Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве распавялі, ці пагражае ім голад пасьля расейскіх нападаў на прадуктовыя склады

Практычна пустыя прылаўкі ў супэрмаркеце Кіева, 31 жніўня 2026
Практычна пустыя прылаўкі ў супэрмаркеце Кіева, 31 жніўня 2026

У верасьні расейская армія пачала мэтанакіравана зьнішчаць харчовую інфраструктуру Кіева.

Пад расейскія ўдары неаднаразова траплялі склады з прадуктамі харчаваньня ўсіх супэрмаркетаў Кіева, вытворцы марожанага, амэрыканскія заводы Pepsi у Мікалаеўскай вобласьці і Coca-Cola пад Кіевам.

Пасьля ўдараў ва ўкраінскіх супэрмаркетах на некалькі дзён апусьцелі паліцы з некаторымі прадуктамі. Аднак маштабнага дэфіцыту не было, а прадуктовыя сеткі абяцалі хутка пераналадзіць лягістыку. Карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» спытаў у жыхароў Кіева, ці робяць яны запасы прадуктаў на фоне расейскіх удараў па прадуктовых складах, лягістычных цэнтрах, вытворцам прадуктаў харчаваньня і супэрмаркетам.

— Раблю. На месяц! Бо ня ведаю, што будзе заўтра з нашым урадам, з нашай сытуацыяй у краіне. У нас у Барадзянцы (горад пад Кіевам) паліцы пустыя, таму робім запас, як можам.

— Не, я запас прадуктаў не раблю. Я думаю, што ўсё будзе добра. Прыблізна раз у тыдзень еду ў супэрмаркет, гэта значыць па звычайнай схеме — купляю прадукты на тыдзень. Больш ніякіх дадатковых дзеяньняў сапраўды не раблю.

Супэрмаркет у Чарнігаве пасьля расейскай атакі. Ліпень 2026
Супэрмаркет у Чарнігаве пасьля расейскай атакі. Ліпень 2026

Украінскі блогер Дзяніс Казанскі параўнаў цяперашнія дзеяньні Расеі з Галадаморам ва Ўкраіне ў 30-х гадах XX стагодзьдзя, які штучна стваралі савецкія ўлады:

«Гляджу на пустыя паліцы ў супэрмаркетах, і адразу ж узьнікаюць зразумелыя асацыяцыі. Усё гэта ўжо было ў 1930-х. Забойства голадам, генацыд... Яны доўга даводзілі, што не было ніякага Галадамору, што ўсё гэта няпраўда. А цяпер спальваюць ежу на складах», — напісаў ён.

Да гэтага допісу Дзяніса Казанскага падпісчыкі пакінулі камэнтары, што ніякага дэфіцыту прадуктаў ва Ўкраіне няма. Аднак украінскія ўлады ўсё роўна раяць жыхарам рабіць запасы.

Начальнік Галоўнага ўпраўленьня Дзяржаўнай прадуктовай і спажывецкай службы ў Кіеве Анатоль Кацерынчук рэкамэндуе мець запас пітной вады, прадуктаў працяглага захоўваньня і неабходных мэдыкамэнтаў на 7-10 дзён.

Гараць склады ў Кіеве пасьля расейскай паветранай атакі. 5 жніўня 2026
Гараць склады ў Кіеве пасьля расейскай паветранай атакі. 5 жніўня 2026

Падобную заяву зрабіў і міністар аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны Тарас Высоцкі ў эфіры ўкраінскага тэлемаратона:

«Трэба разумець, якія ёсьць магчымасьці захоўваньня для кожнай сям’і. Зразумела, што некалькі мяшкоў цукру могуць сапсавацца, ці там могуць завесьціся шкоднікі. Гэтак жа і па муцэ. Таму неабходна падыходзіць узважана, — заявіў ён.

Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што Пуцін па-ранейшаму мае намер правесьці маштабны зімовы наступ расейскай арміі і ўзмацніць атакі, каб Украіна стала «больш схільнай да кампрамісаў».

Улады Кіева на фоне гэтых заяў паведамілі, што рыхтуюць запасы прадуктаў і вады на выпадак надзвычайных сытуацый, напрыклад, працяглых адключэньняў электраэнэргіі.

Яны закупілі ўжо 20 тысяч харчовых набораў, каб пры неабходнасьці раздаваць іх у «Пунктах нязломнасьці», а таксама плянуюць пры неабходнасьці арганізаваць палявыя кухні з гарачымі абедамі.

Что делать Киеву в условиях постепенного исчезновения продуктов на прилавках магазинов?  киев дефицит продуктов
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:15 0:00

Экс-дарадца прэзыдэнта Украіны па эканоміцы Алег Усьценка лічыць, што новая тактыка расейскай арміі — «парушыць усе лягістычныя ланцужкі, якія ёсьць ва Ўкраіне, не даць магчымасьці насельніцтву адносна нармальна перажыць гэтую зіму».

Пры гэтым Усьценка лічыць, голад ва Ўкраіне не наступіць:

«Які можа быць голад у краіне, якая корміць сваім збожжам увесь сьвет? Украіна — гэта велізарны пастаўшчык збожжавых на сусьветны рынак, у нас у нас добры ўраджай у гэтым годзе — 70 млн. тон збожжа, унутранае спажываньне збожжа — ад 15 да 18 млн тон збожжа. Гэта значыць, на міжнародны рынак гатова адправіцца больш за 50 млн тон збожжа. Тады скажыце, які можа быць голад у краіне, якая корміць сваім зернем увесь сьвет?

Расея будзе працягваць наносіць удары па ўкраінскіх харчовых складах, і трэба рыхтавацца да таго, што сытуацыя з супэрмаркетамі, з крамамі будзе працягваць пагаршацца. Але калі вяртацца да тэмы голаду, то я не бачу рызыкі для таго, каб ва Ўкраіне раптам пачаўся голад».

Усьценка пры гэьым прапануе перамяшчаць склады, наколькі гэта магчыма, у бясьпечнае месца, рабіць маленькія лягістычныя запасы, дзе гэта магчыма.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны.
  • Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG