Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыстыя страты беларускіх прамысловых прадпрыемстваў за год павялічыліся утрая


Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць стратных арганізацый прамысловасьці ў студзені-лютым 2018 году ў параўнаньні з студзенем-лютым 2017-га павялічылася з 397 да 423, або на 6,5%, а іх удзельная вага — з 25,1 да 26, 7%, паведамляе БелаПАН.

Пры гэтым сума чыстай страты ўсіх стратных прамысловых прадпрыемстваў за год вырасла ў тры разы да 483,1 млн рублёў, на адну стратную арганізацыю — у 2,9 раза да 1 млн 142 тысяч рублёў.

Чысты прыбытак усіх прамысловых арганізацый склаў 497,1 млн рублёў, што на 46% менш, чым у студзені-лютым 2017 году, прыбытак да падаткаабкладаньня — 688,5 млн (на 38,5% менш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 22,1% да 1 млрд 429,5 млн руб.

Рэнтабэльнасьць продажаў за два месяцы бягучага года склала 8% супраць 7,9% за студзень-люты 2017-га, рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі — 10% супраць 9,9%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг прамысловых арганізацый краіны ў бягучых цэнах склала 17 млрд 882,9 млн рублёў, або на 20,6% больш, чым у студзені-лютым 2017 году.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за студзень павялічыўся на 21% да 14 млрд 283,4 млн руб.

На думку кіраўніка Навукова-дасьледчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, хранічна стратныя прадпрыемствы ня маюць права на існаваньне.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Трэба прызнаць факт, стварыць камісію, якая магла б частку амярцьвелага капіталу ажывіць і пусьціць у іншыя праекты», — перакананы эканаміст. Аднак, паводле яго слоў, улады кажуць стратным прадпрыемствам, што яны ўдзельнічаюць у той ці іншай дзяржпраграме, не зьмяняюць іх прызначэньня. «Гаворачы мэтафарамі, хочуць паганяць дохлага каня або ажывіць даўно засохлае дрэва», — сказаў Раманчук.

Праблемных прадпрыемстваў, заявіў ён, значна больш, чым афіцыйна стратных. Многія зь іх працуюць з рэнтабэльнасьцю, ніжэйшай за 5%. «Іх ня трэба накіроўваць на давернае кіраваньне, а зрабіць прыватнымі ў надзеі на тое, што інвэстары паспрабуюць іх рэанімаваць і на іх базе стварыць новыя вытворчасьці. Іншага не дадзена», — лічыць Раманчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG