Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: рэальнае беспрацоўе ў Беларусі — 5,1%


Кірмаш вакансіяў у Менску, архіўнае фота

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў зьвесткі аб рэальным узроўні беспрацоўя ў Беларусі паводле мэтодыкі Міжнароднай арганізацыі працы па выніках выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак.

Узровень занятасьці насельніцтва — суадносіны занятых да колькасьці насельніцтва ва ўзросьце 15–74 гады — на І квартал 2018 году склаў 67,2%.

Узровень беспрацоўя склаў 5,1% ад працоўнай сілы. Колькі цяпер у Беларусі працоўнай сілы, дакладна невядома, але ў 2017 годзе, паводле Белстату, было 4,386 млн чалавек (паказьнік пастаянна зьніжаецца з 2010 году, за апошнія пяць гадоў краіна страціла 300 тысяч працоўных) — гэта значыць, у Беларусі каля 228 тысяч беспрацоўных, згодна са зьвесткамі Белстату.

Сярод мужчын беспрацоўе ўдвая вышэйшае, чым сярод жанчын: 6,8% працоўнай сілы супраць 3,3%. У гарадах гэты паказьнік вышэйшы за сельскую мясцовасьць: 5,2% супраць 4,4%.

Найбольш беспрацоўных сярод маладых: 21,1% сярод працоўнай сілы ва ўзросьце да 19 гадоў, 12,3% ва ўзросьце 20–24 гады. Таксама гэты паказьнік высокі сярод тых, у каго толькі базавая адукацыя: 11% (і толькі 2,1% сярод тых, у каго вышэйшая адукацыя).

Лічбы пра рэальнае беспрацоўе публікуюцца дзяржавай вельмі рэдка: сёлета толькі пяты раз у гісторыі Беларусіі. Мінулы раз, у лютым 2017 году, былі названыя іншыя лічбы: 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, то бо каля 260 тысяч рэальных беспрацоўных.

Пры гэтым «афіцыйнае беспрацоўе» — доля тых, хто зьвярнуўся па дапамогу ў органы занятасьці — называецца значна часьцей. Паводле апошніх на сёньня зьвестак, на 2017 год такіх «афіцыйна беспрацоўных» было толькі 53 864 чалавекі. Савет Міністраў у сакавіку пастанавіў, што гэты паказьнік (але не рэальнае беспрацоўе) павінен быць не вышэйшым за 1%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG