў «родную гавань», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што ўкраінскі бок перадаў «усе неабходныя прапановы палітычнаму кіраўніцтву Расеі, каб завяршыць вайну годным мірам».

У Расеі новыя пажары праз украінскія ўдары

Адразу некалькі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў паведамілі аб лучаньні ў ноч на 27 ліпеня ў будынак Фэдэральнай службы бясьпекі ў Белгарадзе. Мясцовыя ўлады пакуль не камэнтавалі наступствы гэтага ўдару.

Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсар заявіў, што ў Растове ў выніку ўкраінскай атакі загінулі два чалавекі і пяць атрымалі раненьні, у тым ліку падлетак.

Паводле яго, у трох раёнах Растова зафіксавалі пашкоджаньні — на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства, складах і некалькіх прыватных будынкаў. Пажар распаўсюдзіўся на 400 квадратных мэтраў. Губэрнатар таксама сказаў аб удары па Таганрогу, але не ўдакладніў яго наступствы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG