Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін цісьне, каб Армэнія вызначылася з замежнапалітычнымі прыярытэтамі

Прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на перамовах у Бішкеку 1 верасьня 2026 году
Прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на перамовах у Бішкеку 1 верасьня 2026 году

Пашыньян і Пуцін сустрэліся ў Бішкеку падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і абмеркавалі ў тым ліку сяброўства Армэніі ў Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС).

Перамовы прэм’ера Армэніі Нікола Пашыньяна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна прайшлі 1 верасьня ў Бішкеку на палях саміту ШАС. На сустрэчы абмяркоўвалі ў тым ліку магчымае сяброўства Армэніі ў Эўразьвязе і пэрспэктывы выхаду краіны з Эўразійскага эканамічнага саюзу, піша «Настоящее время».

Пуцін, сярод іншага, сказаў Пашыньяну, што Ерэван мае як мага хутчэй вызначыцца наконт уступленьня ў Эўразьвяз, каб Масква магла зразумець, «як разьвіваць адносіны далей». Ён таксама казаў пра эканамічныя перавагі ад супрацы з Расеяй і іншымі краінамі ЭАЭС, у які ўваходзіць і Беларусь.

Уладзімір Пуцін зноў заклікаў армянскія ўлады правесьці рэфэрэндум аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз.

У адказ Пашыньян сказаў, што Ерэван спэцыяльна прыняў закон аб курсе краіны на эўраінтэграцыю, каб не праводзіць рэфэрэндум, бо «гэтае пытаньне яшчэ не сасьпела», піша армянская служба Радыё Свабода. Паводле палітыка, размовы аб тэрмінах рэфэрэндуму «цалкам недапушчальныя».

Нікол Пашыньян таксама сказаў, што ў рэглямэнце Эўразійскага эканамічнага саюзу не апісаны мэханізм выключэньня якой-небудзь дзяржавы, а калі яна хоча выйсьці з аб’яднаньня, то павінна паведаміць пра гэта як мінімум за паўгода.

«Мы не давалі такога паведамленьня ў ЭАЭС. Сытуацыю трэба разглядаць з гэтага адпраўнога пункту. Для нас важна, каб у нашай краіны былі альтэрнатывы. Гэта наша законнае права. Але гэта ня значыць, што мы незадаволеныя ЭАЭС, хоць там і ёсьць праблемы», — сказаў Пашыньян.

Ён дадаў, што, прыняўшы закон аб курсе на сяброўства ў Эўразьвязе, Армэнія не парушыла ніякіх абавязаньняў у рамках ЭАЭС.

У канцы жніўня Нікол Пашыньян заявіў, што Армэнія неўзабаве падасьць афіцыйную заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз. Зь ягоных словаў, пасьля яе падачы ў краіне можна будзе правесьці адпаведны рэфэрэндум.

Расея ўвяла абмежаваньні на малочныя прадукты, агародніну, садавіну, кветкі, алькаголь, ваду і рыбную прадукцыю з Армэніі.

Пазыцыя Лукашэнкі

28 траўня 2026 году Нікол Пашыньян другі раз запар не прыехаў на саміт Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, які праходзіў у Казахстане. На саміце нават прынялі заяву з нагоды плянаў Армэніі выйсьці з ЭАЭС.

Аляксанадр Лукашэнка, сярод іншага, казаў пра Армэнію:

«Ну, каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому яны не патрэбныя. Няхай разьвіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што яны маюць».

29 траўня 2026 году Аляксандар Лукашэнка ўвязаў курс Армэніі на збліжэньне з Эўрапейскім Зьвязам зь небясьпекаю новай вайны.

«Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, каб, барані божа, не паўтарыць тое, што адбылося ва Ўкраіне... Ва Ўкраіне ўсё акурат гэтак пачыналася. Вы гэта памятаеце. Каб яны, армяне, якія толькі што выйшлі з адной вайны, ня трапілі ў цяжкую сытуацыю ў сувязі з гэтым. Ня трэба сьпяшацца. Трэба проста падумаць, трэба быць мудрымі людзьмі. Перш чым рабіць такі крок, армянскаму народу вельмі сур’ёзна трэба падумаць. Вось адзінае, да чаго я іх заклікаю. Выкажа народ сваю думку — мы зь ім пагодзімся», — заявіў тады Лукашэнка, далучыўшыся да заклікаў Пуціна правесьці ў Армэніі рэфэрэндум.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG