Такі адказ атрымаў знаёмы блогера Аляксандра Лапшына на пытаньне, наколькі бясьпечна грамадзяніну Расеі наведваць Беларусь пасьля выпадку з Лапшыным, якога затрымалі ў Менску і выдалі Азэрбайджану.
Расейскі МЗС тлумачыць: хоць Беларусь і Расея маюць дамову аб стварэньні так званай «Саюзнай дзяржавы», Беларусь можа заключыць пад варту чалавека ў міжнародным вышуку і выдаць яго трэцяй краіне, нават калі гэты чалавек мае расейскае грамадзянства.
Лапшын тым часам падаў у ААН скаргу на затрыманьне яго ў Беларусі. СІЗА на Валадарскага ён раней называў «Гестапа ў цэнтры Эўропы».
Нядаўна пра небясьпеку знаходжаньня сваіх суграмадзянаў у Беларусі казала таксама МЗС Украіны — з нагоды зьнікненьня ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба і яго наступнага «зьяўленьня» ў турме ў расейскім Краснадары. Украінскі бок мяркуе, што Грыба на тэрыторыі Беларусі выкрала расейская ФСБ. У міжнародным вышуку ён знаходзіўся яшчэ ў час уезду на тэрыторыю Беларусі, але беларускія праваахоўнікі яго не затрымалі. Таксама ўкраінцам рэкамэндавалі адмовіцца ад паездак у Расею празь Беларусь.